Між Масковй і Варшавай (з кнігі "Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус")

Сабор скончыўся, i цяпер перад Царквой стаяла заданьне выканаць ягоныя пастановы ў сваім нутраным жыцьці, у дачыненьні да іншых цэркваў i да ўсяго сьвету.

Біскуп Сіповіч, які браў актыўны ўдзел у працы Сабору i розных ягоных камісіяў, мог цяпер знайсьці больш часу для іншых справаў. Як генэрал марыянаў, ён усё яшчэ мусіў жыць у Рыме i рабіць кананічныя візытацыі марыянскіх асяродкаў у розных краінах. У 1966 годзе, ад 22 лютага да 20 сакавіка, ён адведваў марыянскія кляштары ў Бразыліі i Аргентыне. У 1968 годзе правёў чатыры месяцы, ад 7 траўня да 9 верасьня, у падарожжы вакол сьвету. Ягоны шлях вёў з Рыму празь Лёндан у Злучаныя Штаты Амэрыкі, Новую Зэляндыю, Аўстралію, Індыю, Сьвятую Зямлю i зноў у Рым. Ад 15 лютага да 21 сакавіка наступнага году ён быў зноў у Паўднёвай Амэрыцы, у Бразыліі (Рыа-дэ-Жанэйра, Сан-Паўлё, Бразылія, Курытыба, Порта-Алегрэ) i Аргентыне (Буэнас-Айрэс, Разарыё, Кордаба). Афіцыйнай мэтай паездак выступалі марыянскія справы, але, дзе магчыма, біскуп Сіповіч наведваў таксама беларусаў. Такім чынам, у 1968 годзе, апрача Нью-Ёрку, Чыкага, Кліўлэнду i Дэтройту, дзе бываў раней, ён першы раз меў нагоду сустрэцца зь беларусамі ў Лёс-Анджэлесе. У Аўстраліі пазнаёміўся зь беларусамі ў Сыднэі, Мэльбурне, Адэляйдзе i Пэрце. У Бразыліі, Аргентыне i Новай Зэляндыі ён наведаў паасобныя беларускія сем’і.

Хоць абавязкі ў марыянскім законе патрабавалі вялікай увагі, але біскуп Сіповіч мог цяпер часьцей бываць у Лёндане. А між тым Марыян Гаўз з інтэрнатам сьв. Кірылы i нованабытым домам зь вялікай канфэрэнцыйнай заляй стаў значным рэлігійным i культурным асяродкам. Вучні інтэрнату сьв. Кірылы ўносілі нешта новае i сьвежае ў жыцьцё беларускага асяродзьдзя ў Лёндане. Ад 1964 году аднавіў свой рэгулярны выхад часопіс Божым шляхам. Ажывілася дзейнасьць Англа-Беларускага Таварыства. Ад 1965 году пачаў выходзіць, у вялікай меры дзякуючы ініцыятыве i нястомнай энэргіі сакратара Таварыства Г. Пікарды, навуковы часопіс на ангельскай мове The Journal of Byelorussian Studies (Часопіс беларусазнаўства), a ў 1966 годзе зладзілі першы “Курс лекцыяў зь беларускай культуры” (А Course of Lectures on Byelorussian Culture). Ангельская паэтка Вера Рыч, верная парафіянка Марыян Гаўз, заахвочаная а. Гарошкам i зь ягонай дапамогай, распачала працу над анталёгіяй беларускай паэзіі ў перакладзе на ангельскую мову, якая выйшла пад назовам Like Water, Like Fire (Як вада, як агонь) у 1971 годзе.

У 1966 годзе біскупу нарэшце ўдалося “выцягнуць” з Польшчы яшчэ аднаго беларускага марыяніна – айца Фэлікса Журню, сябра Сіповіча з Друі i Вільні. Пасьля высяленьня беларускіх марыянаў з Друі айцец Журня застаўся ў Польшчы. Там у 1943 годзе ён і атрымаў сьвятарства. Чалавек вялікай дабрыні i перакананы беларус, ён адзіны зь беларускіх марыянаў у Варшаве трымаў сувязь зь беларускім таварыствам i чытаў Ніву, газэту беларусаў у Польшчы, што выходзіла ў Беластоку. Нягледзячы на благое здароўе i вельмі слабы зрок, яго ніколі ня бачылі бязьдзейным. Ён пачаў рэгулярна пісаць у Божым шляхам i стаў вельмі вартасным памочнікам айца Германовіча. Айцец Журня быў рымскага (лацінскага) абраду. Для яго зрабілі “лацінскую” капліцу ў доме сьв. Пятра (39 Гольдэн Роўд).

3 сьнежня 1966 году ў Кэнігштайне біскуп Сіповіч высьвяціў на сьвятара дыякана Рабэрта Тамушанскага. Неўзабаве новы сьвятар прыехаў у Лёндан i адслужыў сваю першую Літургію ў капліцы сьв. Пятра i Паўла ў нядзелю 18 сьнежня. Біскуп Сіповіч прызначыў айца Рабэрта намесьнікам айца Надсана, тады кіраўніка інтэрнату сьв. Кірылы. Малады век (яму было 28 гадоў), музычныя і моўныя здольнасьці рабілі айца Рабэрта незаменным у працы з моладзьдзю.

У выніку II Ватыканскага Паўсюднага Сабору ажывіўся экумэнічны рух у Каталіцкай Царкве. Экумэнізм – гэта пошук шляхоў паяднаньня ўсіх хрысьціянаў у адной Царкве Хрыстовай. У яго аснове ляжыць унівэрсальны характар адкупленчай ахвяры Ісуса Хрыста, дзякуючы якой усе пакліканыя быць дзецьмі Божымі. Моцны штуршок экумэнічнаму руху надала сустрэча папы Паўла VI i патрыярха Канстантынопальскага Атэнагора I на Сьвятой Зямлі ў 1964 годзе. У 1967 годзе яны бачыліся і размаўлялі двойчы: у чэрвені ў Канстантынопалі і ў кастрычніку ў Рыме.

Шлях да збліжэньня хрысьціянаў не заўсёды праходзіў гладка. Ня ўсе прыхільна ставіліся да экумэнізму. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку цікавы выпадак, які здарыўся ў Лёндане 30 чэрвеня 1966 году на ўгодкі каранацыі папы Паўла VI: «Урачыстае Te Deum y Ўэстмінстэрскай катэдры (каталіцкай. – А.Н.)... Служыць Архбп Кардынале (апостальскі дэлегат. “Кардынале” – ягонае прозьвішча. – А.Н.). Кардынал Гінан зусім не паказаўся. Прысутныя на малітве лацінскія біскупы (5?) i ўсходнія: Патрыярх Шэіко (хальдэйскі. – А.Н.), Бп. Горняк i я... Апост. Дэлегат даволі нэрвовы. Здаецца, што ён жадаў, каб праваслаўны, армянскі i англіканскія біскупы былі блізка аўтара (praesbiterium, г. зн. месца, прызначанае для духавенства. – А.Н.), але канонікі не згадзіліся дзеля “мала мейсца”».

Біскуп Сіповіч заўсёды быў “экумэністам”. Ён зь цеплынёй i добразычлівасьцю ставіўся да праваслаўных задоўга да Ватыканскага Сабору. Дзе магчыма, ён дапамагаў ім i супрацоўнічаў зь імі. У першыя дні студзеня 1966 году біскуп наведаў Нотынгам, дзе сустрэўся з новым беларускім праваслаўным сьвятаром айцом Янкам Абабуркам. Той, як напісаў Сіповіч у сваім дзёньніку 1 студзеня, «зрабіў на мяне вельмі добрае ўражаньне: скромны, пабожны, патрыёт». Наступнага дня ўранку «прыйшоў да мяне а. Я. Абабурка. У гутарцы ён сказаў: Я ніякай розьніцы ня бачу паміж Праваслаўнай i Каталіцкай цэрквамі. Трэба аднак быць асьцярожным у душпастырскай працы, бо людзі не дасьпелі да хрысьціянскай еднасьці».

11 кастрычніка 1967 году ў Мюнхэне памёр малады i здольны беларускі навуковец Алесь Марговіч, колішні студэнт Каталіцкага Лювэнскага Ўнівэрсытэту. Ён быў праваслаўны. На хаўтуры 16 кастрычніка прыехалі беларускі праваслаўны сьвятар з Бэльгіі айцец Аўген Смаршчок i з Рыму біскуп Сіповіч. Ha пахаваньні, як апісаў яго біскуп Сіповіч, «А(йцец) Смаршчок галоўным служачым, i яму дапамагае дыякан з украінскае царквы. Мне асыстуюць прат. Салавей i ўкраінскі праваслаўны сьвятар. У час цэлай службы я выконваю ўсё тое што належыць да архіерэя: багаслаўляю “Мір усім”, адмаўляю ля труны разьвітальную малітву». Такая супольная служба перад Саборам не магла б адбыцца.

У траўні 1968 году Ўладыка Чэслаў пачаў сваё 4-месячнае падарожжа вакол сьвету, каб зрабіць кананічную візытацыю марыянскіх законных дамоў у розных краінах сьвету. Дарога вяла з Рыму празь Лёндан у Нью-Ёрк, дзе 11 траўня біскуп Сіповіч быў на прыёме ў залі пры беларускім праваслаўным саборы сьв. Кірылы Тураўскага. Як ён зазначыў у сваім дзёньніку, на прыёме «Ўладыка Васіль (праваслаўны. – А.Н.) гаварыў аб патрэбе еднасьці паміж хрысьціянамі. Успомніў аб спатканьні Патрыярха Атэнагора з Папам Паўлам VI». Пытаньне хрысьціянскай еднасьці ўзьнікала часта, асабліва ў Аўстраліі, дзе беларусы ўпершыню сустракаліся зь беларускім каталіцкім біскупам. Напрыклад, у Сыднэі 8 жніўня: «Даклад для беларусаў. Прысутных каля 30 чалавек... Дыскусія. Пытаньні аб царкоўнай еднасьці: калі яна наступе? Што цяпер у гэтай справе робіцца? i т.п.» Праз тры дні, 11 жніўня, сустрэча зь беларусамі ў Мэльбурне: «Нядзеля. Сьв. Літургія a гадз. 10.45 у ўкраінскай катэдры. Гавару казаньне па-беларуску... Абедаю ў украінцаў. Пасьля еду са сп. Ніканам да яго. Там вячэра, спатканьне з беларусамі... Сп. Скабей дае розныя пытаньні аб абрадзе, аб сьв. Язафаце (чаму яго апошнім часам пачалі пашыраць культ), аб ватыканскай палітыцы. Ca сп. Кадняком (паэта Алесь Салавей. – А.Н.) ідзе гутарка аб паэзіі». Ha наступны дзень: «Вячэра i спатканьне ў сп.ва Каднякоў... Сп. Скабей “мучыў” ізноў мяне рознымі пытаньнямі. Я яму стараўся спакойна i шчыра адказваць. У адным мамэнце ён сказаў: “Цяпер разумею, чаму Вас, Уладыка, завуць душахватам”».

У Рыме біскупу Сіповічу надарылася сустракацца з праваслаўнымі сьвятарамі Маскоўскага Патрыярхату, у тым ліку з айцом Віталем Баравым, беларусам, былым прафэсарам Ленінградзкай духоўнай акадэміі i назіральнікам на Ватыканскім Саборы. Пасьля заканчэньня Сабору яго прызначылі прадстаўніком Маскоўскага Патрыярхату пры Сусьветнай Радзе Цэркваў (World Council of Churches) у Жэнэве ў Швайцарыі. Увесну 1967 году айцец Віталь знаходзіўся ў Рыме i 2 сакавіка прыйшоў пабачыцца зь біскупам Сіповічам, які пакінуў наступнае апісаньне гэтай сустрэчы: «Протаерэй Баравы вельмі гаваркі, паказаўся інтэлігентны i даволі шчыры. Аб Ватыканскім Саборы (тут і далей падкрэсьлена біскупам Сіповічам. – А.Н.) сказаў: “Лепш, каб яго не было б, калі б пасьля Сабору не было ўрэчаісьнена тое, што хацеў Сабор”. Аб Айцу Сьв. кажа: “Разумны, аж за разумны чалавек! Ён не зрабіў дагэтуль памылкі, i ня зробіць, але таму, што кожную рэч студыюе, шмат думае, ня зробіць вялікіх рашучых спраў, бо ўсьцяж будзе бачыць перашкоды. Гутарыў зь ім адзін-на-адзін праз 45 мінут, жадаў бы яшчэ падобна пагутарыць. Калі памром, тады Хрыстос Папу i мяне запытае пра тую гутарку. Я быў рады, што я, маленькі, мог высказацца ў важных справах”. Аб Ватыканскай дыплямацыі: “Яна вядзецца разумна, але таксама ў пэўных нашых справах разумныя Казаролі (Casaroli) не зусім разьбіраюцца. Тут трэба, каб ім памаглі Сьліпыя, Сіповічы... Такжа патрэба, каб супрацоўнічала Ватыканская дыплямацыя з Праваслаўнай Царквой, інакш камуністы абдураць яе падобна, як абдурылі Дэрбіньі...” Я зрабіў заўвагу, што магчыма Дэрбіньі зрабіў шмат памылак, але ён не супрацоўнічаў з камуністамі. Протаерэй адказвае, што ў архівах Маскоўскай Патрыярхіі ён чытаў нейкі даклад (справаздачу. – А.Н.) на гэту тэму. Магчыма, што ўжо добра ўсяго ня помніць. Аб працы ў World Council of Churches: “Я там працую i імкнуся так працаваць, каб Праваслаўную Царкву і іншыя цэрквы абараніць ад камуністычнай загубы. Калісь аб гэтым будзе ведама...” Аб Беларусі кажа: “Яна будзе, але ані капіталістычная, ані камуністычная. Але ня будзе яна такая, якую жадаюць яе мець беларусы ў Лёндане ці дзе індзей”... Даў яму на адходзіны апошнія нумары Божым шляхам. За папярэдне высланыя часапісы дзякаваў: казаў, што пільна ix з усхваляваньнем чытаў... На выхадное ён мне некалькі разоў паўтарыў: “Жыве!” – Адказаў: “Жыве!” Усе беларусы вельмі добра ведаюць, што гэта значыць: Жыве Беларусь!»

Ha пачатку 1968 году два праваслаўныя сьвятары з Маскоўскага Патрыярхату прыехалі вучыцца ў Рым. Ix пасялілі ў Русікуме. Адзін зь сьвятароў, Пётра Раіна, быў беларусам, другі, Уладзімер Ражкоў, – расейцам.

17 сакавіка 1968 году біскуп Сіповіч рабіў даклад пра Францішка Скарыну ў Папскім Усходнім Інстытуце. Ha ім прысутнічаў айцец Раіна, які потым сказаў біскупу Сіповічу: «Вы гаварылі аб Скарыне з нацыянальнай гордасьцю».

8 красавіка айцец Раіна прыйшоў адведаць біскупа Сіповіча. Яны доўга размаўлялі. Вось выняткі гутаркі зь дзёньніка біскупа Сіповіча: «(Айцец Раіна) Расказаў мне гэтакі факт. Ён быў праваслаўным парахам каля Оршы. Адной нядзелі прыйшла да яго жанчына каталічка i запытала: ці магла б выспавядацца i прычасьціцца, астаючыся каталічкай? Айцец Раіна адказаў, чаму ж не?! У другую нядзелю прыйшло каля 10 жанчын каталічак, а пазьней каля сотні... На маё пытаньне: “Якая вялікая была ваша парафія?” – адказаў: “Мы ня лічым i не рэгіструем. Хто прыходзіць да нас, таго абслугоўваем. Мітрапаліт Менскі Пітырым, – разумны чалавек, – гэтак нам казаў рабіць, i мы рабілі”. За часоў Хрушчова зачынілі на Беларусі каля 800 праваслаўных цэркваў. Найбольшая віна падае на праваслаўнага Біскупа Варлаама, які заслугоўвае на імя д’явала... Ён зачыніў i сэмінарыю ў Жыровіцах, дзе вучыўся сам Раіна, а яго прафэсарам быў а. Баравы... Хрушчоў i біскуп Варлаам зьнішчылі Царкву... “Найважнейшай рэчай – кажа а. Раіна, – цяпер утрымаць Бога ў сэрцы людзей. Народ добры на Беларусі. Поўныя цэрквы. Спадзяёмся, што ня будзе горш”... Айцец Раіна кажа, што ён з Палесься. Так i выглядае!»

16 красавіка, перад выездам праваслаўных сьвятароў у Маскву на праваслаўны Вялікдзень, у Русікуме прайшла разьвітальная вячэра. На яе запрасілі і біскупа Сіповіча. Пасьля ён пакінуў у дзёньніку свае разважаньні: «Як гэта ўсё ацэньваць? Трэба падзіўляць сьмеласьць езуітаў, але i Мітр(апаліта) Нікадыма, што згадзіўся выслаць сваіх протаерэяў у хрысьціянскі цэнтр пад апеку езуітаў. Дзеля розных, аднак, прычын айцы езуіты былі змушаныя на вачах сваіх іншых студэнтаў хадзіць на пятках перад гэтымі быццам рэпрэзэнтантамі Масквы. Варта было б заўважыць i тое, што “Русікум” дагэтуль поўнасьцю рэпрэзэнтаваў царскую старую “сьвятую” Расею implicite (уключна. – А.Н.) з усімі яе захопніцка-імпэрыялістычнымі імкненьнямі. Гэтыя два протаерэі – людзі савецкія! Было-ні-было, Саветы не Расея. Адзін з ix сьведама прызнаецца да сваёй беларускасьці: Пэўне ж, абраднасьць “праваслаўная” усё тушуе, але ці не прыйшоў час, каб “Русікум” стаўся “Совецікум”?»

Два сьвятары вярнуліся пасьля Вялікадня. 10 сьнежня айцец Раіна прыйшоў да біскупа Сіповіча ўсхваляваны i распавёў пра прыкры выпадак, які зь ім здарыўся. Вось як апісаў яго біскуп: «Пару тыдняў таму назад ён (Раіна. – А.Н.) i яго сябра а. Уладзімір Ражкоў меліся ісьці да Кард. Я. Сьліпога. Калі аб гэтым паведаміў сакратар Кардынала, а. Пётр Раіна прыняў тэлефон. Пасьля, не знайшоўшы а. Уладзіміра, сам адзін паехаў з візытам да Кардынала. Калі пасьля яны спаткаліся, а. Уладзімір са злосьцю стаў крычаць: “Хто цябе ўпаўнаважыў ісьці да Кардынала?! Поговорим в Москве!..” Так а. Уладзімір здрадзіў свой характар i выявіў, што ён ёсьць “упаўнаважаны” даносчык. Расказваў аб гэтым а. Пётр са сьлязамі. Ён такжа сказаў: “Вельмі шмат усяго ў мяне набалела, але цярплю, пакуль мае дзеці скончаць школу”».

Біскуп Сіповіч i айцец Раіна ліставаліся доўгі час пасьля таго, як абодва пакінулі Рым. Айцец Раіна дапамог біскупу дастаць некаторыя беларускія кнігі, а таксама фатакопіі Бібліі Скарыны з Нацыянальнай бібліятэкі ў Маскве.

Шмат часу i клопатаў каштавала біскупу Сіповічу справа апостальскага адміністратара для каталікоў рымскага (лацінскага) абраду ў Беларусі.

Каталіцкая Царква ў Беларусі знаходзілася ў вельмі сумным становішчы. Ha ўсёй тэрыторыі БССР было ўсяго некалькі дзясяткаў сьвятароў, пераважна ў досыць старым веку, i ніводнага біскупа ці апостальскага адміністратара, ніякай герархічнай арганізацыі. Больш за тое, бальшыню сьвятароў складалі палякі або апалячаныя беларусы. Яны жылі пераважна ў заходніх раёнах Беларусі, якія да 1939 году зазналі польскае панаваньне i ўваходзілі ў склад Віленскай i Пінскай дыяцэзіяў. Для тых частак гэтых дыяцэзіяў, што пасьля вайны 1939–1945 гадоў засталіся ў межах Польшчы, прызначаліся апостальскія адміністратары (звычайна біскупы) у Беластоку i Драгічыне. Несумнеўна, гэтыя адміністратары ўважалі, што маюць таксама юрысдыкцыю на тэрыторыі з таго боку польска-савецкай мяжы. Але сапраўдная ўлада належала Варшаве. Біскуп Сіповіч 1 сьнежня 1968 году меў доўгую гутарку з галавой Польскай Царквы кардыналам Стэфанам Вышынскім. Ён запісаў у сваім дзёньніку: «Кардынал мае юрысдыкцыю на частку Пінскай і Віленскай дыяцэзіяў, якія калісьці належалі да гэтых дыяцэзіяў пад Польшчай. Мусіць вельмі асьцярожна гэтай юрысдыкцыяй карыстацца, каб не пашкодзіць у душпастырскай працы тым сьвятаром на Беларусі. Ён часам высьвячае для Беларусі сьвятароў, але аб гэтым ніхто абсалютна не павінен ведаць. Сувязі ён мае з Беларусяй праз законьніцаў».

Для біскупа Сіповіча гэта ня сталася навіною, хоць добра было пачуць пацьверджаньне з вуснаў самога кардынала. Амаль на два гады раней, 28 лютага 1967 году, летувіскі сьвятар і прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь Вільні сказаў яму: «Польскія сьвятары робяць усё магчымае, каб палянізаваць беларусаў. Перавозяць розныя кніжкі літургічныя i іншыя. Ёсьць трох назначаных Кард. Вышынскім такіх ягоных дэлегатаў: Арановіч, Тамковіч Алёйзы, П. Барташэвіч. Усе заядлыя палякі».

Такім чынам, нягледзячы на ўсе палітычныя i сацыяльныя перамены, ня кажучы ўжо пра велізарныя зрухі ў Царкве, выкліканыя Саборам, сярод народаў сьвету адных беларусаў пазбавілі магчымасьці слухаць Слова Божае i славіць Усявышняга на роднай мове. Адзіны праменьчык надзеі сьвяціў у Вішневе, дзе працаваў марыянін айцец Уладыслаў Чарняўскі (1916–2001). Скончыўшы Друйскую гімназію ў 1937 годзе, пасьля навіцыяту ён працягваў вучыцца ў Летуве, пасьля сьвячаньняў у 1944 годзе працаваў там нейкі час сьвятаром. Аднак яго прыцягвала Беларусь, i ў 1953 годзе ён пераехаў на Бацькаўшчыну, асеўшы на ўсё жыцьцё ў Вішневе, што каля Валожыну. Перад Калядамі 1965 году ён пісаў біскупу Сіповічу: «Працую на гэтым месцы 12 год. Перабраўся з Літвы на Беларусь, бо хацелася хаця раз у жыцьці (ня думаў доўга жыць) прагаварыць да народу родным слаўцом. Так сяк прывык да людзей, a яны прывыклі да мяне і зразумелі. Маю на думцы сьвятарскую працу i беларускасьць. Сьпярша крывіліся і ўсяк гаварылі, але не ад сябе, але ад тых, што ix палохалі. З часам пабачылі, што нічога страшнага, што можна гаварыць у касьцеле i слухаць аб Богу па беларуску». У сваёй працы ён сутыкаўся з мноствам перашкодаў ад савецкіх уладаў, але найбольш ад сваіх братоў-сьвятароў. У лісьце за 26 лютага 1966 году ён разважае: «Некаторыя духоўнікі (выхадцы са шляхты) арыентуюцца i далей на Варшаву i Беласток, ды праводзяць гэту лінію ў сваёй пастырскай працы, тым самым калечаць i нішчаць нацыянальную сьведамасьць i пачуцьці i дастойнасьць нашых родных братоў i сясьцёр веручых, i гэтак калечаць ix духова. Яны бо пазбаўлены магчымасьці маліцца i слухаць Слова Божае на роднай мове. У свой час i я многа перацярпеў, пачынаючы як-што маліцца i навучаць на беларускай мове».

Біскуп Сіповіч упершыню пачуў пра айца Чарняўскага ад летувіскіх біскупаў, якія прыехалі ў Рым на Сабор. У сярэдзіне 1965 году яму ўдалося наладзіць зь ім лістоўную сувязь. Але яшчэ раней, 18 лістапада 1964 году, у гутарцы з архібіскупам Антоніо Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту, ён узьняў справу апостальскага адміністратара для Беларусі i прапанаваў кандыдатам а. Чарняўскага.

У Дзяржаўным Сакратарыяце да прапановы біскупа Сіповіча паставіліся сур’ёзна. Адказным за справу прызначылі мансіньёра Габрыеля Мантальву (Gabriel Montalvo), маладога прафэсійнага ватыканскага дыплямата. Пасьля вывучэньня пытаньня, што заняло даволі шмат часу, Дзяржаўны Сакратарыят згадзіўся на прапанову Сіповіча. 6 сьнежня 1965 году айцу Чарняўскаму выслалі ліст, падпісаны дзяржаўным сакратаром кардыналам Амлета Чыканьяні з запытаньнем, ці ён згодзіцца быць, калі дазволяць умовы, апостальскім адміністратарам для Беларусі. Не атрымаўшы ад айца Чарняўскага адказу (здаецца, адрас быў недакладны), 20 сьнежня яму выслалі другі ліст таго ж зьместу. Дарэчы, абодва лісты ён атрымаў 28 сьнежня.

Атрымаўшы лісты, Чарняўскі не сьпяшаўся з адказам. Толькі 26 лютага напісаў ён біскупу Сіповічу: «28/ХІІ 65 атрымаў адразу 2 аднолькавыя пісьмы з Рыма, ад Эксцэленцыі Яго Сьвятасьці Сакратара кардынала Чыканьяні з прапановаю заняць становішча апостальскага адміністратара на Беларусі для каталікоў лацінскага абраду – калі на гэта пазволяць умовы. Гэтае пісьмо i прапанова былі для мяне вялікай нечаканасьцю... Усю ноч ня спаў, застанаўляючыся... Радаваўся магчымасьці дастойнай працы для веручых каталікоў свайго народа, але разам i трывожыўся адказнасьцю прынятага абавязку i магчымымі цяжкасьцямі ў гэтай працы... У сваім духоўным, рэлігійным жыцьці мы беларусы-каталікі напатыкаем многа розных перашкод з боку польскага духавенства, якія лічаць нас падпарадкаванымі сваёй правінцыі. З гэтае прычыны i гэтае назначэньне таксама спаткае вялікія цяжкасьці з боку эпіскапатаў Варшавы i Беластока, бо яны па ранейшаму хацелі б утрымаць status quo (так як ёсьць. – А.Н.) i ранейшую лінію ў адносінах да каталікоў беларусаў... Таму, каб пачатая справа Вамі мела посьпех для беларусаў-каталікоў, трэба каб як-небудзь з Вашай, Ойча, дапамогай падказаць Прымасу ў Варшаве i іншым яго біскупам, каб яны ня толькі не стаўлялі перашкод нам у гэтай справе, але i каб пры станоўчым рашэньні пытаньня аб адміністрацыі Касьцёла ў Беларусі падпарадкаваліся адміністрацыі і не перашкаджалі паступенна ўводзіць беларускую мову ў казаньні i літургію, як хочуць гэтага i рашылі Айцы Сабору. Калі гэта не правядзецца, то, нягледзячы на ўвядзеньне адміністрацыі – усё астанецца па старому. Я пакуль што думаю, а па атрыманьні Вашае, Ойча, рады па гэтай справе, дам адказ Эксцэленцыі Кард. Чыканьяні, Сакратару Яго Сьвятасьці».

У Рыме гэты ліст айца Чарняўскага ацанілі як згоду, хоць i ўмоўную, і на гэтай падставе Дзяржаўны Сакратарыят пачаў далейшыя захады. 2 красавіка біскупа Сіповіча выклікалі ў Сакратарыят. Там, як апісвае ён у сваім дзёньніку, манс. Мантальва паведаміў яму: «“Маю для вас добрую новасьць... У справе Апостальскай Адміністрацыі быў паінфармаваны Айцец Сьвяты Павал VI, i ён сказаў: La lettera mandata dal Segretario dello Stato a P. Carniauski si deve considerare come il fatto compiuto (ліст дзяржаўнага сакратара да a. Чарняўскага павінен разглядацца як зроблены факт. – А.Н.). Айцец Чарняўскі мае зьвярнуцца да адпаведных уладаў у Менск.” Пытаю: “Ці я маю яго аб гэтым паведаміць?” “Так” – кажа монс. Мантальва. Астаецца быць вельмі асьцярожным, пішучы да яго ліст. Трэба ўзяць пад увагу ня толькі, што яго мае чытаць i разумець а. Ул. Чарняўскі, але i ўлады савецкія. Айцец Сьвяты не ўважае за патрэбнае, каб а. Чарняўскі цяпер ехаў у Польшчу адведаць сваю сястру i марыянаў з Друі. Гэта можа спрычыніць у савецкіх уладаў розныя падазрэньні».

Папа, навучаны горкім досьведам Дэрбіньі, не хацеў рабіць нічога таемна ад сьвецкіх уладаў, нават калі гэтыя ўлады – ня толькі сьвецкія, але i савецкія. Зь іншага боку, ён не хацеў прасіць ix. Гэта нядвухсэнсоўна патлумачылі біскупу Сіповічу ў Дзяржаўным Сакратарыяце 15 красавіка: «Доўга гутарым з монс. Мантальва аб справах уладжаньня Царквы ў БССР. Сяньня ён мне сказаў, што Айцец Сьв. уласнаручна (con proprio pugno) напісаў “Annunciare, non chiedere” (паведаміць, не прасіць). Гэтакая лінія паступаньня айца Ўладыслава Чарняўскага ў адносінах да савецкае ўлады. Атрымаўшы ён ліст ад Кард. Чыканьяні, павінен паведаміць аб гэтым савецкія ўлады, але не прасіць іхнай апрабаты».

У тым часе ў Ватыкане рыхтаваліся да сустрэчы папы зь міністрам замежных справаў СССР Андрэем Грамыкам. Біскуп Сіповіч спадзяваўся, што на перамовах будзе ўзьнімацца пытаньне апостальскага адміністратара ў Беларусі. Ён падрыхтаваў мэмарыял “Considerationes de Negotiis Ecclesiae Catholicae Ritus Latini in Bielorussia ordinandas” (Заўвагі, як упарадкаваць справы Каталіцкай Царквы лацінскага абраду ў Беларусі) i перадаў яго 16 красавіка ў Дзяржаўны Сакратарыят. Папа прыняў Грамыку 27 красавіка. Біскуп Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяюся, што ў гутарцы з Грамыкам была парушаная i справа Апостальскай Адміністрацыі ў Беларусі». 30 красавіка манс. Мантальва сказаў біскупу Сіповічу: «Газэты шмат пішуць аб спатканьні Айца Сьв. з Грамыкам, а мы тут ведаем толькі тое, што было на стале ў Айца Сьв. перад гэтым спатканьнем. Паміж іншым – сказаў – была i справа Апост. Адміністрацыі ў Беларусі згодна з тым, што я пісаў у “Considerationes...”». Пазьней, 2 верасьня, кардынал Сьліпый сказаў біскупу Сіповічу, быццам “ca спатканьня Папы з Грамыкам нічога ня выйшла”. Кардынал, які меў у той дзень аўдыенцыю ў папы, спытаўся ў яго, што чуваць з назначэньнем Адміністратара Ап. для Беларусі? Папа адказаў: «Учора гутарыў з монс. Казаролі аб тым, як трэба рабіць». Такім чынам, на справу апостальскага адміністратара не забыліся, хоць i рухалася яна паволі.

6 кастрычніка 1966 году біскуп Сіповіч меў доўгую гутарку з архібіскупам Антоніё Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту. Той раіў склікаць паседжаньне камісіі “Pro Russia”, запрасіўшы яшчэ некалькі асобаў збоку, каб разгледзець справу i знайсьці спосаб яе паскорыць. Біскуп Сіповіч застаўся ня вельмі задаволены i сказаў, што пара ўжо зьмяніць назву камісіі. Самарэ не пярэчыў, але заўважыў, што цяпер ня час i што “важная справа, а не назовы”. На гэтым і пагадзіліся. 17 кастрычніка адбылося паседжаньне ў Дзяржаўным Сакратарыяце. Вось як апісаў яго біскуп Сіповіч: «Прысутныя: Ix Дастойнасьці біскупы Самарэ, Дэль’Аква, Брыні, Віллебрандс, Бразыс і Сіповіч. Монс. Мантальва сакратаром за аддзельным столікам. Я. Д. Самарэ выясьняе мэту зборкі: разважыць патрэбы вернікаў каталікоў лацінскага абраду ў Савецкім Саюзе, асабліва справу Апостальскага Адміністратара для Беларусі. Усе прысутныя згаджаюцца, што даўней створаная (1926 г.) Commissio pro Russia павінна быць пашырана i яе назоў неадпаведны, але каб рабіць справу больш дыскрэтна, пакуль што лепш ня рухаць гэтай камісіі... Я. Д. Самарэ інфармуе аб Апост. Адміністратару ў Беларусі, пасьля перадае слова біскупу Сіповічу. Гэты адчытвае (па лаціне) апошні ліст айца Ул. Чарняўскага i кажа, што цяпер ідзе толькі аб тое, якім спосабам назначыць яго Ап. Адміністратарам i кансэкраваць Біскупам, каб пасьля ён мог спаўняць свае абавязкі? Монс. Самарэ зьвяртаецца да монс. Віллебрандс з пытаньнем, ці мог бы ён гэта выканаць, выехаўшы пад іншым прэтэкстам у Маскву. Монс. Дэль’Аква кажа, каб айца Чарняўскага заклікаць у Рым. З гэтым усе згаджаюцца».

19 лістапада манс. Мантальва быў на вячэры ў біскупа Сіповіча. Як Сіповіч запісаў у сваім дзёньніку, «адносна назначэньня айца У. Чарняўскага Адміністратарам Беларусі, ён высказаўся, што часам мае сумнівы, ці не зашмат праз асьцярожнасьць зацягваецца гэта справа».

30 студзеня 1967 году папа прыняў старшыню Вярхоўнага Савету СССР (або, як яго называлі на Захадзе, “прэзыдэнта”) Падгорнага. Пад час аўдыенцыі, паводле газэты L’Osservatore Romano, закраналіся “пытаньні рэлігійнага жыцьця i прысутнасьці Каталіцкай Царквы на землях Савецкага Саюзу”. Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяваймося, што Папа помніў у той хвіліне i пра Беларусь i пра Апостальскага Адміністратара на Беларусі». Тая газэта паведамляла, што, «як доказ асаблівай павагі i жывой прыхільнасьці да Вялікага Расейскага Народу (A manifestazione della sua speciale stima e del suo vivo affetto per il Grande Popolo Russo), Яго Сьвятасьць Павал VІ зрабіў спадару Прэзыдэнту Падгорнаму падарунак». Біскуп Сіповіч так камэнтаваў гэтыя словы: «Крыху фальшыва звучыць у L’Osservatore Romano сказ “А manifestazione...” “Il Grande Popolo Russo” – быццам жыўцом узята з савецкіх газэт. Сам Падгорны – украінец i галава Савецкага Саюзу, а не прадстаўнік “del grande popolo Russo” (вялікага расейскага народу. – А.Н.)».

1 лютага біскуп Сіповіч зноў сустрэўся з манс. Мантальвам, які паведаміў, што запрашэньне айцу Чарняўскаму ўжо выслалі. З гэтае нагоды біскуп запісаў у дзёньніку: «Я запытаў у Монс. Монтальво: “Хто падпісаў запросіны для айца Чарняўскага?” Адказаў: “Кард. Чыканьяні”». Між іншага, тым часам айцец Чарняўскі атрымаў пасаду кансультара Кангрэгацыі Абрадаў (Congregatio Rituum). Прызначэньне зусім не фіктыўнае, бо айцец Чарняўскі ўжо тады сур’ёзна займаўся перакладам лацінскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову. Да таго ж яно магло дапамагчы яму атрымаць дазвол на выезд у Рым.

28 лютага 1967 году ў Рым прыехалі летувіскія біскупы, a зь імі прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь Вільні. Той расказаў, што айцец Чарняўскі атрымаў лісты i запрашэньне з Рыму. На ягоную думку, як запісаў біскуп Сіповіч у дзёньніку, «на выезд яму пакуль што не дазволяць». Відаць, айцец Чарняўскі раскрыў камусьці плян зрабіць яго адміністратарам. Крывайціс «зьвярнуў яму ўвагу, што дрэнна робіць, бо хутка даведаюцца палякі, i будзе яшчэ больш перашкодаў».

Але было ўжо запозна. Біскуп Сіповіч піша ў сваім дзёньніку 29 сакавіка: «Звоніць да мяне позна вечарам пралат Татарыновіч i кажа: “Чаму затойваеце ад мяне сакрэты?” Пытаю, якія? Ён кажа, што атрымаў ліст з Польшчы ад кс. Барысэвіча, які піша, што ўжо разышліся слыхі, што назначаны Адміністратарам Беларусі а. Ул. Чарняўскі, друйскі марыянін, i што мае быць высьвячаны на Біскупа Менскага ў красавіку гэтага году! Доўга пасьля гэтай гутаркі не магу заснуць».

Сапраўды, а. Віктар Барысэвіч, беларус з былой Пінскай дыяцэзіі, які пасьля вайны апынуўся ў Польшчы, пісаў айцу Татарыновічу на Вялікдзень (г. зн. не пазьней як 26 сакавіка) 1967 году: «Ня ведаю, чы праўда, але падобна на Беларусь застаў мянаваны Адміністратарам Апостальскім кс. Уладыслаў Чарняўскі, марыянін друйскі. У кветню (красавіку. – А.Н.) мае прымаць дэцэз’ю Мінскую, а з тою i тамтаю часьць нашай (г. зн. Пінскай. – А.Н.) дыецэз’і». У канцы ліста дапіска: «Выбачце, што не папраўна пішу».

Такім чынам, шыла вылезла зь мяшка...

Наступныя некалькі месяцаў ад айца Чарняўскага не было ніякіх вестак. У сьнежні біскуп Сіповіч атрымаў бясплатны білет у Сьвятую Зямлю i зьбіраўся ехаць. Раптам 8 сьнежня прыходзіць тэлеграма: «Выяжджаю пояздам 9 сьнежня. Вагон Масква–Рым. Сустракайце 11 сьнежня раніцай. Уладзюк».

Біскуп Сіповіч напісаў у дзёньніку: «Няма сумніву: тэлеграма ад айца Уладыслава Чарняўскага. Акурат сяньня на дзень нашага марыянскага найвялікшага сьвята! Падарак Непавіннай Божай Маці!» Можна дадаць, што гэта быў таксама дзень нараджэньня біскупа Сіповіча. Ад падарожжа ў Сьвятую Зямлю давялося адмовіцца...

Прыходзіць дзень 11 сьнежня 1967 году: «Раніцай сьпяшу на станцыю... Прыехаў такжа i Монс. Монтальва з Дзяржаўнага Сакратарыяту. Гутарым, чакаем. Дакладна а гадз. 8.30 прыяжджае цягнік з Трыестэ, а з ім разам беспасрэдны вагон з Масквы. Каля яго бачым з адной валізкай i партфэлем айца Ўладыслава Чарняўскага. Вітаемся ўсхваляваныя. Пасьля блізу 30 гадоў разлукі – спаткаліся! Ён выглядае добра. Касьцюм цаглянага блізу колеру, у кепцы. Тып савецкага грамадзяніна! Айцец Чарняўскі прыехаў сам адзін... Прышоў такжа i пралат П. Татарыновіч i расцалаваліся з а. Чарняўскім. Гэты сказаў яму: “Чуў ваш голас па радыё Ватыканскім!”...»

У сераду 13 сьнежня адбылася першая сустрэча ў Дзяржаўным Сакратарыяце з архібіскупам Агастыно Казаролі, ватыканскім “міністрам замежных справаў”. Айцец Чарняўскі гаварыў пра стан Каталіцкай Царквы ў Беларусі, a біскуп Сіповіч перакладаў на лацінскую мову. Біскуп Сіповіч занатаваў пасьля ў дзёньніку: калі дайшло да пункту, зь якога выглядала, «што ўлады ў Мінску жадаюць мець Апост. Адміністратара, але ня могуць зрабіць гэтага без Масквы, Я. Д. Казаролі кажа: “Ці не праяўляецца ў гэтым беларускі патрыятызм Рэспублікі?” Мы адказалі, што так выглядае. Дзіўна звучыць, але паўнамочнік па справах культу ў Менску казаў а. Ул. Чарняўскаму, каб гэты, будучы ў Рыме, папрасіў Ватыкан, каб Ватыкан зрабіў націск на Маскву!.. На нас абодвых спатканьне з Монс. Казаролі зрабіла як найлепшае ўражаньне. Ён ня толькі ўдумваецца, уваходзіць у нашы царкоўныя справы, але ён ix разумее».

У наступныя дні – сустрэчы ў розных ватыканскіх кангрэгацыях i чаканьне папскай аўдыенцыі – яе нялёгка было атрымаць у Калядны час. Між тым у а. Чарняўскага сканчаўся дазвол на знаходжаньне за мяжою. 3 студзеня 1968 году ён пайшоў пабачыцца з савецкім консулем Юдкіным. Той вельмі ветліва спаткаў айца Чарняўскага i сказаў, што калі папа гэтага жадае, дык айцец Чарняўскі павінен заставацца даўжэй i ні пра што не турбавацца. Толькі ён, a магчыма, i амбасадар, хацелі б пабачыцца зь ім перад аўдыенцыяй. Два тыдні пасьля, 16 студзеня, Юдкін сам паклікаў a. Чарняўскага i сказаў, каб той сьпяшаўся з аўдыенцыяй, бо Менску можа не спадабацца, што ён так доўга знаходзіцца за мяжою. Юдкін таксама спытаўся, ці а. Чарняўскі ведае пра якога-небудзь іншага кандыдата, апрача сябе, на пасаду апостальскага адміністратара. Айцец Чарняўскі вярнуўся вельмі заклапочаны.

Нарэшце папскую аўдыенцыю прызначылі на панядзелак 22 студзеня. У пэўным сэнсе гэта была фармальнасьць, але вельмі важная, бо ўсе спадзяваліся, што папа скарыстае з нагоды, каб афіцыйна аб’явіць пра прызначэньне апостальскага адміністратара. На жаль, праз хваробу архібіскупа Казаролі перамовы з савецкімі ўладамі яшчэ не завяршыліся, a бязь іхнай згоды нічога нельга было зрабіць. Вось чаму папа сказаў айцу Чарняўскаму па-лаціне: «Tibi confertur munus Administratoris Apostolici» (Табе надаюцца абавязкі апостальскага адміністратара), a па-італійску, зьвяртаючыся да біскупа Сіповіча, дадаў: «Lei sa sotto quali condizioni» (Вы ведаеце, пад якімі ўмовамі). Зразумела, Сіповіч i Чарняўскі чакалі іншага, але ў дадзеных абставінах, відаць, гэта быў максымум магчымага.

27 студзеня айцец Чарняўскі атрымаў ліст, падпісаны Дзяржаўным Сакратаром кардыналам Чыканьяні, у якім гаварылася: «Сьвяты Найвышэйшы Сьвятар жадае яшчэ раз паказаць сваю спагадлівасьць да цябе i запэўніць цябе... што ён мае заўсёды перад вачыма патрэбы i спадзяваньні многіх каталікоў высакароднага беларускага народу, да якога ён мае асаблівыя пачуцьці добразычлівасьці.

З гэтае прычыны Сьвяты Айцец, які нядаўна прыняў цябе, сказаў табе ясна, што намерваецца назначыць цябе Апостальскім Адміністратарам i ў той жа час узвысіць цябе да біскупскай годнасьці.

Аднак, як ты ведаеш, гэтага нельга яшчэ зрабіць, бо існуюць шматлікія ўмовы з боку цывільных уладаў. Тым ня менш ёсьць надзея на будучыню, што дзякуючы стараньням Сьвятога Пасаду ці тваім уласным перад гэтымі ўладамі ўсе цяжкасьці будуць хутка шчасьліва пераадоленыя»129.

На два дні раней, 25 студзеня, айцец Чарняўскі атрымаў ліст з Кангрэгацыі Абрадаў, у якім пералічваліся ягоныя абавязкі як дарадцы (кансультара). У прыватнасьці там гаварылася: «Такім чынам, табе даручаецца зрабіць пераклад з лацінскай мовы літургічных тэкстаў на тваю родную беларускую, згодна з канстытуцыямі i дэкрэтамі Другога Ватыканскага Паўсюднага Сабору i інструкцыямі гэтай Сьвятой Кангрэгацыі Абрадаў, i прысылаць твае пераклады ў Рым для неабходнага зацьверджаньня»130.

Айцец Чарняўскі пакінуў Рым у панядзелак 29 студзеня 1968 году ўвечары. Біскуп Сіповіч у тым часе ляжаў хворы ў ложку.

Вынікі прыезду айца Чарняўскага ў Рым нельга назваць удалымі, але яны ня сталіся нечаканымі. 2 студзеня біскуп Сіповіч заўважыў у сваім дзёньніку: «На шляху да ўстанаўленьня Апостальскай Адміністрацыі ў Беларусі вельмі шмат перашкодаў. Божа, дапамажы ўсе ix перамагчы!» Іншы запіс 15 студзеня, калі ўжо можна было прадбачыць вынікі: «Калі мы выйшлі з базылікі сьв. Пятра, гутарылі з Уладзюком аб нашых царкоўных справах. Як яно ўсё скончыцца, адзін Бог ведае, але прыйшло да таго, што імі займаюцца вярхі: Папа i Савецкі ўрад. Па-людзку кажучы, для Беларусі гэта ўжо значны сукцэс. Абодвы мы ў гэтым згодны».

31 студзеня біскуп Сіповіч вылецеў у Лёндан. Там ён атрымаў ліст з Рыму, пісаны 14 лютага, ад летувіскага марыяніна а. Вайшноры. Той паведамляў, што ў Рыме зьявіўся польскі сьвятар з Горадні, нейкі айцец Аркадыюш, францішканін. Празь некалькі дзён пасьля ад’езду айца Чарняўскага ён прыйшоў у Летувіскую Калегію, дзе, паводле айца Вайшноры, казаў, што «а. Чарняўскі ня мае добрай апініі сярод сьвятароў у Беларусі, ён вялікі нацыяналіст, наіўны i пляткар, i задобра настроены да ўладаў у Менску. У Беларусі няма патрэбы ў ерархіі, бо адміністрацыя працуе спраўна: ёсьць дзеканы, якія маюць патрэбныя паўнамоцтвы ад біскупа Савіцкага зь Беластоку. Праўду кажучы, у Беларусі няма беларусаў каталікоў (яны ўсе праваслаўныя), толькі палякі, i таму літургічная мова ў Беларусі павінна быць толькі польская i г.д... Манс. Тулаба (рэктар Летувіскай Калегіі. – А.Н.), кажа, што ён ня дзейнічае сам непасрэдна, a праз біскупаў Рубіна i Філіпяка, якія падтрымліваюць ягоную справу ў адпаведных (ватыканскіх) дэпартамэнтах».

Вярнуўшыся ў Рым 12 сакавіка, біскуп Сіповіч пачаў наводзіць зьвесткі пра Аркадыюша i пасьля выклаў справу архібіскупу Казаролі ў лісьце за 4 красавіка. Наколькі біскупу ўдалося даведацца, Аркадыюш знаходзіўся ў Рыме ад 12 студзеня да сама позна 6 сакавіка. Ён быў знаёмы з айцом Чарняўскім і ведаў, што той у Рыме, але сядзеў ціха i не паказваўся, пакуль айцец Чарняўскі ня выехаў. Айцец Аркадыюш хацеў пабачыцца з архібіскупам Казаролі, але той хварэў. У Рыме айцец Аркадыюш жыў у францішканскім кляштары пры царкве сьвятых Апосталаў. Яму дапамагаў польскі францішканін айцец Сламінскі. У гутарцы зь біскупам Сіповічам Сламінскі сказаў: «Было б добра, вельмі добра, калі б a. Чарняўскі стаў біскупам. У Беларусі пануе хаос. Кардынал Вышынскі не павінен умешвацца».

Дарэчы, як савецкі грамадзянін, Аркадыюш мусіў зарэгістравацца ў савецкім консульстве. Юдкін ведаў пра яго, калі пытаўся ў айца Чарняўскага пра іншых кандыдатаў на пасаду апостальскага адміністратара.

На добры лад варта было б, каб пасьля ад’езду айца Чарняўскага ў Рыме нехта пільнаваў справу апостальскага адміністратара. На жаль, апрача біскупа Сіповіча, ёю там не засталося каму заняцца. Так здарылася, што ў 1968 годзе біскуп Сіповіч правёў больш як шэсьць месяцаў па-за Рымам, заняты марыянскімі справамі. 4 траўня, напярэдадні свайго чатырохмесячнага падарожжа вакол сьвету, ён бачыўся з архібіскупам Казаролі, які сказаў яму, што: 1) пасьля выезду айца Чарняўскага з Рыму ён не сустракаўся з савецкім амбасадарам; 2) Дзяржаўны Сакратарыят атрымаў лісты з пратэстамі ад палякаў супраць прызначэньня айца Чарняўскага.

Пра стаўленьне палякаў да магчымага прызначэньня айца Чарняўскага апостальскім адміністратарам можа даць уяўленьне ліст прафэсара i духоўнага айца Драгічынскай сэмінарыі Міхала Вільнеўчыца прафэсару Люблінскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту айцу Аляксею Пэтрані за 23 кастрычніка 1968 году: «Hя памятаю, ці я згадваў у апошнім лісьце, што быў з таго боку, у Наваградку, Баранавічах i ў Берасьці; гэта было ў жніўні. Нашыя ксяндзы моцна прыгнечаныя заяваю кандыдата на тамтэйшага біскупа а. Чарняўскага, марыяніна, беларускага шавініста, які сказаў, што як толькі стане біскупам, то першай справаю будзе ўвядзеньне беларускай мовы ва ўсіх касьцёлах; хто з ксяндзоў не падпарадкуецца, будзе звольнены, а на іхнае месца прышле беларусаў-марыянаў... Айцец Чарняўскі – чалавек нетактоўны, неразважлівы, і, што найгоршае, беларускі шавініст, які намерваецца пашыраць валадарства беларускае, а не Хрыстовае. Нашыя ксяндзы як адзін кажуць: ня зьнішчылі нас Саветы, дык зьнішчыць сам Касьцёл; Ватыкан не разумее, што Касьцёл верных на Беларусі – гэта палякі, а не беларусы; што беларусы ў сваёй пераважнай бальшыні праваслаўныя, а ня рыма-каталікі; што калі будзе ўведзеная беларуская мова ў нашыя касьцёлы, пачнецца бунт сьвятароў i вернікаў, якія не захочуць падпарадкавацца такому загаду; што ніводзін з нашых ксяндзоў ня ўмее гаварыць па-беларуску; размаўляюць хутчэй па-расейску... Маё асабістае ўражаньне, што там Касьцёл як арганізацыя i польскасьць паміраюць. Моладзь польскай мовы не разумее; з палякаў i іхнай мовы там сьмяюцца. Бацькі, з малымі выняткамі, не навучаюць сваіх дзяцей польскай мове. Нядзеля – гэта гандлёвы дзень; людзі едуць хутчэй на кірмаш, чым да касьцёлу на сьвятую Імшу»131.

Толькі пры канцы 1968 году біскуп Сіповіч мог зноў заняцца справаю апостальскага адміністратара ў Беларусі. 1 сьнежня ён меў доўгую сустрэчу з кардыналам Вышынскім, галавою Каталіцкай Царквы ў Польшчы. Хоць яны i ўжывалі тыя самыя словы, але, што датычыць разуменьня, дык з гэткім жа посьпехам маглі размаўляць на розных мовах. Біскуп Сіповіч настойваў на патрэбе біскупа-беларуса, тым часам як кардынал гаварыў пра біскупа ў Беларусі. Сіповіч запісаў у дзёньніку: «Спадзяюся, што мая гутарка з Я. Эм. Кардыналам Вышынскім не пашкодзіць справе назначэньня беларускага біскупа».

Размова з кардыналам Вышынскім была апошняй спробаю ўратаваць праект Апостальскай Адміністратуры ў Беларусі. Біскуп Сіповіч не забыўся пра яго да канца жыцьця i рабіў, што мог, але з кожным годам станавілася ясьней, што ўсе ягоныя стараньні не даюць чаканых вынікаў. Ня месца тут шукаць вінаватых, але здаецца, што Польская Каталіцкая Царква ня можа зьняць зь сябе адказнасьці за тое, што адбылося.

Айцец Уладыслаў Чарняўскі належаў да закону марыянаў, i таму цікава, як ставіліся да ягонай дзейнасьці іншыя, асабліва польскія марыяне. Айцец Віталіс Хамёнак, апошні з “старэйшых” друйскіх айцоў, выселеных палякамі ў 1938 годзе, пісаў 10 красавіка 1969 году з Варшавы біскупу Сіповічу: «А(йца) Уладыслава ня бачыў яшчо. Тут такія адносіны да яго асобы, – ня ведаю ці адведае нас? У ягоных абставінах, лепш было б, каб ён прамаўляў двума языкамі (мовамі) i гэта падняло б выдайнасьць яго працы. Штось ня піша да мяне i я ня ведаю, ці пісаць да яго магу?» Айцу Хамёнку тады споўнілася 80 гадоў, i ён сур’ёзна хварэў. У лісьце ён выказваў ня столькі свае думкі, колькі тое, што чуў вакол сябе. Але вось праз паўгоду айцу Чарняўскаму ўдалося прыехаць у Польшчу. Два сьвятары сустрэліся, i айцу Віталісу шмат што стала ясным. Ён пісаў 20 лістапада 1969 году ў Англію нейкаму, відаць польскаму, марыяніну, які перадаў ягоны ліст біскупу Сіповічу: «Я размаўляў з айцом Уладыславам. Ён быў у мяне. Тое, што пра яго казалі, гэта былі плёткі (To, co mówiono o nim, to były plotki). Працуе так, як трэба працаваць добраму каталіцкаму сьвятару. Працы мае шмат: бо сьвятароў навокал няма. Робіць, што можа i ёсьць усім для ўсіх. Мае вельмі вялікія абмежаваньні, a дапамогі ніадкуль. Ягонае становішча вельмі цяжкае i труднае».

17 лістапада 1971 году, за месяц перад сьмерцю (ён памёр 24 сьнежня), калі айцец Хамёнак ужо ня мог сам трымаць асадку, ён папрасіў польскага марыяніна а. Прочака напісаць ад імя айца Віталіса айцу Фэліксу Журню ў Лёндан. У канцы айцец Віталіс паставіў свой подпіс, «хоць – як зазначыў сам Прочак, – усяго ліста не чытаў». У лісьце Прочак сярод іншага піша пра свае ўражаньні з паездкі ў Беларусь: «Добры гэты беларускі люд i, мусіць, – на маю думку – гэта вялікае дабрадзейства, што ня ўсё або і зусім нічога не даходзіць з-за мяжы ад суайчыньнікаў132. Я сам заўважыў i вынес уражаньне з размоваў, што старэйшае пакаленьне, якое трымаецца веры, лепш жадае маліцца па-польску, бо так яго навучылі i мае польскія малітаўнікі133. Паўстае пытаньне з моладзьдзю i дзецьмі, але ix няшмат у касьцёлах... Уладыслаў (Чарняўскі. – А.Н.) працуе вельмі ахвярна, i, магчыма, калі б яму ўдалося мець уплыў на малодшае пакаленьне, ён мог бы атрымаць высокую ацэнку пазьней у гісторыі. Але, на жаль, так бадай ня будзе. Шкада, што пры ягоных вялікіх стараньнях i ахвярнасьці ў яго няма прыроднай i надпрыроднай разважнасьці, чым ён настроіў супраць сябе частку людзей, ня кажучы пра ксяндзоў».

Айцец Журня перадаў ліст біскупу Сіповічу, а той зрабіў на ім наступную зацемку: «Ліст напісаны а. Прочакам, a падпісаны а. Віталісам. Сам а. Прочак кажа ў канцы: “choć nie czytał całego listu!” Нават паміраючы, a. Віталіс такога паклёпу на а. Уладыслава Чарняўскага не падпісаў бы!»

У першай палове 1969 году біскуп Сіповіч займаўся марыянскімі справамі, у тым ліку падрыхтоўкай да іхнай генэральнай капітулы i выбару новага генэрала (супэрыёра). Аднак перад тым, у лютым i сакавіку, ён зрабіў сваё апошняе падарожжа ў Паўднёвую Амэрыку (Бразылія i Аргентына) для візытацыі марыянскіх законных дамоў. Ён быў вельмі стомлены. Яшчэ 7 ліпеня 1968 году, пасьля візытацыі аднаго марыянскага кляштару ў Чыкага, ён пісаў: «Заканчэньне кананічнай візытацыі... Сяньняшні дзень вельмі цяжкі! Бог дае яшчэ сілы працаваць для нашага закону, але часам адчуваю, што я на мяжы маіх сілаў фізычных i духовых. У нашых дамох шмат трутняў, а сярод добрых айцоў няма культуры, энтузіязму».

21 сакавіка 1969 году, вярнуўшыся з Паўднёвай Амэрыкі, ён так закончыў свой дзёньнік падарожжа: «Надыходзіць генэральная капітула. Спадзяюся, што Бог уволіць мяне ад абавязкаў генэрала. Такжа скончацца мае падарожжы i займуся больш працай у дома».

Капітула распачала сваю працу 10 чэрвеня i доўжылася да 30 ліпеня. Выбары новага генэрала мелі адбыцца 28 ліпеня. Напярэдадні біскуп Сіповіч напісаў: «Радзяцца сябры Капітулы адносна заўтрашніх выбараў... Мая грэшная асоба не павінна ўваходзіць у нейкія разважаньні. Калі б мяне i выбралі – трэба зрачыся. Ходзяць слухі (з вуснаў а. Буковіча?), што мяне не жадаюць генэралам ані кард. Вышынскі, ані камуністычная польская партыя. Калі гэта праўда, дык вельмі ж сумна. Што я магу быць непажаданым успомненым дзейнікам – per se patet! (самазразумела. – А.Н.). Асабліва – кажуць, – дзеля Ап. Адміністр. у Беларусі i дзеля прыходу ў Кастамлотах».

Кастамлоты – маленькая грэка-каталіцкая (вуніяцкая) парафія над ракой Буг пры польска-беларускай мяжы. Сьвятаром у гэтай парафіі быў (і ёсьць) польскі марыянін, які пад уплывам айца Тамаша Падзявы прыняў усходні абрад. Грэка-Каталіцкую Царкву ў Савецкім Саюзе зьнішчылі i забаранілі, таму маленькая вуніяцкая парафія літаральна ў ix на парозе, пэўна, дзейнічала на савецкіх камуністаў як чырвоны шмат на быка i стварала цяжкасьці для іхных польскіх калегаў. Яны вінавацілі Сіповіча ў тым, што ён бараніў Кастамлоты ў Рыме i перад кардыналам Вышынскім.

Біскуп Сіповіч ведаў пра сілы, якія зьбіраліся супраць яго. Але ня з гэтай прычыны ён больш не жадаў узначальваць закон марыянаў. Шэсьць гадоў ён стараўся сумясьціць два абавязкі i ўбачыў, як гэта цяжка. У дадатак пагоршылася ягонае здароўе. Таму перад ім стаяў выбар. I тут у яго не ўзьнікала ніякіх сумневаў: марыяне мелі іншых кандыдатаў на кіраўнічую пасаду, а ён быў адзіным беларускім каталіцкім біскупам. Тым ня менш наступнага дня ён ня зьняў свайго прозьвішча зь сьпісу кандыдатаў. Можа, ён хацеў адысьці з гонарам: атрымаўшы ў першым галасаваньні больш галасоў за іншых, падзякаваць за давер. Але яму не далі гэтага шанцу. У першым галасаваньні Сельскі (паляк) атрымаў 16 галасоў, Сіповіч – 13, Рымшэліс (летувіс) – 4, Жэшутэк (паляк) – 1. У другім галасаваньні Сельскі меў 17 галасоў, Рымшэліс – 9, Сіповіч – 8. Нарэшце ў трэцім галасаваньні Сельскі атрымаў 18 галасоў i стаў генэралам. Рымшэліс i Сіповіч атрымалі 12 i 4 галасы. Вышынскі i польскія камуністы маглі радавацца.

Калі Сіповічу й было прыкра, ён гэтага не паказаў. Хіба толькі праз год, калі марыянская капітула сабралася зноў, каб абмеркаваць “абнаўленьне” іхнага закону ў духу пастановаў Ватыканскага Сабору. На пачатку першага паседжаньня 22 ліпеня 1970 году, як занатаваў Сіповіч у сваім дзёньніку, «Айцец Генэрал вітае мяне i запрашае да стала старшыні. Адказваюся ад гэтага гонару i сядаю разам з а. Матулісам».

Так скончыліся шэсьць цяжкіх гадоў у жыцьці біскупа Сіповіча. Палагодзіўшы ўсе справы ў Рыме, ён вярнуўся ў Лёндан 20 жніўня 1969 году. У сваім дзёньніку ён зазначыў: «Пачынаецца новы пэрыяд у маім жыцьці. Шэсьць гадоў было дастаткова, каб крыху “адвыкнуць” ад Лёндану i розных тутэйшых клопатаў. Няхай будзе Божая воля ва ўсім! Ня ёсьць прыпадкам, што я ізноў мушу жыць з такімі, а не іншымі людзьмі. Не праз нейкую расьцярушанасьць Бог сабраў нас у гэтым доме, які я сам купляў, аднаўляў, парадкаваў!»

Бібліятэка КАМУНІКАТ

Свят. Аляксандар Надсан

Рубрыка: