УНІЯЦКАЯ ЦАРКВА БЕЛАРУСІ Ў 1838 г.: НЕКАТОРЫЯ МАЛАВЯДОМЫЯ СТАРОНКІ

 

З канца ХVIII ст. расійскі царызм стаў на шлях абмежавання ўплыву уніяцкай царквы з мэтай яе ліквідацыі ў перспектыве. Захаванне царквы, якая не гарнулася да трону, улады звязвалі з небяспекай сепаратызму. Яна перашкаджала самадзяржаўна-сінодаваму рэжыму ў ажыццяўленні яго нівеляцыйнай палітыкі ў заходніх губернях. Свае дзеянні прыкрывалі сентэнцыямі пра «непадзельнасць расійскага народа», якой нібыта пагражае «злацінізаванае» і «апалячанае» уніяцтва.

 

У 1833 г., выкарыстаўшы сваё права пераможцы, улады сталі на шлях адміністрацыйна-сілавога вырашэння праблемы, справакаваны актыўнай дапамогай уніяцкага духавенства паўстанцам 1830-1831 г. Беларусь стала аб'ектам вялікага эсперымента па перакройцы яе канфесійнай карты.

 

На чале уніяцкай царквы былі пастаўлены людзі, верныя «видам правительства». З 1835 г. у Пецярбургу дзейнічаў Сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах, які ўзгадняў дзеянні дзяржаўных і царкоўных структур, - падрыхтоўка да выкаранення уніі вялася патаемна. Змянілі дэкор храмаў і цырымоніі, выдалілі арганы. Уніяцкія служэбнікі і спеўнікі выцеснілі выданнямі маскоўскай сінадальнай друкарні. У патрэбным духу былі перавыхаваны сотні святароў. У 1837 г. царкву падпарадкавалі обер-пракурору Сінода, а таксама арганізавалі збор распісак ад духавенства аб згодзе прыняць праваслаўе, калі на тое «воспоследует монаршая воля». На іх выбіванне пайшоў 1838 год.

 

Смерць у 1838 г. апошніх (з ліку кіраўніцтва царквы) праціўнікаў аб'яднання з Рускай праваслаўнай царквой - мітрапаліта Іасафата Булгака і пінскага епіскапа Іасафата Жарскага - зняла апошнія перашкоды для ліквідацыі уніі.

 

Дзеля вывучэння ступені гатоўнасці мясцовага грамадства да ліквідацыі уніяцкай царквы і дзеля забеспячэння поспеху на апошнім этапе «ўз'яднання» імператар Мікалай І 23 мая 1838 г. камандзіраваў на Беларусь і Украіну камергера В. Скрыпіцына - чыноўніка па асобых даручэннях пры обер-пракуроры Сінода [7]. Шлях Скрыпіцына пралягаў праз Люцын - Себеж - Полацк - Віцебск - Оршу - Мінск - Вільню - Слонім - Жыровіцы - Гродна - Беласток - Брэст - Ратна - Луцк - Дубна - Пачаеў - Крамянец - Жытомір - Кіеў і назад праз Жытомір - Оўруч - Мазыр - Магілёў - Віцебск - Полацк - Люцын. Па дарозе на Украіну Скрыпіцын наведаў у Беларускай і Літоўскай епархіях 77 цэркваў і 13 манастыроў. З розных гарадоў ён накіроўваў у сталіцу імперыі лісты і рапарты з характарыстыкай сітуацыі на месцах [11; 12; 15, с. 174-175], а па заканчэнні свайго падарожжа 31 жніўня 1838 г. склаў пісьмовую справаздачу аб выкананні задання [12, арк. 14-32].

 

Высокі пецярбургскі чыноўнік 10 чэрвеня паведамляў у сваім сакрэтным рапарце з Віцебска обер-пракурору Сінода: «…У грэка-уніяцкім духавенстве відаць столькі дзейнасці, а ў прыхаджанах - столькі пакоры, што уніяцкая царква павінна прыйсці да жаданага ўладкавання.., калі толькі грамадзянскае начальства будзе шчыра імкнуцца ўтаймоўваць намаганні супрацьдзеяння нясхільных да гэтай справы асоб» [12, арк. 1 адв. - 2]. З Мінска 17 чэрвеня Скрыпіцын пісаў пра тое, што вельмі важна, каб «кожная нядобра намераная асоба была прасякнутая не запальчывасцю, а непахіснай цвёрдасцю і няўмольнай воляй галоўнага начальніка (генерал-губернатара. - С. М.) караць, каб адна думка пра яго нейтралізоўвала ўсялякі супрацьзаконны і непрыязны замах». Ліквідацыя уніі, як паведамляў у Сінод Скрыпіцын, «тут ужо не з'яўляецца тайнай, бо ўсе пра гэта галосна гавораць» [12, арк. 3 адв., 5 адв.].

 

Найбольшую інфармацыйную каштоўнасць уяўляе аналітычны рапарт Скрыпіцына ад 31 жніўня 1838 г. за № 18, пададзены обер-пракурору Сінода [12, арк. 14-32]. З рапарта вынікала, што настроі ў Беларускай і Літоўскай епархіях адрозніваліся. На 15 жніўня 1838 г., паводле падлікаў дадзеных В. Скрыпіцына гісторыкам М. Радванам, у першай выказала згоду кінуць унію толькі 25 % духавенства, у другой - амаль 72 % [15, с. 174].

 

«Адмаўленцы» (ад дачы падпісак) не ведалі, што для іх ужо вызначаюцца месцы зняволення. Мясцовыя духоўныя ўлады, як вынікае са справаздачы, намерваліся пры агульным далучэнні уніятаў заключыць «недастаткова надзейных» манахаў Літоўскай епархіі ў Быценскі манастыр, ля Жыровіцаў, пад нагляд епіскапа. Для «зусім ненадзейных» прызначаўся Любарскі манастыр у Валынскай губерні, акружаны праваслаўнымі прыходамі [11, арк. 2б].

 

Усіх уніятаў наогул В. Скрыпіцын падзяліў на 3 групы: добранадзейных, якія станоўча ставіліся да перамены веры; паслухмяных і непрыхільных. Да першай катэгорыі ён залічыў 633 прыходы Гродзенскай і Віленскай губерняў, Беластоцкай вобласці, заходніх паветаў Валынскай і Мінскай губерняў, а таксама Пінскага, Слуцкага і Мінскага паветаў. Да другой групы быў аднесены 441 прыход амаль усёй Віцебскай і Магілёўскай губерняў і той часткі Мінскай губерні, якая да іх прымыкала. Да трэцяй групы належалі паўночныя паветы Віцебскай губерні: Себежскі, Полацкі, Лепельскі і Дрысенскі, Дзісненскі павет Мінскай губерні, Мсціслаўскі і Сенненскі паветы Магілёўскай губерні, Оўручскі павет Валынскай губерні і Радамышльскі павет Кіеўскай губерні - усяго 151 прыход [12, арк. 27 адв.-28].

 

Статыстыка Скрыпіцына пацвярджала яго выснову, што найбольшы супраціў дэунізацыі аказала духавенства ўсходу Беларусі. Завадатарамі ён лічыў святароў Івана Ігнатовіча (Галаўчынская царква Полацкага павета), Адама Тамкавіда (Іказненская царква Дзісненскага павета), Ігнація Малішэўскага (Зяленская царква Дзісненскага павета), Івана Тачыцкага (Дварэцкая царква Лепельскага павета) і Канстанціна Мальчэўскага (Старабыхаўская царква Новабыхаўскага павета). «Гэтыя 5 святароў хвалююць духавенства і нават сам народ не з рэлігійнага фанатызму, але з вальнадумства, таму неадкладнае выдаленне іх з епархіі ва ўсіх адносінах крайне неабходнае». Ён раіў пад зручнай зачэпкай выслаць іх у расійскія праваслаўныя манастыры. Такі прэцэдэнт уціхамірыў бы і астатняе «свавольнае духавенства» [12, арк. 20 адв.-21].

 

Больш смелы, нават дзёрзкі супраціў «видам правительства», паводле назіранняў імператарскага ўпаўнаважанага, аказвалі таксама памешчыкі і сяляне ўсходу Беларусі. Ён прапанаваў ускласці на паноў адказнасць за антыўз'яднаўчыя хваляванні сялян. За ўсялякі сялянскі супраціў раіў памешчыка дэпартаваць у расійскія губерні, а маёнтак браць у секвестр, бо непакорнасць сялян заўсёды адбываецца не інакш, як «паводле таемных настаўленняў паноў, арандатараў, упраўляючых маёнткамі і ксяндзоў» [12, арк. 21 адв.].

 

Сярод прычын, якія ўскладнялі далучэнне уніятаў на ўсходзе Беларусі, галоўнымі Скрыпіцын назваў наступныя: 1) уплыў памешчыкаў-католікаў на сялян і святароў; 2) паслабленні для завадатараў супраціву з боку грамадзянскіх чыноўнікаў каталіцкага веравызнання; 3) пакіданне ў многіх прыходах маланадзейных святароў; 4) сакрэтнае процідзеянне епархіяльнага начальства і некаторых уніяцкіх святароў, звязаных з памешчыкамі [11, арк. 1-2 адв.].

 

Агульная выснова чыноўніка Сінода была наступнай: пры цяперашніх абставінах «усялякае прамаруджванне з'яўляецца шкодным, ...можа, калі не зусім разбурыць, дык адтэрмінаваць … вялікае дзяржаўнае прадпрыемства далучэння грэка-уніяцкай царквы», ды й пісьмовыя абавязацельствы пры далейшым адкладванні могуць страціць сваю сілу [12, арк. 31]. Нягледзячы на знешні спакой, абстаноўка ўсё ж была трывожнай. Справа - за імператарскім указам аб усеагульнай рэлігійнай канверсіі уніятаў.

 

Дзякуючы аналітычнай справаздачы В. Скрыпіцына афіцыйны Пецярбург у прынцыпе арыентаваўся ў сітуацыі і настроях, якія панавалі на Беларусі і Украіне. Да восені 1838 г. і на месцах, і ў сталіцы было відавочна, што знішчэнне уніі - справа часу. Завяршаўся збор падпісак. Усе чакалі толькі імператарскага ўказу аб усеагульнай канверсіі уніятаў.

 

Але тут нібы гром сярод яснага неба ў сталіцу імперыі прыляцела вестка: 111 папоў з Белай Русі (усходняй Беларусі) рашылі стаяць за унію. Такога дзёрзкага і масавага дэмаршу ніхто ў Пецярбургу не чакаў.

 

К сярэдзіне верасня ў вёску Царкаўляны, што ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні, з'ехаліся і сышліся многія апазіцыйныя святары. Там яны правялі несанкцыянаваны сход, на якім рашылі стаяць за унію. Арганізатарамі гэтай акцыі пратэсту былі асэсар Полацкай грэка-уніяцкай кансісторыі Іван Ігнатовіч і Адам Тамкавід. Ігнатовіч звярнуўся да народа з заклікам, «каб цвёрда трымаліся сваёй уніяцкай веры». Зачыншчыкі, як праходзіць па дакументах Сінода, «хацелі ўзбудзіць народ да супраціўлення» [11, арк. 43 адв].

 

Царкаўлянскі сход выпрацаваў петыцыю-просьбу да імператара аб абароне і дапамозе. Кіраўніка дзяржавы прасілі назаўсёды пакінуць духавенства і прыхаджан паветаў, чые прадстаўнікі падпісалі петыцыю, ва уніі. Прасілі прызначыць для тых, хто застаўся ва уніі, асобага пастыра і духоўнае начальства. Петыцыю падпісалі 111 святароў. Для яе дастаўкі ў Пецярбург сход абраў дэлегацыю [11, арк. 6 адв., 24].

 

У архіве Сінода захаваўся перахоплены паліцыяй прыватны ліст ад 5 сакавіка 1839 г. нейкага Івана з Полацка ў Пецярбург студэнту Медыка-хірургічнай акадэміі Г. Акаловічу. У лісце згадваўся нехта Нарбут - адзін з уніяцкіх святароў-падпісантаў прашэння імператару. «За гэта яны пастрыжаны ў дзячкі, панамары і званары і сасланы ў дальнія краіны, - паведамляў аўтар ліста пра мясцовыя навіны. - …Іх налічваюць каля ста чалавек. Не ўваходжу ў падрабязнасці гэтай справы, што ўрад захоча, тое і будзе: ёсць бізун, дзе ён свісне, там і рэлігія пырскне» [1, арк. 4-5; 10, арк. 10-10 адв.].

 

Буйны збой у падпісной кампаніі атрымаўся ў жніўні ў Літоўскай епархіі, дзе справа дэунізацыі ішла, здавалася, больш гладка. Цэнтрам супраціву тут стала Беластоцкая вобласць - у ёй усяго 49 уніяцкіх цэркваў. Калі брэсцкі епіскап Антоній Зубко стаў збіраць тут подпісы, пайшлі масавыя адмовы. Амаль усе яны прыйшліся на Бельскае благачынне. Ідэйнымі натхняльнікамі адмовы сталі святары Фаустын Гаворскі з Чыжэва, Антон Панькоўскі з Новабярозава і протаіерэй Антоній Сасноўскі з Кляшчэль - чалавек высокаадукаваны, паважаны духавенствам, былы старшыня скасаванай Віленскай грэка-уніяцкай кансісторыі. 15 папоў з Беласточчыны падалі імператару просьбу, каб іх не прымушалі да праваслаўя. Гэта была не звычайная скарга, але юрыдычнымі нормамі абгрунтаванае абвінавачванне, патрабаванне спыніць уціск іх веры. Фактычна імператара заклікалі загадаць духоўнаму і грамадзянскаму начальству прытрымлівацца дзеючага заканадаўства, якое гарантуе свабоду веравызнання. У чаканні станоўчага адказу са сталіцы завадатары адмовіліся ад падпісак ды яшчэ і ўзбунтавалі сялян прыходаў Чыжэў і Новабярозаў [2, арк. 6 адв.-21]. Для ўтаймавання хваляванняў у вёскі былі ўведзены вайсковыя каманды [3].

 

Пецярбург імкнуўся пераканаць свет, што ўсё робіцца з добрай волі уніятаў, - а тут гэтыя эксцэсы. Яны выклікалі пры двары эфект выбухнуўшай бомбы, бо ставілі «вырашэнне уніяцкага пытання» пад сур'ёзную пагрозу. Хутчэй за ўсё яны і прыспешылі вышэйшую санкцыю на ўсеагульную канверсію уніятаў. Да таго ж асцерагаліся, як успамінаў пазней паплечнік І. Сямашкі Н.В. Сушкоў, «не раззлаваць Еўропу», каб «не апалчыліся на нас замежныя ўсіх колераў часопісы» [14, с. 8].

 

Запісы ў журнале пастаноў Літоўскай духоўнай кансісторыі (Жыровіцы) за верасень 1838 г. раскрываюць механізм нейтралізацыі «бунтаўшчыкоў» з Беласточчыны, а таксама сведчаць, што пад знешнім спакоем чакання вакол уніяцкай веры кіпелі страсці, ламаўся лёс людзей.

 

Вось некаторыя з гэтых запісаў [6, арк. 19, 28, 54, 72, 77, 79, 104].

 

2 верасня:

 

- разглядалі прашэнне святароў Бельскага і Драгічынскага паветаў ад 27 ліпеня вызваліць іх ад дачы падпісак, патрабуемых епархіяльным начальствам;

 

- паводле прадстаўлення І. Сямашкі, пастанавілі выдаліць з прыходаў нядобранадзейных Антонія Панькоўскага (Новабярозаўская царква) і Фауста Гаворскага (Чыжэўская царква) і затачыць іх у Тараканскі манастыр для «зацвярджэння ў пакоры».

 

3 верасня:

 

- абмяркоўвалі патрабаванне І. Сямашкі змясціць у Быценскі манастыр «для выпраўлення ладу думак» святара Боцькаўскага прыхода Васіля Высекірскага.

 

5 верасня:

 

- нядобранадзейнага святара царквы ў Жыдомлі Івана Савашкевіча вызначылі перавесці прычэтнікам у Заслаўе; калі не паедзе добраахвотна - выслаць з дапамогай паліцыі;

 

- вырашылі выклікаць у Жыровіцы для тлумачэнняў настаяцеля царквы ў Кляшчэлях Сасноўскага, які «ўзбуджае некаторых нявопытных святароў да непадпарадкавання мясцоваму благачыннаму»;

 

- гэтак жа выклікаць у Жыровіцы для перавыхавання ненадзейнага настаяцеля Чыжэўскай царквы Івана Філяноўскага.

 

7 верасня:

 

- даставіць у Жыровіцы «паліцэйскімі мерамі» святароў Давілейскага благачынія Зялінскага і Кавалеўскага, якія ўхіляюцца прыехаць у кансісторыю самі.

 

Уніяцкая царква, як 25 кастрычніка сакрэтна інфармаваў з Жыровіцаў епіскап Антоній обер-пракурора Сінода, цяпер нагадвае нанова адбудаваны будынак, які застаецца аднак без даху. Дах - гэта воля ўрада. «Без нее враждебные стихии начинают уже нашептывать, что присоединение к православию есть изменение веры прародительской... Уже появляются маленькие возмущения прихожан, проистекающие от неблагонамеренных священников. Епархиальное начальство предпринимает против онаго меры, но пока дело в секрете (официальном), эти меры будут недостаточны» [10, арк. 1 адв.; 9, с. 52].

 

Гучная «справа 111-ці» і «акт 15-ці» былі апошнімі радыкальнымі крокамі духавенства ў ратаванні уніі. Далей ужо ішлі, галоўным чынам, рэпрэсіі, закліканыя забяспечыць поспех «уніяцкай справы» на яе апошнім этапе. На падаўленне уніі мабілізавалі ўвесь апарат царскай улады: Сінод, сенат, Міністэрства ўнутраных спраў, губернатары, паліцыя, войска. Пецярбург усур'ёз чакаў масавых хваляванняў на Беларусі і Украіне. Таму рэпрэсіўная машына была заведзена да адказу.

 

Обер-пракурор Сінода граф Пратасаў 4 лістапада папярэджваў віленскага генерал-губернатара М. Далгарукава аб неабходнасці «ўзмацнення мер бяспекі … для папярэджання хваляванняў пры цяперашнім пераўтварэнні уніяцкай царквы», асабліва ў Беластоцкай вобласці. Беларускага генерал-губернатара ён інфармаваў пра неабходнасць прыняцця мер перасцярогі ў Себежскім, Полацкім, Лепельскім і Дрысенскім паветах Віцебскай губерні і Мсціслаўскім і Сенненскім паветах Магілёўскай губерні [10, арк. 1 в].

 

У Царскім сяле 11 лістапада обер-пракурор Сінода дакладваў імператару, з падачы Скрыпіцына, наступнае: «…Цяпер асабліва патрэбнае намаганне мясцовых грамадзянскіх начальстваў утаймоўваць яўныя і тайныя супрацьдзеянні… У дачыненні асоб, якія распасціраюць сваю нядобранадзейнасць да дзёрзкага ўзбуджэння іншых супраць урадавай мэты, … прысутнасць іх у заходніх губернях робіцца шкоднай». Кіраўнік рэлігійнымі справамі імперыі прасіў найвышэйшага дазволу на высылку тых духоўных Беларускай епархіі, якіх епархіяльнае начальства прызнае патрэбным, у вялікарасійскія манастыры, а таксама на сакрэтнае даручэнне генерал-губернатарам заходніх губерняў «аб узмацненні … мер перасцярогі і пільнага нагляду дзеля папярэджання найменшых беспарадкаў пры цяперашнім пераўтварэнні грэка-уніяцкай царквы» [11, арк. 1-2 адв.]. Вынікам гэтага хадайніцтва стаў імператарскі ўказ, на падставе якога ваенна-павятовым начальнікам паставілі ў абавязак мець за уніяцкай справай «аккуратнейшее, согласное с высочайшею волею наблюдение, содействуя всемерно духовному начальству» [5, арк. 3 адв.].

 

Обер-пракурор Сінода 28 снежня прапанаваў Мікалаю І у сувязі са «справай 111-ці» зноў камандзіраваць у Беларускую епархію В. Скрыпіцына дзеля «садзеяння ходу уніяцкай справы ў цяперашняй важнай для яе сітуацыі». Імператар даручыў Скрыпіцыну вінаватых у падачы дзёрзкай просьбы расшукаць і пакараць [11, арк. 29-29 адв., 32]. У пачатку 1839 г. усе ўдзельнікі царкаўлянскага сходу і петыцыі на царскае імя былі пакараны.

 

З'явіўся імператарскі ўказ28 снежня 1838 г.: пад пагрозай пакарання абмежаваць перасоўванне рымска-каталіцкага духавенства па тэрыторыі заходніх губерняў і аказанне ім рэлігійных паслуг для уніятаў [4, арк. 1-1 адв.] - баяліся тайнага місіянерства, якое магло хваляваць людскі розум, перакрывалі яшчэ адзін канал магчымага выбуху незадавальнення «ўз'яднаннем».

 

На чарговае пасяджэнне Сакрэтнага камітэта, якое адбылося ў Пецярбургу 4 студзеня 1839 г., запрасілі і генерал-губернатараў: смаленскага, віцебскага і магілёўскага Дзякава, а таксама віленскага, гродзенскага, беластоцкага і мінскага Далгарукава. Прысутнічалі шэф жандараў генерал Бенкендорф, міністр дзяржаўных маёмасцей П. Кісялёў, міністр унутраных спраў Д. Блудаў, обер-пракурор Сінода Пратасаў. Абмяркоўвалі выпрацаваную Сакрэтным камітэтам інструкцыю. У ёй - «часова дараваныя генерал-губернатарам асаблівыя правы, якія перавышаюць іх звычайную ўладу» [13, арк. 1-1 адв.].

 

«Для большага поспеху агульнага ўз'яднання уніятаў, - гаварылася ў той інструкцыі, - ён (урад. - С. М.) прызнае неабходным даць усемагчымае адзінства распараджэнням галоўных начальнікаў Заходняга краю да ўтаймавання ўсіх магчымых супрацьдзеянняў». Каб рымска-каталіцкае духавенства і шляхта, з боку якіх найперш чакалася супрацьдзеянне, не смелі «ні яўна, ні тайна, пропаведзямі або настаўленнямі падрываць цяперашнюю схільнасць уніятаў да ўз'яданння…, каб нідзе, у гарадах і сялібах не дапускалася ані найменшая непакорнасць начальству, а тым больш парушэнне грамадскага спакою» - такая задача ставілася перад генерал-губернатарамі. Ажыццяўляць паліцэйскі нагляд над сялянамі абавязалі саміх паноў і арандатараў, якіх належала папярэдзіць пра ўсю «адказнасць, якой яны падвяргаюць сябе ў выпадку хваляванняў у іх маёнтках».

 

«Незалежна ад гэтых паліцэйскіх мер, - апавяшчаў чацвёрты пункт інструкцыі, - і пры гэтым без далейшага адкладу генерал-губернатары і, згодна іх настаўленню, начальнікі губерняў … абяруць … зручныя пункты ў гарадах і сялібах для размяшчэння ў іх войскаў пастоем… Для ўвядзення войскаў у паветы, дзе іх няма і дзе прадбачыцца ў тым патрэба, генерал-губернатары адразу ж звернуцца да ваеннага міністра…»

 

Рымска-каталіцкаму духавенству «пад пагрозай найстражэйшага спагнання» забаранялася адпраўляць трэбы для уніятаў і ганіць праваслаўную веру. Абмяжоўвалася перасоўванне каталіцкага духавенства ў межах заходніх губерняў. Уніяцкае духавенства, якое не падпарадкоўвалася свайму начальству, падлягала выдаленню. Генерал-губернатары атрымлівалі права высылаць такіх духоўных асоб у праваслаўныя манастыры ў глыб Расіі, а асоб «з меншай ступенню фанатызму» - змяшчаць пад нагляд у манастырах паўднёвых губерняў.

 

Генерал-губернатарам прадстаўлялася права адхіляць ад пасады прадвадзіцеляў дваранства, гараднічых, земскіх спраўнікаў, западозраных «у саўдзеле іх процідзеянню відам ураду». Духоўных і свецкіх асоб, якія б асмеліліся «пахіснуць цяперашнюю схільнасць грэка-уніятаў да ўз'яднання», трэба было высылаць у вялікарасійскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі губернямі. У выпадку ўзброенага мецяжу … аддаваць іх ужо ваеннаму суду».

 

Генерал-губернатары надзяляліся правам выдаляць з маёнткаў памешчыкаў і арандатараў, калі яны дапусцяць у іх хваляванні сялян або будуць шкодзіць поспеху справы. Маёнткі ў такім выпадку перадаваліся ў казённае кіраванне. Калі ж «прысутнасць такіх уладальнікаў у Заходнім краі акажацца шкоднай», іх трэба дэпартаваць у расійскія губерні, якія не мяжуюць з заходнімі.

 

Пра ўсе свае захады адносна духоўных і свецкіх асоб генерал-губернатары павінны былі інфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў і Сінод [13, арк. 1 адв.-7.].

 

Рашэнне Полацкага царкоўнага сабора 12 лютага 1839 г. некалькі месяцаў хавалі ад народа - баяліся выбуху бунтаў, чакалі падыходу дадатковай вайсковай сілы. Абнародаванне саборнага акта прайшло спакойна…

 

Ліквідацыя уніяцкай царквы стала нібы дэтанатарам выбуху, які, аднак, не патрос дзяржаву - улады яго папярэдзілі. Калі душылі шляхецкія паўстанні, то з уніяцкім духавенствам і сялянствам расправіцца было лягчэй. Былі нейтралізаваны ўсе актыўныя сілы, што сталі на абарону уніі.

 

Уніяцкая царква аказалася не ў стане супрацьстаяць катастрофе 1839 г. Адным росчыркам імператарскага пяра 1,5 мільёна вернікаў і каля 1470 прыходаў былі ўключаны ў склад Рускай праваслаўнай царквы. Іх жаданне далучыцца да пануючай веры зусім не лічылася абавязковай умовай пераварочвання. Беларусь у сваёй гісторыі яшчэ не ведала такой маштабнай адначасовай і радыкальнай перакройкі яе канфесійнай карты. «Исполинское предприятие, столь же важное в политическом, сколько и в религиозном смысле, которое займёт блестящую страницу в летописях империи», - так назваў гэту справу кіраўнік Сінода Пратасаў [8, арк. 1].

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. - Ф. 109. IV экспедыцыя. 1839 год. - Воп. 179. - Спр. 96.

 

2. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. - Ф. 109. IV экспедыцыя. 1838 год. - Воп. 178. - Спр. 212.

 

3. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. - Ф. 378. 1838 год. Агульны аддзел. - Спр. 1383.

 

4. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. - Ф. 378. 1839 год. Палітычны аддзел. - Спр. 797.

 

5. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. - Ф. 421. - Воп. 1. - Спр. 552.

 

6. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. - Ф. 634. - Воп. 1. - Спр. 47.

 

7. Марозава, С. Місія камергера Скрыпіцына / С. Марозава // Історія релігій в Украіні: науковий щорічник. - 2005 рік. - Кніга 1. - Львів: Логос, 2005. - С. 365-371.

 

8. Нацыянальная бібліятэка Расіі. Аддзел рукапісаў. - Ф. 690. - Спр. 5

 

9. Пятидесятилетие (1883-1889 г.) возсоединения с православною церковию западно-русских униатов: Соборные деяния и торжественные служения в 1839 году. - СПб., 1889.

 

10. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. - Ф. 797. - Воп. 7. - Спр. 23442.

 

11. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. - Ф. 797. - Воп. 7. - Спр. 23446.

 

12. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. - Ф. 797. - Воп. 87. - Спр. 18.

 

13. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. - Ф. 797. - Воп. 87. - Спр. 22.

 

14. Сушков, Н.В. Воспоминания о митрополите Литовском и Виленском Иосифе и об уничтожении унии в России / Н.В. Сушков. - М.: Университетская тип., 1869. - 40 с.

 

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

 

15. Radwan, M. Carat wobec kosćioła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796-1839 / M. Radwan. - Roma-Lublin: Polski Instytut kultury chreścijańskiej, 2001. - 504 s.

Марозава С.В.

Рубрыка: