10 Паводле Марка

1 І, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звычайна, зноў вучыў іх.
2 І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго , спакушаючыЯго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
3 Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
4 Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
5 І, адказваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
6 але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8 і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною, так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
9 Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
10 І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11 І сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае супраць яе;
12 і калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзейнічае.
13 І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
14 Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.
15 Праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
16 І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
17 І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
18 Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш запаведзі: “не пралюбадзейнічай; не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці”.
20 Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
21 Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і мець будзеш скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
22 А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку, бо меў вялікую маёмасць.
23 І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
24 Вучні жахаліся ад словаў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26 Яны ж надзвычай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
27 Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: людзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
28 Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29 Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
30 і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця вечнага;
31 многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
32 Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху.
І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
33 вось мы ўзыходзім у Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам;
34 і наглумяцца над Ім, і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
35 І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы, кажучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
36 А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй.
38 Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
39 Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
40 а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю, але гэта для тых, каму ўгатавана.
41 І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
42 А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі.
43 Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
44 і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
45 Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
46 І прыходзяць у Іерыхон. І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Цімееў, Варцімей сляпы, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
47 І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
48 І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
49 І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
50 Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
51 І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввуні ! каб мне бачыць.
52 Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.