БГКЦ – Царква свайго права

Пытаньне пра тое, ці зьяўляецца Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква Царквой sui iuris («свайго права») – гэта сур’ёзнае для жыцьця і для разуменьня прававой сітуацыі гэтай Царквы пытаньне. Безумоўна зразумела, што існуе Беларуская ўсходне-каталіцкая Царква (якая адносіцца да Цэркваў канстанцінопальскай абрадавай традыцыі), і што існуе беларускі абрад. Абодва гэтыя факты з году ў год яўна і недвухсэнсоўна канстатуюцца ў афіцыйным выданьні Сьвятога Пасаду «Annuario Pontificio», і таму ня могуць выклікаць сумневаў. Але ці зьяўляецца гэтая Беларуская Царква з пункту гледжаньня кананічнага права Царквой sui iuris?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба асьвятліць шэраг пытаньняў кананічнага права, цесна з ім зьвязаных, што мы і паспрабуем зрабіць.

Пытаньне 1: Ці можа з кананічнага пункту гледжаньня існаваць абрад без існаваньня адпаведнай яму «ўласнай» Царквы sui iuris?

Адказ на гэтае пытаньне патрабуе ўважлівага вывучэньня нормаў Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў (ККУЦ) і, найперш, вызначэньня абраду паводле Кодэксу. Кан. 28 § 1 вызначае абрад так: «Абрад – гэта літургічная, багаслоўская, духоўная і дысцыплінарная спадчына, культура і абставіны гісторыі канкрэтнага народу, праз якія ў кожнай Царкве sui iuris выяўляецца ўласны спосаб жыцьця ў веры».

Аналізуючы гэтае вызначэньне, важна адзначыць наступнае. Па-першае, вызначаючы абрад, заканадаўца не абмежаваўся апісаньнем яго як комплексу своеасаблівай літургічнай, багаслоўскай, духоўнай і дысцыплінарнай хрысьціянскай спадчыны канкрэтнага народу. Калі б абрад ня быў канстытуцыйна зьвязаны з канкрэтнай Царквою, дзе ён ажыцьцяўляецца, досыць было б, даўшы падобнае вызначэньне, дадаць, што кожны абрад рэгулюецца ўласным комплексам абрадавых пастановаў і нормаў, зацьверджаных царкоўнай уладай. Аднак заканадаўца ігнаруе такую магчымасьць, уводзячы ў вызначэньне абраду ў Кодэксе асаблівую ўласьцівасьць, а менавіта тое, што праз абрады выяўляецца «ўласны спосаб жыцьця ў веры», і ня проста ў нейкай неакрэсьленай супольнасьці ці сукупнасьці вернікаў, але ў канкрэтнай Царкве, і пры гэтым яўна падкрэсьліваецца, што гаворка ідзе менавіта пра Царкву sui iuris.

Заўважым, што гэтае вызначэньне –адзінае кананічнае вызначэньне абраду, якое існуе. З яго вынікае, што для таго, каб нейкі комплекс «літургічнай, багаслоўскай, духоўнай і дысцыплінарнай спадчыны» мог, з кананічнага пункту гледжаньня, быць вызначаны як «абрад», неабходна, каб праз яго «ўласны спосаб жыцьця ў веры» быў выяўлены ў канкрэтнай Царкве sui iuris. Спадчына, у дачыненьні да якой гэтага не адбываецца, не адпавядае вызначэньню «абрад», і, наадварот, спадчына, якая прызнаецца ў якасьці «абраду» (як гэта засьведчвае «Annuario Ponificio» ў дачыненьні да беларускай духоўнай спадчыны), як неабходнасьць служыць для выяўленьня ўласнага спосабу жыцьця ў веры ў канкрэтнай Царкве sui iuris. Іншымі словамі, найвышэйшая ўлада не разглядала б беларускую ўсходне-каталіцкую духоўную спадчыну як абрад, калі б гэтая спадчына не ажыцьцяўлялася ў канкрэтнай Царкве sui iuris. А паколькі яна прызнае, што беларускі абрад існуе, з гэтага вынікае і прызнаньне статусу sui iuris Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Кожнай Царкве sui iuris пры гэтым можа адпавядаць толькі адзін абрад. Гэта вынікае ўжо з самога вызначэньня абраду ў Кодэксе, дзе адзначана, што праз абрад хрысьціянская вера выяўляецца ў «кожнай» (лат. – «uniuscuiusque») Царкве sui iuris (г. зн. кожная Царква sui iuris мае спадчыну ў выглядзе «абраду», праз які яна і выяўляе свой спосаб жыцьця ў веры). Адной Царкве sui iuris ня можа адпавядаць некалькі розных «абрадаў» у кананічным сэнсе гэтага слова, бо кожнай Царкве sui iuris адпавядае свой абрад. На карысьць гэтага разуменьня сьведчыць наступнае:

1. Гэта знаходзіць пацьвярджэньне ў іншых нормах Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў. Так, цэлы шэраг нормаў кажа пра «ўласны» абрад для дадзенай Царквы sui iuris ці яе ярарха (гл. напр. каноны 40, 41, 89 і інш.). Няма ніводнай нормы, дзе б гаварылася пра абрады той ці іншай Царквы ў множным ліку. Ахрышчаны некатолік, які прыходзіць да еднасьці з Каталіцкай Царквой, павінен прыпісвацца ў «Царкву sui iuris таго ж абраду», у якім ён практыкаваў да прыяднаньня (кан. 35).

2. Такое разуменьне згоднае з кантэкстам навукі Другога Ватыканскага Сабора (яна заўсёды зьяўляецца вызначальнай пры разуменьні нормаў як лацінскага Кодэксу 1983 году, так і дзейснага ўсходняга Кодэксу 1990 году), дзе вызначэньне абраду паводле Кодэксу як «літургічная, багаслоўская, духоўная і дысцыплінарная спадчына» разглядаецца менавіта як прыкмета, што адрозьнівае адну ад адной розныя ўсходнія каталіцкія Цэрквы (а не іншыя супольнасьці – гл. Orientalium Ecclesiarum, 3). Пры гэтым Сабор канкрэтна згадвае і пра тое, што розныя Цэрквы адрозьніваюцца адна ад адной менавіта абрадам.

3. Нарэшце, гэта пацьвярджаецца і нормай канону 111 § 2 Кодэксу Кананічнага Права (лацінскай Царквы – Рэд.), якая апісвае ўсходнія Цэрквы менавіта як «абрадавыя Цэрквы sui iuris» (Ecclesiae rituales sui iuris). Іншымі словамі, у адной Царкве sui iuris ня могуць ажыцьцяўляцца як «уласныя» два абрады, а значыць беларускі абрад ня можа ажыцьцяўляцца як «уласны» ні ў якой іншай Царкве sui iuris, акрамя як у беларускай. А без такога ажыцьцяўленьня, як мы паказалі, ён ня мог бы наогул звацца «абрадам».

Паколькі кананічна не існуе «абрадавай прыналежнасьці», а існуе толькі прыналежнасьць да Царквы sui iuris, а без Царквы sui iuris, у якой практыкуецца адпаведны абрад, немагчыма кананічна казаць пра яго як пра абрад, паняцьце абраду без адпаведнай Царквы sui iuris абсурднае. Фактычна, такі абрад ня мог бы існаваць, паколькі да яго ніхто ня мог бы належаць ні ў выніку хросту (які далучае не да абраду, а да Царквы sui iuris), ні ў выніку прыяднаньня да каталіцтва (якое ажыцьцяўляецца, паводле нормаў права, у Царкву sui iuris таго самага абраду). Нормы, накіраваныя на зьберажэньне і абарону абрадаў (каноны 39-41) заўсёды кажуць пра абарону і захаваньне абраду, «свайго» для канкрэтнай Царквы sui iuris, і не разглядаюць абарону абраду па-за гэтым кантэкстам. Без існаваньня Царквы sui iuris ніводны абрад ня мог бы існаваць, разьвівацца і карыстацца абаронай права ў Царкве. Фактычна, было б немагчыма казаць пра яго існаваньне.

Усё вышэйсказанае дазваляе зрабіць наступныя высновы: кананічнае існаваньне абраду непарыўна і неабходна зьвязана з існаваньнем адпаведнай яму Царквы sui iuris, і наадварот – Царква sui iuris заўсёды мае ўласны абрад. Такім чынам, з несумнеўнага кананічнага існаваньня беларускага абраду, які прызнаецца найвышэйшай царкоўнай уладай, як неабходнасьць вынікае і тое, што Царква гэтага абраду валодае статусам sui iuris.

Пытаньне 2: Ці можа прызнаваная царкоўным правам Царква, якая мае свой абрад, ня быць Царквой sui iuris?

Вышэй было паказана, што абрад, які прызнаецца царкоўным правам, заўсёды ажыцьцяўляецца ў адпаведнай Царкве sui iuris (з тым ці іншым канкрэтным унутраным уладкаваньнем).

Ці можа Царква, якая мае ўласны абрад і якая прызнаецца ў якасьці такой найвышэйшай царкоўнай уладай, не валодаць статусам sui iuris? Усё, сказанае вышэй пры адказе на першае пытаньне, дазваляе сказаць – не, ня можа. Царква, якая мае ўласны абрад, з неабходнасьцю мае статус Царквы sui iuris.

Гэтае тлумачэньне пацьвярджае і сам заканадаўца ў Апостальскай канстытуцыі «Sacri Canones» (ад 18 кастрычніка 1990 гады), якая суправаджае публікацыю Кодэксу Канонаў Усходніх Цэркваў. Там, у прыватнасьці, гаворыцца, ясна і недвухсэнсоўна пра ўвасабленьне ў Кодэксе «як пацьвярджэньня і падтрымкі кананічным правам уласных асаблівасьцяў усіх і кожнай з усходніх Цэркваў, так і іх статуса sui iuris, разам з іх поўнай сулучнасьцю з рымскім Пантыфікам, пераемнікам Пятра».

Такое самае разуменьне і ў вядомага аўтарытэта ў вобласьці ўсходняга каталіцкага кананічнага права В. Посьпішыла, які кажа пра тое, што кожная з пералічаных у «Annuario Pontificio» усходніх каталіцкіх Цэркваў валодае статусам sui iuris, уключаючы і Беларускую (Гл. Pospishil V., Eastern Catholic Church Law, 1996, pp. 110, 20-21).

Такім чынам, кожная з прызнаваных найвышэйшай царкоўнай уладай Цэркваў, што маюць свой абрад, павінна разглядацца як Царква са статусам sui iuris. Вызначаючы абрад у кан. 28 сьледам за вызначэньнем паняцьця Царквы sui iuris у каноне 27 і, у пэўнай ступені, праз гэтае паняцьце, заканадаўца выразна ўзаемазьвязвае абрад і Царкву свайго права. Царква sui iuris вызначаецца як ерархічна ўладкаваная супольнасьць вернікаў, а абрад – як духоўная, літургічная, дысцыплінарная і багаслоўская спадчына, якой гэтая супольнасьць жыве. Няма Царквы sui iuris без абраду, і няма абраду без Царквы sui iuris. Цалкам справядліва і магчыма казаць пра тое, што «абрад» і «Царква sui iuris» – гэта, з кананічна-прававога пункту гледжаньня, два непадзельныя асьпекты адной і той самай складанай рэчаіснасьці, якія існуюць у повязі адзін з адным і адзін праз аднаго.

Такім чынам, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, маючы свой, прызнаны Сьвятым Пасадам абрад, і прызнаваная ім у якасьці адменнай «абрадавай Царквы», зьяўляецца Царквой sui iuris.

Пытаньне 3: Ці адпавядае Беларуская Царква тым прававым крытэрам, якія царкоўны заканадаўца разглядае як істотныя, вызначаючы паняцьце «Цэрквы sui iuris»?

Пярэчаньні для прызнаньня статусу sui iuris за Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой (а да 2004 году – і за Расейскай Грэка-Каталіцкай Царквой) грунтуюцца на тым, што кан. 27 ККУЦ вызначае «Царкву sui iuris» як супольнасьць вернікаў, якая «аб'яднана ярархіяй згодна нормаў права». Сутнасьць пярэчаньняў у тым, што пры адсутнасьці ўласнай ярархіі немагчыма казаць пра захаваньне статусу sui iuris, нават калі да гэтага тая ці іншая Царква адпавядала ўсім крытэрам гэтага статусу.

Ці сапраўды гэты выраз можа быць прыняты як аргумент у выпадку Беларускай Царквы? На нашу думку – не. Кажучы «аб'яднана ярархіяй згодна нормаў права», заканадаўца, відавочна, мае на ўвазе не актуальную наяўнасьць свайго ярарха. У адваротным выпадку ў перыяд вакантнасьці ерархічнай катэдры асобнай Царквы sui iuris, што мае адзінага свайго ярарха, яна часова губляла б статус sui iuris, і зноў набывала б яго пры замяшчэньні катэдры (маецца на ўвазе – новы біскуп, якія займае катэдру – Рэд.). Гэтая думка відавочна не адпавядае намеру заканадаўцы, паколькі (а) унесла б істотную неўпарадкаванасьць у вырашэньне царкоўных справаў і (б) паводле сэнсу канона 28, прыводзіла б таксама да часовага зьнікненьня адпаведнага абраду. Гаворка ў каноне 27, відавочна, ідзе пра наяўнасьць ерархічнага кіраваньня, г.зн. пра існаваньне ерархічнай пасады ці катэдры ў адпаведнай Царкве, іншымі словамі, пра існаваньне ерархічнай царкоўнай структуры, незалежна ад вакантнасьці ці запоўненасьці адпаведных пасад і катэдраў. Немагчыма казаць пра зьнікненьне статусу sui iuris у Царквы, у якой, з пункту гледжаньня права, існуе ерархічная структура (хоць бы яна і заставалася вакантнаю).

Таму, кажучы пра канкрэтную сітуацыю ў Беларускай Царкве, належыць адказаць на пытаньні: (1) Ці была заснавана для яе ерархічная структура? і (2) Ці працягвае яна кананічна існаваць у наш час, хоць бы і ў якасьці вакантнай? Станоўчы адказ на гэтыя пытаньні будзе азначаць, што патрабаваньне Кодэксу пра «аб'яднаньне ярархіяй згодна нормаў права» для Беларускай Царквы выканана.

1. Перш за ўсё належыць паказаць, што, дзейнічаючы на моцы паўнамоцтваў, атрыманых раней ад Сьвятога Пасаду, мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі ў 1939 годзе заснаваў асобны Экзархат Апостальскай Сталіцы ў якасьці кананічнай структуры для беларускіх грэка-каталікоў. У 1941 годзе Сьвяты Пасад зацьвердзіў стварэньне Экзархату (Гл.: Митрополит Андрей Шептицький і греко-католики в Росii: книга 1, дак. №143, с. 357-364; там жа, дак. №135, с. 331-332). Такім чынам, уласная кананічная структура для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы была заснавана.

2. Паводле нормаў кананічнага права, будучы заснаванай, япархія ці экзархат ipso iure набываюць правы і статус юрыдычнай асобы ў Царкве (кан. 921 § 2 ККУЦ). Нават калі адзін член калегіяльнай юрыдычнай асобы (сукупнасьці асобаў, якімі, паводле нормаў права, зьяўляюцца ўсе япархіі і экзархаты) застаецца ў жывых, за ім захоўваюцца ўсе правы і абавязкі дадзенай юрыдычнай асобы (кан. 925). Нарэшце, юрыдычная асоба спыняе існаваньне ці ў выніку відавочнага рашэньня царкоўнай улады, якая яе заснавала, ці праз факт свайго неіснаваньня на працягу ста гадоў (кан. 927). Ніякіх актаў, якія скасоўвалі б беларускі грэка-каталіцкі Экзархат Сьвятым Пасадам, наколькі гэта вядома, не выдавалася. З моманту стварэньня Экзархату яшчэ не мінула ста гадоў, таму ён застаецца кананічна існуючым.

Трэба таксама адзначыць, што ярархі Цэркваў sui iuris, якія не зьяўляюцца Патрыярхатамі, Мітраполіямі ці Вярхоўнымі Архібіскупствамі, лічацца непасрэдна залежнымі ад Сьвятога Пасаду, які выконвае ў дачыненьні да іх функцыі іхняга найвышэйшага ярарха; іх уласны першаярарх узначальвае іх на правах дэлегата Апостальскага Пасаду (кан. 175). Такім чынам, нават у выпадку вакантнасьці іх ерархічнай структуры яны, тым ня менш, аб'яднаны вакол найвышэйшага ярарха ў асобе Рымскага біскупа, ад якога наўпрост і залежаць.

Іншымі словамі, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае сваю ерархічную структуру, хоць бы і вакантную, а таксама залежыць ад Сьвятога Айца як ад свайго найвышэйшага ярарха (які выконвае ў адносінах да яе функцыі, адпаведныя функцыям патрыярха, мітрапаліта ці вярхоўнага архібіскупа), а значыць павінна быць прызнана, што яна «аб'яднана ярархіяй згодна нормаў права» і адпавядае крытэрам канону 27 ККУЦ ці, іншымі словамі, павінна быць прызнана Царквою sui iuris.

Такім чынам, аналіз усіх нормаў кананічнага права, якія маюць дачыненьне да статусу Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, дазваляе сказаць, што яна зьяўляецца Царквой sui iuris або, прынамсі, што такое меркаваньне мае важкія кананічныя падставы. Апошняе дазваляе дзейнічаць зыходзячы з справядлівасьці гэтага меркаваньня, калі гэта ня будзе ўступаць у супярэчнасьць з наступнымі рашэньнямі Апостальскага Пасаду.

 

Беларуская грэка-каталіцкая газета "Царква" №4 (63), 2009 г.

Парфенцьеў Павел

Рубрыка: