"Усё трэба мяняць..."

 

Ня шмат дзе практыкуецца чын абмывання ног у Вялікі Чацвер, калі епіскап пры чытанні Евангелля, у якім апісваецца, як Хрыстос, паказваючы апосталам прыклад зміранасці, перад Таемнай Вячэрай абмыў ім ногі, абыходзіць 12 святароў, мые і выцірае ім ногі, а таксама ўступае ў інсцэніраваны дыялог са старэйшым святаром, які "выконвае ролю" апостала Пятра і спачатку не дазваляе памыць сабе ног. Раней сярод апосталаў вылучалася і роля здрадніка Іуды, але з-за таго, што ніхто гэтай ролі выконваць не жадаў, то за яе сталі даплачваць кампенсацыю, аднак, тады, наадварот, усе рэзка захацелі стаць "Іудамі", і ролю давялося адмяніць наогул.

Штогод Мітрапаліт Філарэт здзяйсняе чын абмывання ног пасля Літургіі ў кафедральным саборы пры мностве народа. Трэба адзначыць, што гэты чын выклікае пэўную цікавасць - дзе яшчэ пабачыш мітрапаліта ў такім выглядзе і за такім заняткам! Аднак не адусюль аднолькава добра бачна - трэба шукаць удалае месца, а на мой погляд, самае зручнае месца для назірання - за спінай апостала Пятра: бачна выдатна ўсё ў дэталях.

Дык вось, сёлета адбыўся наступны выпадак. Мітрапаліт па звычаі абышоў усіх святароў, абмыў і выцер ім ногі, крыху паблыталі яны з Пятром рэплікі, ну і вярнуўся на кафедру, каб апрануць усе свае вопраткі. І вось, стаіць Мітрапаліт з паднятымі рукамі, іпадыяканы яго апранаюць, зашпільваюць сакас, архідыякан з салеі гучным голасам чытае "І апрануў рызы свае...", і тут пачынае гаварыць Мітрапаліт - амаль шэптам, але досыць гучна: "Усё трэба мяняць..." І так важка гаворыць гэта, з такой унутранай напругай, што пачынаеш разумець - абмыванне ног можа сапраўды змяніць жыццё таго, хто гэта робіць, а таксама жыццё ўсёй Царквы. За гэтыя секунды ў галаве пранесліся планы рэфармавання - і літургічнае адраджэнне, і місіянерская дзейнасць, і скасаванне клерыкалізму, і пераклады богаслужэння на сучасную мову, і шмат яшчэ чаго, у т.л. асабістага. У гэтых словах "усё трэба мяняць" была заключаная такая сіла і такая надзея! ""Усё трэба мяняць...", - гучыць голас Мітрапаліта, - "усё трэба мяняць... Гузікі адвальваюцца, петлі трэба мяняць..." - працягвае Ён. І разумееш, што ня бачыць табе ні літургічнага адраджэння, ні перакладаў, ні яшчэ шмат чаго...

Калі я думаю пра рэформы ў нашай Царкве - рэформы ўладкавання, рэформы богаслужэння, рэформы ўнутранага і знешняга жыцця, то часта ўспамінаю, што "ўсё трэба мяняць". І мне здаецца, што жыццё заблыталася ў гузіках і петлях, што жыццё паклалі ў шафу, як старое аблачэнне, што жыццё - гэта нават не скіслае ў лядоўні малако, а малако пастэрызаванае - яно доўга захоўваецца, але жыцця ў ім няма, і тварог з яго з цяжкасцю атрымаецца.

Але што такое рэформы? Ці гэта рэканструкцыя ўзораў, якія мы мае з мінулага досведу Царквы? Пошук больш адпаведных для сучаснага хрысціянскага жыцця формаў? І што такое рэфармаванне - ці мы змяняем Царкву, ці яна нас?

Наталька Базылевіч

Рубрыка: