Беларусь: белая пляміна для еўрапейскіх хрысціян

Супраца паміж асобнымі хрысціянскімі цэрквамі, прыходамі і царкоўнымі арганізацыямі з еўрапейскімі партнёрамі пачалася з часоў падзення “жалезнае заслоны”. У Савецкія часы на цэрквы ажыццяўляўся рознага кшталту ціск і еўрапейскія хрысціяне адчувалі патрэбу дапамагаць пост-савецкаму рэгіёну ў справе аднаўлення царкоўнага жыцця, а таксама розных формаў служэння, больш за тое, цэрквы былі выбраныя як агенты па аказанні дапамогі розным сектарам насельніцтва – бедным, інвалідам, “чарнобыльцам”, шматдзетным сем'ям і г.д. - гэта і гуманітарная дапамога, і арганізацыя выездаў беларускіх дзяцей на аздараўленне ў Еўропу, і донарская дапамога для разнастайных сацыяльных праектаў. Аказвалася і непасрэдная дапамога ад сваіх канфесійных цэнтраў – гэтак Каталіцкі Касцёл у Беларусі, напрыклад, атрымліваў дапамогу ад Каталіцкага Касцёлу ў Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў, прычым, дапамогу гэта была ўсебаковая – і кадравая – вялікая колькасць святароў – гэта грамадзяне Польшчы, і адукацыйная, і метадычная, і матэрыяльная. Часта, аднак, такая дапамога ўспрымалася ў негатыўным рэчышчы, як проста сродак апалячвання беларускіх каталікоў.

Апроч польскіх рэлігійных арганізацый, шчыльнае супрацоўніцтва ў хрысціянскіх цэркваў Беларусі ўзнікла з арганізацыямі такіх краінаў, як Нямеччына (што тлумачыцца ў т.л. і пэўным геапалітычным інтарэсам гэтай краіны), Нарвегія і Швецыя – краіны з высокім узоўнем жыцця і вялікім капіталам, які цэрквы атрымліваюць у т.л. ад досыць высокага царкоўнага падатку. Аднак менавіта Нямеччына становіцца краінай, з якой у беларускіх арганізацый – як царкоўных, так і нецаркоўных – завязваюцца найбольш шчыльныя і трывалыя кантакты. Так, у 1994 г. у Мінску быў адкрыты Мінскі Міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB, http://ibb.by), праект стварэння цэнтру фінансаваўся ўрадам зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія, Евангеліцкай царквой Вестфаліі, а таксама многімі прыватнымі асобамі і арганізацыямі. Супрацоўніцтва з цэрквамі стала адным з важных накірункаў дзейнасці – для каардынацыі гэтага супрацоўніцтва, а таксама для заахвочвання міжцаркоўных кантактаў у самой Беларусі, пры ММАЦ ствараецца міжканфесійная працоўная група, куды ўваходзіць Беларуская Праваслаўная Царква, Саюз Евангельскіх хрысціян-баптыстаў і Саюз Лютэранскіх суполак Беларусі. Пэўны час да дыялогу далучаецца і Рыма-Каталіцкая Царква, аднак з шэрагу прычынаў, на дадзены момант яна сваё супрацоўніцтва ў межах дадзенай інстытуцыі прыпыніла. З цягам часу змяніўся і сам цэнтар IBB, калі раней ён быў пляцоўкай дыялогу – у т.л. дыялогу рэжыму з апазіцыяй, а таксама меў шэраг праектаў па навучанні апазіцыйнай моладзі ці актывістаў грамадскага сектару, то цяпер цэнтр займае больш “канструктыўную” пазіцыю (што звязана таксама і з рознымі парадыгмамі нямецкай палітыкі ў Беларусі, у прыватнасці, дыялогу і супрацоўніцтва з рэжымам). Трансфармацыю перацярпла і сама міжканфесійная група, якая стваралася на ўзор Нямецкае Рады Цэркваў і ў прынцыпе, мела на мэце стварэнне падобнай пастаянна дзеючай арганізацыі і грунтоўнага супрацоўніцтва на манер нямецкага ў нашай краіне, аднак цяпер група носіць, на жаль, досыць фармальны характар.

У 1995 г. з ініцыятывы Сусветнай Рады Цэркваў (http://oikumene.org/) ствараецца рэсурсная арганізацыя “Круглы стол па міжцаркоўнай дапамозе”, дзейнасць якога, які і дзейнасць падобных арганізацый у пост-савецкіх краінах, каардынаваў офіс па справах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы СРЦ (http://wcceeo.org/) у Беластоку. У Беларусі заснавальнікамі арганізацыі, якая мусіла ажыццяўляць дапамогу цэрквам і царкоўным арганізацыям у сацыяльным служэнні, выступілі ўсё тыя ж, знаёмыя нам па міжканфесійнай групе IBB, - Беларуская Праваслаўная Царква, Саюз евангельска-лютэранскіх абшчынаў і Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў. У 2005 г. арганізацыя была рэарганізаваная ў міжканфесійную місію “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне” (http://imcss.org/), а ў 2009 г. закончыўся тэрмін рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва ў межах дзейнасці круглых сталоў па міжцаркоўнай дапамозе ва Ўсходняй Еўропе і на Каўказе, у сувязі з чым рэсурсным арганізацыямі даводзіцца шукаць новыя шляхі супольнай дзейнасці. У прыватнасці, місія, карыстаючыся т.зв. “паваротам на Захад” і пацяпленнем стасункаў паміж Беларуссю і Еўропай, спрабуе наладзіць дыялог з еўрапейскімі інстытуцыямі, у прыватнасці ў чэрвені 2009 г. з ініцыятывы ММХСС адбылася сустрэча прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў Беларусі з часовым павераным Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Рэспубліцы Беларусь сп. Ж-Э. Гольцапфелем, у часе якой ішла размова пра магчымасць рэалізацыі праграмаў Прадстаўніцтва праз міжканфесійную місію.

Як ужо адзначалася ў артыкуле, прысвечаным сацыяльнай дзейнасці цэркваў, асноўнымі еўрапейскімі донарамі з'яўляюцца Дыяканічная служба Евангеліцкай Царквы Нямеччыны (www.ekd.de), а таксама Шведская і Нарвежская царкоўныя дапамогі, і такое супрацоўніцтва адбываецца не толькі ў межах рэсурснай арганізацыі, пра што мы ўжо згадвалі ў артыкуле, прысвечаным сацыяльнай дзейнасці – напрыклад, нямецкай бадэльшвінгскай арганізацыі Бетэль, Евангеліцкай Царквы зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія і прыхода іконы Божай Маці “Ўсіх тужлівых Радасць” (http://hramvsr.by) па пабудове майстэрняў для працы людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця; апроч дадзеных арганізацый прыход супрацоўнічае ў сацыяльнай працы таксама з «Partnerschaftsausschuss MINSK» царкоўнай акругі Dortmund-West (Нямеччына), у т.л. па правядзенні курсаў навучання сёстраў міласэрнасці; 14 год прыход супрацоўнічае з арганізацыя “Дапамога для Расеі”, ініцыятывы жыхароў г. Батроп, галоўным чынам у справе гуманітарнай дапамогі; па чарнобыльскай праграме мінская супольнасць супрацоўнічае з арганізацыяй Салідарыш Лебэн (“Жыццё ў салідарнасці”), а таксама з “чарнобыльскімі ініцыятывамі” земляў Гэсэн і Насаў (Нямеччына), якія забяспечваюць дабрачынныя канцэрты прыходскага хору ў Нямеччыне, у тым ліку для збору сродкаў на будаўніцтва сабору. Не ў такім маштабах, але па такой самай схеме адбываецца супрацоўніцтва з асобнымі ініцыятывамі і ў іншых прыходах – не толькі Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і іншых рэлігійных арганізацыяў, спецыфіка толькі ў тым, што праваслаўныя прыходы часцей вымушаныя супрацоўнічаць з неправаслаўнымі еўрапейскімі арганізацыямі, у той час, як іншыя канфесіі цалкам могуць сабе дазволіць арыентавацца на дапамогу сваіх адзінаверцаў.

У Еўропе існуюць асаблівыя канфесійныя і міжканфесійныя арганізацыі, галоўнай мэтай якіх ёсць супрацоўніцтва паміж еўрапейскімі цэрквамі. Сёлета найбуйнейшая экуменічная Еўрапейская арганізацыя – Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў (CEC, http://cec-kek.org/) адзначыла сваё 50-годдзе. У гэтай уплывовай арганізацыі, як і ў Радзе Еўропы, Беларусь не прадстаўленая, разам з шэрагам іншых краінаў, пераважна еўрапейскіх “карлікаў”. Раней Беларусь была прадстаўленая апасродкава – праз Рускую Праваслаўную Царкву, якая з'яўляецца расейскім членам, але часцяком уключала ў склад сваіх дэлегацый прадстаўнікоў БПЦ. Назваць такое прадстаўніцтва справядлівым – не выпадае: у той самы час, Праваслаўныя Цэрквы, якія знаходзяцца на тэрыторыі некалькіх дзяржаваў – альбо прадстаўляюць гэтыя дзяржавы, альбо з'яўляюцца “міжнароднымі прасторамі”, напрыклад, Праваслаўная Царква Славакіі і Чэскіх Земляў прадстаўляе раўназначна і Чэхію, і Славакію, а Канстанцінопальскі Патрыярхат з'яўляецца “міжнароднай зонай”. Пасля кастрычніка 2008 г. РПЦ перапыніла свой удзел у КЕЦ (у сувязі з між-праваслаўнымі праблемамі, у прыватнасці, датычна Эстоніі), таму Беларусь страціла там якое-кольвек прадстаўніцтва наогул. Пытанні, якімі займаецца КЕЦ маюць некалькі накірункаў, у т.л. прасоўванне супрацоўніцтва паміж еўрапейскімі цэрквамі і цэркваў з еўрапейскімі інстытуцыямі, пытанне міграцыі, правоў чалавека, між-рэлігійнага дыялогу і талерантнасці, абароны навакольнага асяроддзя. У гэтай справе КЕЦ мае наладжанае супрацоўніцтва з Радай Канферэнцый Епіскапаў Еўропы (CCEE, www.ccee.ch/ ) Каталіцкай Царквы (тут беларусы займаюць сваё пачэснае месца), базуючыся на пэўным дакуменце, які носіць назву Charta Oecumenica, у ёй у прыватнасці, сцвярджаецца: “Еўропа – ад Атлантычнага акіяна да Ўралу, ад Нордкапа да Міжземнага мора – сёння ёсць больш плюралістычнай у культуры, чым некалі раней... На грунце нашай хрысціянскай веры мы працуем дзеля гуманістычнай, сацыяльна адказнай Еўропы, у якой пануюць правы чалавека і фундаментальныя каштоўнасці міру, справядлівасці, талерантнасці, удзелу і салідарнасці”. Што тычыцца дзвюх іншых агульна-еўрапескіх канфесійных арганізацый, у прыватнасці Еўрапейскай федэрацыі баптыстаў (www.ebf.org/), то Саюз Евангельскіх хрысціян-баптыстаў Беларусі ў яе ўваходзіць, але супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй не вельмі шмат, але ў беларускіх евангельскіх хрысціян сітуацыя яшчэ больш складаная – яны не з'яўляюцца членамі Еўрапейскага евангельскага альянсу. Такім чынам, мы мусім канстатаваць, што беларускія хрысціяне ўсіх канфесій выключаныя з сур'ёзнага дыялогу па пытаннях еўрапейскай ідэнтычнасці, хрысціянскіх каштоўнасцей, выпрацоўкі пазіцыі цэркваў па шэрагу пытанняў, фактычна задавольваючыся адно гуманітарнай дапамогай, і застаючыся безгалосымі рэцэпіентамі рэсурсаў ад “старэйшых братоў” з Захаду.

Апроч “палітычнага” і сацыяльнага накірунку супрацоўніцтва, трэба спыніцца яшчэ на двух аспектах – гэта адукацыя і моладзь. У 1993 г. у Мінску быў створаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які, апроч таго, што быў заснаваны замежнымі акадэмічнымі ўстановамі, у ліку заснавальнікаў меў і Беларускую Праваслаўную Царкву. Сам па сабе ЕГУ быў цэнтрам акадэмічнага супрацоўніцтва з Еўрапейскімі арганізацыямі, і багаслоўскі факультэт у гэтым супрацоўніцтве таксама не адставаў. У 1996 г. Радай апекуноў факультэта быў заснаваны Беларускі рэспубліканскі Хрысціянскі адукацыйны фонд імя свв. Мяфодзія і Кірыла, які ажыццяўляў арганізацыйныя задачы і ажыццяўляў мэнэджмент выдадзеных факультэту грантаў, у 1999 г. Фонд стаў ужл Міжнародным Грамадскім Аб'яднаннем “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр ім. св. Мяфодзія і Кірыла”, і ў пэўным сэнсе стаў другім, пасля “Круглага стала” цэнтрам міжнароднага супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ЕГУ быў у Беларусі зліквідаваны і перамясціўся ў Вільню, а багаслоўскі факультэт быў рэарганізаваны ў Інстытут таэлогіі БДУ, Цэнтр захаваў сваю функцыю, праўда маштабы праектаў сталі зусім іншымі. У чым праяўлялася супрацоўніцтва? Зноў-такі, трэба згадаць фінансавую дапамогу, дзякуючы якой у часы ЕГУ ўсе студэнты багаслоўскага факультэта маглі навучацца бясплатна, а таксама фінансаванне разнастайных праектаў Інстытута – Кірыла-Мяфодзеўскіх чытанняў, Летняга Багаслоўскага Інстытута (калі назваць найбуйнейшыя), а таксама разнастайных канферэнцый, выставаў, прэзентацый, выдавецкай і даследніцкай дзейнасці. Апроч гэтага, студэнты і выпускнікі факультэта атрымлівалі стыпендыі для вывучэння багаслоўя ў еўрапеўскіх універсітэтах, а таксама, як і выкладчыкі, атрымлівалі магчымасці праходзіць стажыроўкі ў еўрапейскіх навучальных установах і царкоўных арганізацыях, адзін дактарант са Швейцарыі, у сваю чаргу збіраў матэрыял для сваёй працы ў Інстытуце. Цэнтр і факультэт спрабавалі стаць “голасам” Беларускага хрысціянства ў Еўропе, у т.л. праз праграму “Еўрапейскія масты”, а таксама стварэнне “Інстытуты рэлігійнага дыялогу і міжканфесійных камунікацый” у 2002 г., аднак, гэта, хутчэй, досыць фармальныя структуры, удзел у якіх бярэ нязначная колькасць людзей і яны практычна не маюць уплыву на агульна-царкоўную дзейнасць, тым не менш дапамагаюць выконваць асноўную функцыю цэнтра – фінансавае забеспячэнне дзейнасці Інстытута тэалогіі і ягоных праектаў. Павевы адноснай “лібералізацыі” закранулі і Цэнтр – у гэтым годзе дзеля ажыццяўлення некаторых праектаў абсалютна адкрыта быў пакладзены пачатак супрацоўніцтва з фондам Конрада Адэнаўэра (палітычны фонд, звязаны з нямецкай хрысціянска-дэмакратычнай партыяй), што раней было немагчымым сабе ўявіць.

Для іншых канфесійных навучальных установаў таксама характэрныя падобныя кантакты – узаемны абмен студэнтамі, прыняцце студэнтаў на навучанне багаслоўю ў еўрапейскія семінарыі, коледжы і багаслоўскія факультэты.

Што тычыцца маладзёжных арганізацый, то сярод іх, найперш, трэба адзначыць – міжнародную супольнасць Тэзэ (taize.fr), пратэстанцкі манастыр у Францыі, якія прымае тысячы маладых людзей з усяго свету (у першую чаргу, з Еўропы, у т.л. з Беларусі) штотыдзень, а таксама арганізуе Навагоднія штогадовыя еўрапейскія сустрэчы моладзі, з кожным годам беларуская моладзь, пераважна, каталіцкая і праваслаўная, бяруць у гэтых сустрэчах удзел, Беларусь таксама наведваць браты з супольнасці Тэзэ, сустракаюцца з маладымі вернікамі ў Беларусі. Апроч Тэзэ, беларускія маладзёны-вернікі бяруць удзел у мерапрыемствах Еўрапейскага рэгіёны Сусветнай Студэнцкай Хрысціянскай Федэрацыі (WSCF-E, wscf-europe.org), хаця ніводная беларуская арганізацыя не з'яўляецца ейным членам, але рэгулярна маладыя людзі ездяць на тэматычныя трэнінгі, семінары, канферэнцыі, у часопісе арганізацыі Mozaik пастаянна з'яўляюцца матэрыялы пра Беларусь, у т.л. пра палітычную сітуацыю ў краіне і дэмакратычны рух, а ў гэтым годзе ў к.траўня арганізацыя правяла адмысловы трэнінг на тэму свабоды веравызнання з фокусам на Беларусі. Больш за тое, арганізацыя пастаянна ўздымае пытанне альбо дапамагае беларускай моладзі гэтае пытанне ўзняць – на буйных хрысціянскіх форумах Еўропы.

Калі ад міжканфесійных арганізацый перайсці да канфесійных, то тут сітуацыя размаітая. Праваслаўная моладзь аддае перавагу кантактам з моладдзю з Расеі і Ўкраіны, аднак і з Еўрапейскімі праваслаўнымі ёсць магчымасць камунікаваць – галоўным чынам праз Сусветнае Праваслаўнае Брацтва Syndesmos (http://syndesmos.org), праўда, калі раней брацтва мела Цэнтральна-Еўрапейскі Рэгіён, членам якога з'яўляліся беларускія арганізацыі, то цяпер гэты рэгіён быў далучаны да т.зв. “Усходней Еўропы” ці рэгіёна C, што зноў пераарыентавала беларусаў на новы цэнтр – Маскву.

Што тычыцца пратэстанцкай моладзі, то кантакты і супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі ў іх існуе, гэта такія супольнасці, як “Моладзь з місіяй”, “Шкаленне вучняў” (Discipleship Training School), звязаныя з нарвежскімі партнёрамі, і інш., аднак гэтае супрацоўніцтва часта носіць прыхаваны характар, што звязана са спецыфікай беларускага рэлігійнага заканадаўства, у т.л. датычнага рэлігійнай дзейнасці замежных грамадзянаў, таму паданне больш дэталёвай інфармацыі можа гэтым арганізацыям зашкодзіць, тым больш, што самі арганізацыі сваіх кантактаў не афішуюць.

Напрыканцы, варта згадаць яшчэ два каналы супрацоўніцтва – гэта супрацоўніцтва сацыяльнага аддзелу Мінскай епархіі і МУС з АБСЕ, датычна парадку ўтрымання вязняў і ўмоваў у месцах зняволення. Досыць экзатычнай установай з'яўляецца таксама і Міжнародная Асамблея дэпутатаў праваслаўя (http://www.eiao.org/), але гэта арганізацыя ў Беларусі мала звязаная з Царквой ці з рэлігійнымі арганізацыямі – але з Нацыянальным Сходам Рэспублікі Беларусь, а беларускія дэпутаты, па вызначэнні з'яўляюцца праваслаўнымі, ім нават не замінаюць атэістычныя перакананні ці членства ў камуністычнай партыі.

Такім чынам, мы можам канстатаваць, што беларускія хрысціянскія цэрквы і арганізацыі выказваюць зацікаўленасць у супрацоўніцтве з еўрапейскімі структурамі, аднак аддаюць перавагу захавання прыязных стасункаў з сучасным рэжымам, дзеля чаго, у пераважанай большасці, гатовыя адмовіцца ад еўрапейскіх стасункаў альбо ад адкрытага іх афішавання. У сувязі з “палітычнай лібералізацыяй” нездарма менавіта да Папы Рымскага Бенедыкта XVI звярнуўся Прэзідэнт Лукашэнка для прасоўвання ў Еўрапейскую прастору – на дадзены момант сувязі паміж цэрквамі і еўрапейскімі арганізацыямі настолькі слабыя, што адзінай рэальнай повяззю з'яўляецца повязь Рыма-Каталіцкага Касцёлу з Ватыканам як са сваім цэнтрам. Усё астатняе знаходзіцца далёка па-за ўвагай. У рэлігійных колах Заходняй Еўропы досыць слаба ведаюць і пра асаблівасці жыцця хрысціянскіх цэркваў у Беларусі, хаця пытанне Беларусі часам гучыць на міжнародных еўрапейскіх хрысціянскіх і палітычных форумах: у траўні 2009 г. у Львове Сусветнай Студэнцай Хрысціянскай Федэрацыяй быў праведзены семінар, прысвечаны свабодзе сумлення з фокусам на Беларусі, у 2008 г. Сяргей Луканін – адзін з каардынатараў кампаніі па зборы подпісаў “За свабоду веравызнання” выступаў перад Еўрапейскім Парламентам; было выступленне на 3-й Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі ў Сібіу (Румынія), часам тэма Беларусі “ўсплывае” ў еўрапейскіх СМІ. Аднак у праваслаўных і каталіцкіх езрапейскіх колах Беларусь, бадай, ведаюць паводле Свята-Елізавецкінскага манастыра ў Навінках, сёстры якога вандруюць у розныя куткі Еўропы дзеля продажу сваіх тавараў і збору сродкаў на манастыр, прычым плошчы для продажу ім прадастаўляюць як праваслаўныя, так і каталікі. Апроч гэтага, Беларусь з'яўляецца “чорнай плямай”. Розныя хрысціянскія цэрквы Беларусі спрабуюць запоўніць гэтую “чорную пляму” сваім колерам – нехта распавядае пра ганенні, нехта наадварот выступае “адвакатам” рэжыму. Але не меншай “чорнай плямай” для беларускіх хрысціян ёсць Еўропа – наш паспаліты люд жыве ў некаторым адрыве ад тых дыялогаў, якія вядуцца еўрапейскімі цэрквамі і хрысціянскімі арганізацыямі.

Гэты артыкул быў надрукаваны ў часопісе грамадскіх актывістаў "Асамблея" №2 2009 г. з рэдакцыйнымі праўкамі. - С.26-29. http://belngo.info/view.pl/casopis

 

Наталля Васілевіч

Рубрыка: 

 

 

Яшчэ па тэме Аналіз рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі:Яшчэ па тэме Экуменічны рух - падарожжа да еднасці: