АГЛЯД БЛОГАЎ: paabapal: Відавочнае і ледзьпрыкметнае: "Патрыярх гаварыў непрыемныя для прэзідэнта рэчы"

Дзмітры Шыла, paabapal піша ў сваім блогу пра ўражанні ад візіту Патрыярха Кірыла:

Дзіўна, на візіты мінулага патрыярха, хоць іх і было шэсьць, я не зьвяртаў такой пільнай увагі... Дый чаго было асаблівага -- прыехаў, памаліўся, асьвяціў закладку падмурка пад храм ці нешта накшталт. Не было такіх ліхіх наездаў у палітычнае поле, як зараз... Мо таму архімандрыт Аляксій Шынкевіч так шчыра быў запэўніваў журналістаў, што гэты візіт будзе выключна пастырскім, ране жа ж так і было...

Аднак, як не круці, атрымалася інтрыга ва ўзаемаадносінах патрыярха і прэзідэнта, а гэта ўжо палітыка...

Патрыярх гаварыў непрыемныя для прэзідэнта рэчы. Сказаў, што нічога не ведае пра высілкі нашае ўлады ў экуменічным напрамку. Згадаў пра Курапаты як сымбаль пакутаў беларускага народу. Сказаў, што палітыкі, асабліва тыраны накшталт Івана Жахлівага не могуць быць героямі краіны.

Канечне, улады расстараліся ў падрыхтоўцы сустрэчы ганаровага госьця, нават паклапаціліся, каб забясьпечыць прысутнасьць, і "нічтоже сумняшеся" зьнесьлі помнік ахвярам фашыстаў, абы дагадзіць высокаму госьцю з самой Масквыыыы... Ды гэтыя стараньні зусім не схавалі таго, што прэзідэнт відавочна на нешта пакрыўдзіўся... У Віцебску патрыярху давялося выступаць перад значна меншай ніж было запланавана аўдыторыяй. У Палац Рэспублікі прэзідэнту чамусьці справы перашкодзілі прыйсьці, хаця праз дзень ён спакойна прабавіў час, назіраючы за прыгажунямі. І на рэшце -- прэзідэнт запрасіў да нас пана Пан Гі Муна, ды не абы чаго, а каб "правесьці адмысловыя тэматычныя дэбаты Генэральнай Асамблеі ААН ў справе разьвіцьця міжрэлігійнага дыялёгу, у якіх павінны ўзяць удзел усясьветныя лідэры і прадстаўнікі розных канфэсіяў". Маўляў, калі Вы не ведалі пра мае высілкі, то мо пачуеце пра іх на ўзроўні ААН?!!!

Такі вось стромы дыпламатычны дыялог атрымаўся аднак

Цяпер пра тыя моманты, якія уразілі асабіста мяне.

1. "Вітаньне Сінода БПЦ" -- рыторыка пра "славянская трыадзінства" спачатку захаваная, але асноўны тэкст -- спасылка на спадчыну ВКЛ, здаецца гэта просты пералік папярэдніх візітаў патрыярхаў, але вельмі падобнае на такую кволую яшчэ, але магчымую толькі пры дастатковай ступені самастойнасьці, намінку -- ты не проста "не першы" з патрыярхаў РПЦ, хто сюды прыяжджаў, наогул, традыцыя візітаў яшчэ ад Усходніх Патрыярхаў у нас вядзецца... Дарэчы, нават не згадалі, што візіт патрыярха Іерыміі меў сувязь з усталяваньнем патрыяршаства ў Маскве, хаця маглі б...

2. Падарунак прэзідэнта -- ізноў падкрэсьленая повязь са спадчынай ВКЛ. Кіраўнік дзыржавы дарыць копію таго, што раней зрабіў прадстаўнік аднаго з буйных шляхецкіх родаў ВКЛ. Калі б Слуцкае Евангельле дарыў Мітрапаліт Філарэт -- гучаў бы пэўна зусім іншы кантэкст... А тут атрымалася -- Вы канечне нам пра "неад'емную частку" і "благаславеньне саюзнайдзяржавы", але мы Вам тут крыху нагадаем...

3. Я ужо неяк казаў, што сама ідэя сустрэчы папежа і праваслаўнага патрыярха на нашай зямлі -- ідэя, якая ўпершыню была агучаная вялікім князем літоўскім Ягайлам і праз мітрапаліта Кіпрыяна перададзеная ў Канстанцінопаль у 1397 яшчэ годзе. То бок і на полі "экуменічнага дыялогу" наш прэзідэнт абапіраецца на традыцыю ВКЛ... Праўда, тая ўпартасьць, зь якой ён піхае гэтае пытаньне (калі меркаваць па тым, што словы патрыярха Лукашэнку не зьбянтэжылі і ён зьвярнуўся да іншых аўтарытэтаў)), выклікае непакой -- нагадвае упартасьць Жыгімонта Вазы... ізноў жа, хоць і сумная, але спадчына ВКЛ...

Дзмітрый Шыла