Серафім (Шахмуць): з даведніка "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 2
10.07.2010СЕРАФІМ (ШАХМУЦЬ)
[Раман Раманавіч; 15.7.1901, в. Падлессе Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 5.3.1946 (?), ГУЛАГ], свяшчэннамучанік. Архімандрыт. Беларус. Са шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства наведваў Свята-Духаву царкву, дзе настаяцелем служыў Іосіф Кезевіч* . У 1915 скончыў Ляхавіцкае 2-класнае народнае вучылішча. У гэтым жа годзе памёр бацька, і маці засталася з дзецьмі адна. З 1916 паслушнік Мінскага Свята-Духава манастыра. У 1917 з-за ваенных падзей вярнуўся ў родную вёску. У 1921 здаў экзамен на псаломшчыка, служыў у Спаса-Праабражэнскай царкве в. Вяляцічы Барысаўскага пав. З чэрв. 1922 паслушнік Успенскага манастыра ў мяст. Жыровічы Слонімскага пав. 1.4.1923 прыняў манашаскі пострыг з імем Серафім. Рукапаложаны ў іерадыякана (1926), іераманаха (1935). Накіраваны ў прыход в. Курашова тагачаснага Бельскага пав. Беластоцкага ваяв. Актыўна займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод тутэйшых жыхароў, якія ў 1920-я — пачатку 1930-х г. перайшлі да уніі. У канцы 1939 архіепіскапам Панцеляіманам (Ражноўскім) узведзены ў сан ігумена, потым архімандрыта. У жн. 1941 С. і айцу Грыгорыю Кударэнку была даверана высокая і адказная місія: на акупаванай тэрыторыі Беларусі арганізаваць прыходскае жыццё. Па дарозе ў Мінск місіянеры наведалі шэраг вёсак і мястэчак Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага р-наў, дзе збіралі на імя мітрапаліта прашэнні веруючых з просьбай аб адкрыцці царкоўных прыходаў. З ліст. 1941 да пачатку 1942 служыў у Мінску ў царкве былога Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. У студз. 1942 з айцом Грыгорыем выехаў на Віцебшчыну, дзе зноў збіраў прашэнні аб адкрыцці храмаў, правіў богаслужэнні, хрысціў дзяцей. Пазней місіянеры наведалі Быхаў, Жлобін, Магілёў, Гомель. У Чонках Гомельскай вобл. адкрылі жаночы манастыр. Увосень 1943 вярнуліся ў Мінск. Служылі ў Свята-Духавай царкве (цяпер кафедральны сабор). У чэрв. 1944 прапаведнікі пераехалі ў Гродна. 6.9.1944 арыштаваны органамі НКВД і праз 5 дзён перавезены ў Мінскую турму. Абвінавачваліся ў «актыўным супрацоўніцтве з СД». 7.7.1945 архімандрыт Серафім і айцец Грыгорый асуджаны (з Іванам Шышлам) да 5 гадоў ППК. Этапаваны, хутчэй за ўсё, ва Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (ст. Сухабязводная). С. загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны пракуратурай Беларусі 22.4.1994. Групавая справа архімандрыта і інш. № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім далучаны да ліку святых новапакутнікаў. У 2000 кананізаваны Архіерэйскім Саборам РПЦ.
Літ.: Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; Православный календарь на 2004 год. Сост. Кулаженко Л.Е., Матрунчик Т.А. Мн., 2003. С. 91; Męczennicy XX wieku. Martyrologia Prawos³awia w Polsce w biografiach świętych. Warszawa, 2004. C. 137—145.
* Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя (1893). Служыў у Мікалаеўскай царкве ў мяст. Ястрабель Навагрудскага пав. Мінскай губ. З 1907 настаяцель Свята-Духава храма в. Падлессе
Даведнік "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967." Том 2
Яшчэ па тэме Катакомбы веры ў краіне Саветаў:
- Прайшоў першы канцэрт у памяць новапакутнікаў
- Памёр 91-гадовы праваслаўны святар Георгій Сапун, аднаўляльнік спаленых партызанамі цэркваў
- Грэка-католікі Берасьцейшчыны усталявалі крыж у Курапатах (Газета "Царква")
- На мінскім прыходзе Архангела Міхаіла адбылася сустрэча, прысвечаная памяці навамучанікаў
- Святар-пакутнік Васіль (1885-1930)
- Жизнеописание священника Павла Севбо для представления на канонизацию