4 Паводле Матфея

1. Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад дыявала.
2. І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад.
3. І прыступіў да Яго спакуснік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".
5. Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле храма,
6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
7. Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго".
8. Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10. Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы".
11. Тады пакідае Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступілі і слугавалі Яму.
12. Іісус, пачуўшы, што Іаан аддадзены варце, адышоў у Галілею,
13. і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых,
14. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
15. "Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на дарозе прыморскай за Іарданам, Галілея язычніцкая,
16. народ, што сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні смерці, заззяла святло".
17. З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора; бо яны былі рыбакі.
19. І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іх, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23. І хадзіў Іісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24. І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.
25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігароддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.