ЗМЕНЫ Ў СТАНОВІШЧЫ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА (КАНЕЦ XV - ПАЧАТАК XVI ст.)

Гісторыя праваслаўнай царквы ВКЛ у канцы XV - пачатку XVI ст. прыцягвае даследчыкаў тым, што ў гэты перыяд адбываюцца важныя змены ў яе ўнутраным жыцці, адносінах з уладамі. Праваслаў'е Вялікага княства Літоўскага таксама сутыкаецца з праблемай выбара у час шматлікіх войнаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай. У дачыненнях праваслаўнай царквы з каталіцкай мы не назіраем спробаў апошняй весці экспансію. Наступае перыяд адноснай раўнавагі ў міжканфесійных адносінах у ВКЛ.

Новая сітуацыя, якая склалася ў ВКЛ у канцы XV ст., патрабавала ўнутраных зменаў у праваслаўнай царкве. Жыць тымі правіламі і нормамі, якія склаліся яшчэ да стварэння Вялікага княства, было ўжо немагчыма. Канстанцінопальскі патрыярхат пасля падзення Візантыйскай імперыі быў не ў стане адыгрываць кіруючую ролю ў праваслаўным свеце Усходняй Еўропы. Праваслаўная царква атрымала ў гэтым рэгіёне большую самастойнасць. У другой палове XV стагоддзя на ўсходзе Еўропы канчаткова адасабляюцца два буйныя цэнтры праваслаў'я: Вільня і Масква. Паміж імі ўсё болей вызначаюцца адрозненні. Узмацненне Маскоўскай дзяржавы вядзе да паступовай ліквідацыі там самастойнасці царквы, яе поўнаму падпарадкаванню ўладзе. Маскоўскае праваслаў'е становіцца ізаляваным ад розных знешніх уплываў, не можа і не жадае адказваць на глыбокія культурна-гістарычныя змены, якія адбываюцца ў Еўропе.

У той жа час, калі Маскоўская дзяржава эвалюцыянуе ў бок дэспатычных формаў кіравання, Вялікае княства Літоўскае, наадварот, пераходзіць да рэжыму шляхецкай дэмакратыі, што адлюстроўваецца ў прывілеі Аляксандра Ягелончыка ад 1492 г. і канстытуцыі 1505 года пад назвай «Нічога новага». У 1529 годзе выдаецца Першы Статут ВКЛ, які значна ўмацоўвае прававыя адносіны ў дзяржаве. У ім не было спецыяльных артыкулаў, датычных праваслаў'я, але мелася шмат палажэнняў аб абароне земскай уласнасці, у тым ліку і ўласнасці праваслаўнай царквы. У канцы XV - пачатку XVI ст. у Вялікае княства Літоўскае пранікаюць ідэі Рэнесанса. Пад іх уплыў падпадае і праваслаўнае насельніцтва.

Вельмі важным культурным пачынаннем была арганізацыя Швайпольтам Фіёлем кірылічнай друкарні ў Кракаве. Друкарня была створана па ініцыятыве праваслаўнай магнатэрыі, перш за ўсё Гаштольдаў, Солтанаў, Сапегаў, з мэтаю забяспячэння праваслаўнага насельніцтва літургічнымі кнігамі. Невыпадковы быў выбар кніг для друкавання. З друкарні Фіёля выйшлі чатыры літургічныя кнігі на царкоўнаславянскай мове: Часасловец, Актоіх, Трыод постная і Трыод цвятная [10, с. 199].

У канцы XV - пачатку XVI ст. на тэрыторыі Польшчы і ВКЛ існавала Кіеўска-Галіцкая праваслаўная мітраполія, якая падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У склад мітраполіі ўваходзіла 10 епархій. Сем з іх знаходзіліся на тэрыторыі ВКЛ: Кіеўская, Полацка-Віцебская, Смаленска-Северская, Чарнігава-Бранская, Турава-Пінская, Луцка-Астрожская, Уладзімірска-Берасцейская. У пачатку XVI ст. епархіі Смаленская і Чарнігаўская ў выніку войнаў адышлі ў склад Маскоўскай дзяржавы. Праваслаўныя епархіі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага былі падзелены на пратапопіі. Пратапопіі, у сваю чаргу, падзяляліся на шэраг прыходаў. Згодна з дадзенымі А. Мірановіча, у першай палове XVI ст. у Полацку было 22 прыходы, Пінску - 16, Вільні - 12, Берасці - 8, Гродне - 6 [10, с. 205].

У канцы XV - пачатку XVI ст. важнай справай для праваслаўнай царквы ў ВКЛ было умацаванне арганізацыйных структур і ўрэгуляванне адносін паміж свецкай і духоўнай уладамі. Эвалюцыя палітычнага строя ВКЛ, войны з Маскоўскай дзяржавай таксама патрабавалі выпрацоўкі новых прынцыпаў адносін паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай.

Канец XV - пачатак XVI ст. былі спрыяльнымі для умацавання і развіцця арганізацыйных стуктур праваслаўнай царквы. Звязана гэта было з тым, што ўладары Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Ягелончык (1492 - 1506) і Жыгімонт I (1506 - 1548) праводзілі спрыяльную палітыку ў адносінах да праваслаў'я. У гэты ж час мітрапалітамі ў праваслаўнай царкве былі выдатныя асобы, добра падрыхтаваныя да выканання сваіх абавязкаў: Макарый (1495 - 1497), Іосіф I (1499 - 1501), Іона III (1502 - 1507), Іосіф II (1509 -1521).

Асабліва шмат для ўмацавання праваслаў'я ў Вялікім княстве Літоўскім зрабіў мітрапаліт Іосіф II. Доўгі час лічылася, што ён паходзіў са знатнай сям'і Солтанаў. Аб гэтым піша ў сваёй працы па гісторыі царквы мітрапаліт Макарый, але затым дадае, што дадзенае сцвярджэнне не можа быць поўнасцю доказным [4, с. 105]. Вядомы расійскі гісторык Б.М. Флора ў каментарыях да працы Макарыя абвяргае паходжанне Іосіфа Солтана са знатнай сям'і Солтанаў [Макарый, каментарыі, с. 440]. У «Энцыклапедыі Вялікага княства Літоўскага» гаворыцца, што ў ВКЛ існаваў яшчэ адзін род Солтанаў, «родапачынальнік якога Солтан выслужыў у князя А.В. Чартарыйскага зямлю ў Ганявічах у Лагойскім маёнтку. У 1496 годзе сыны Солтана Ілья і Грынька сталі служыць вялікаму князю Аляксандру. Ілья прыняў манаства з імем Іосіф [1, с. 620].

Будучы смаленскім епіскапам, Іосіф даказаў сваю вернасць вялікаму князю Аляксандру ў час аблогі маскоўскім войскам Смаленска ў 1502 годзе. За гэта ён атрымаў ад гаспадара ВКЛ тры маёнткі, якія потым ахвяраваў Супрасльскаму манастыру. 18 ліпеня 1507 года, за страты, якія панесла смаленская епіскапская кафедра ад маскоўскіх войск, вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары пажалаваў епіскапу Іосіфу сяло Капусцінскае [4, с. 106].

Важным момантам ва ўмацаванні праваслаўнай царкоўнай арганізацыі ў ВКЛ былі праведзеныя пад кіраўніцтвам мітрапаліта Іосіфа II у Вільні ў 1509 і 1514 гадах саборы царквы. Сабор 1509 года адбыўся на свята Божага Нараджэння 25 снежня. Мітрапаліт Іосіф растлумачыў неабходнасць яго правядзення тым, што свой абавязак і абавязак іншых духоўных асоб бачыць у тым, каб адсекчы «ўсялякія злачынствы супраць закона нашай праваслаўнай веры і зацвердзіць па старадаўняму звычаю царкоўныя ўставы». Сабор павінен ліквідаваць шмат «бязладдзя і бязчыння» сярод духавенства [2, с. 5]. Разам з мітрапалітам на саборы прысутнічала восем епіскапаў, сем архімандрытаў, шэсць ігуменаў, сем пратапопаў і шэраг святароў. 10 студзеня 1510 года Сабор прыняў 15 правілаў адносна парадку назначэння на царкоўныя пасады, царкоўнай дысцыпліны, адносін паміж царквой і свецкімі асобамі.

Па пытанню назначэння на вышэйшыя царкоўныя пасады сабор выступіў супраць распаўсюджанага звычаю куплі царкоўных пасад (епіскапа, настаяцеля манастыра, прыходскага святара) яшчэ пры жыцці папярэдніка і кіраванне імі без згоды мітрапаліта. Тых, кто не выконваў дадзенага правіла, належала адлучаць ад царквы. На ўсе царкоўныя пасады патрэбна ставіць людзей годных.

Пытанне ўмацавання царкоўнай дысцыпліны вырашалася праз узмацненне адказнасці епіскапаў, настаяцеляў манастыроў за сваіх падначаленых. Усе епіскапы павінны былі з'ўляцца на саборы, не займацца мірскімі справамі, святары - ўтрымліваць у парадку храмы і старанна выконваць абавязкі. Манахі не павінны без дазволу ігумена пакідаць манастыр. Праваслаўным святарам і дыяканам, якія не мелі жонак, забаранялася выконваць святарскія абавязкі.

Сабор таксама выступіў супраць злоўжыванняў свецкіх асоб, якія ў сваіх маёнтках без ведама вышэйшых царкоўных уладаў назначалі і здымалі святароў, адбіралі ў царквы яе землі. Толькі мітрапаліт і епіскапы атрымалі права вырашаць, ці можа тая або іншая духоўная асоба знаходзіцца на пасадзе ці быць звольненай з яе [2, с. 5 - 18].

Выконваючы пастановы Віленскага сабора, што адьбыўся ў снежні 1511 года, мітрапаліт Іосіф II абмежаваў права віленскіх мяшчан у назначэнні святароў. Яны маглі прадставіць кандыдата на царкоўную пасаду, але канчатковае рашэнне было за вышэйшай царкоўнай ўладай [4, с. 114].

Такім чынам, сабор 1509 года правільна вызначыў асноўныя недахопы ў царкоўным жыцці, якія праявіліся на мяжы XV - XVI ст. Яго ўдзельнікі выказаліся за ўмацаванне царкоўнай іерархіі, дысцыпліны, супраць умяшальніцтва ў царкоўныя справы свецкіх асоб. Вядомы польскі гісторык К. Хадыніцкі слушна сцвярджаў, што на саборы 1509 года была прадпрынята спроба ўмацаваць юрысдыкцыю мітрапаліта і епіскапаў над нізавым духавенствам, зрабіць яе незалежнай ад свецкай знаці [8, с. 162].

У больш шырокім сэнсе размова ішла аб тым, как зменшыць залежнасць царквы як рэлігійнай інстытуцыі і праваслаўнага духавенства як сацыяльнай групы ад дзяржавы і ад прыватных асоб, таму што ў пачатку XVI ст. праваслаўнае духавенства ВКЛ не было саслоў'ем у еўрапейскім сэнсе гэтага слова, а царква - самастойнай, самакіруемай арганізацыяй [3, с. 37].

Пастановы сабора станоўча паўплывалі на стан праваслаўнай царквы ў ВКЛ, аднак не змаглі поўнасцю ліквідаваць усе злоўжыванні. Асабліва цяжка было змагацца супраць умяшальніцтва ў царкоўныя справы свецкай знаці. Аслабленне вялікакняжацкай улады на карысць шляхецкага саслоў'я, якое абазначылася ў канцы XV - пачатку XVI ст., вяло да таго, што пастановы сабора не выконваліся ў шматлікіх маёнтках магнатэрыі і іншых слаёў шляхты.

Аб саборы 1514 года звестак вельмі мала. Вядома, што ён хутчэй за ўсё адбыўся ў Вільні і займаўся вырашэннем пытання аб устанаўленні свята ў гонар архімандрыта Елісея Лаўрышаўскага.

Вялікае значэнне для праваслаўнай царквы ВКЛ у канцы XV - пачатку XVI ст. мелі яе адносіны з дзяржавай. У гэты перыяд абодва бакі былі зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Царкоўныя іерархі для надання большай вагі сваім пастановам звярталіся за дапамогай да вышэйшых ўладаў. У сваю чаргу, вялікакняжацкая ўлада была зацікаўлена ў падтрымцы з боку праваслаўнай царквы ў процівагу ўмацаванню ўплыву ў краіне буйных магнатаў. Акрамя таго, тыя дакументы, якімі кіраваліся царква і дзяржава з часоў князёў кіеўскіх Уладзіміра і Яраслава, безнадзейна састарэлі.

Важным крокам вялікіх князёў літоўскіх на шляху пераменаў ва ўзаемаадносінах улады і праваслаўнай царквы было выданне па просьбе мітрапаліта Іосіфа I вялікім князем літоўскім Аляксандрам 20 сакавіка 1499 года прывілея. У аснове гэтага дакумента ляжаў так званы «Світак Яраслава» - зборнік правіл царквы, распрацаваны на аснове Номаканона Візантыйскай царквы вялікім князем кіеўскім Яраславам Уладзіміравічам. Захавалася адна рэдакцыя гэтага дакумента, вядомая са спіска пачатку XVI ст., разам з прывілеем вялікага князя Аляксандра Казіміравіча епіскапу полацкаму Луку ад 1502 года. Тэкст вялікакняжацкага прывілея не поўнасцю ўтрымлівае палажэнні «Світка Яраслава», але ўводзіць таксама і новыя правілы. Так, паны і князі «рымскага закона» не павінны назначаць і здымаць праваслаўных святараў у сваіх уладаннях [9, с. 249].

Як даказана ў даследаванні Я. Шчапава, вышэй адзначаны дакумент не мае тэксталагічнай блізасці да іншых рэдакцый царкоўнага ўстава князя Яраслава, у ім «не ўдаецца заўважыць ні адной фразы, ні адной формулы, якія б супадалі з другімі, у тым лікуўузнікшымі таксама на тэрыторыі ВКЛ яго апрацоўкамі» [6, с. 228].

Згодна з Я. Шчапавым, «Світак Яраслава» спрабуе ўмацаваць пахіснутую царкоўную арганізацыю ў ВКЛ і зрабіць яе адным са звенняў дзяржавы. Гэты дакумент рэальна ацэньвае магчымасці праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Ён зафіксаваў у асноўных рысах месца і ўстрой праваслаўнай царкоўнай арганізацыі ў Вялікім княстве Літоўскім. «Світак Яраслава» спрабуе палажыць канец шматлікім парушэнням у жыцці царквы, умацаваць уладу мітрапаліта і епіскапаў, абмежаваць уладу свецкіх уласнікаў праваслаўных цэркваў, кцітараў, якія ўтрымлівалі храмы за ўласныя сродкі і не лічыліся з існаваўшай царкоўнай арганізацыяй, ажыццяўлялі суд над святарамі, самі ставілі іх на прыходы [6, с. 228]. За царкоўным судом замацоўваліся толькі тры парушэнні з многіх, якія існавалі ў Кіеўскай дзяржаве, а менавіта: разводы, блуд, ератыкі.

У старажытныя часы справы аб разводах, як і іншыя сферы царкоўнага суда, знаходзіліся ў руках епіскапаў. Аднак у Вялікім княстве Літоўскім яны перайшлі да свецкіх феадалаў - князёў, баяр і іх чыноўнікаў. Даследаванні гісторыі сямейных адносін паказалі, што на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага сярод розных слаёў насельніцтва шлюбы заключаліся па нормах звычаёвага права, без царкоўнага вянчання. Адпаведна і разводы афармляліся часта не духоўным, а свецкім судом [7, с. 297 - 312].

Афармленне разводаў было крыніцай прыбыткаў адміністрацыі. Таму спробы мітрапаліта Іосіфа II змагацца з падобнай практыкай мелі, нягледзячы на падтрымку вялікакняжацкай улады, толькі частковы поспех [4, с. 440].

Такім чынам, на мяжы XV - XVI ст. праваслаўная іерархія паспрабавала правесці ў жыццё шэраг пастаноў, накіраваных на паляпшэнне ўнутрыцаркоўнага жыцця і адносін царквы са свецкімі ўладамі. Ёй удалося дамагчыся падтрымкі ў сваіх пачынаннях вялікакняжацкай улады. Змены ў праваслаўнай царкве павінны былі мадэрнізаваць яе адносіны з дзяржавай, прыстасаваць царкву да новых умоў, што склаліся ў Вялікім княстве Літоўскім, ліквідаваць шэраг абазначыўшыхся недахопаў у царкоўным жыцці, павысіць узровень улады мітрапаліта і епіскапаў, узмацніць незалежнасць царквы ад свецкіх уладаў. Аднак у тых умовах, што склаліся у ВКЛ, гэтыя планы маглі быць рэалізаваны толькі часткова.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус - Яцкевіч / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; Маст. З.Э. Герасімовіч. - 2-е выд. - Мінск: БелЭн, 2007. - 792 с.

2. Деяния Виленского собора 1509 г. // Русская историческая библиотека. - СПБ, 1878. - Т. 4. Кн. 1. - Ст. 5 - 18.

3. Дмитриев, М.В. Между Римом и Царьградом: Генезис Брестской церковной унии 1595 - 1596 гг. / М.В. Дмитриев. - М.: Издательство МГУ, 2003. - 320 с.

4. Макарий (Булгаков), митрополит Московский и Коломенский. История Русской Церкви. Книга пятая: Период разделения Русской церкви на две митрополии. История Западнорусской, или Литовской митрополии (1458 - 1596) / Макарий (Булгаков). - М.: Издательство Спасо-Преображенского Валаамского монастыря, 1996. - 559 с.

5. Флоря, Б.Н. Комментарии /Б.Н. Флоря // Макарий (Булгаков), митрополит Московский и Коломенский. История Русской Церкви. Книга пятая: Период разделения Русской церкви на две митрополии. История Западнорусской, или Литовской митрополии (1458 - 1596) / Макарий (Булгаков). - М.: Издательство Спасо-Преображенского Валаамского монастыря, 1996. - С. 421 - 493.

6. Щапов, Я.Н. Княжеские уставы и церковь в Древней Руси / Я.Н. Щапов. - М.: Наука, 1972. - 337 с.

7. Bardach, Juliusz. Studia z Ustroju i Prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV - XVII w. / Juliusz Bardach. - Warszawa: Państwowe Wydawnictwo naukowe, 1970. - S. 297 - 313.

8. Chodynicki, K. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska (zarys historyczny 1370 - 1632) / K. Chodynicki. - Warszawa, 1934. - 630 s.

9. Daniłowicz, J. Skarbiec diplomatów / J. Daniłowicz. - Wilno, 1862. - T. 2. - 369 s.

10. Mironowicz, Antoni. Kościół prawosławny w Polsce / Antoni Mironowicz. - Białystok, 2006. - 917 s.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Васюк Г.У.

Рубрыка: