Пасхальнае пасланне Усясветнага Патрыярха Варфаламея

 

ПАТРЫЯРШАЕ ПАСЛАННЕ З НАГОДЫ СВЯТОЕ ПАСХІ 2011 ГОДУ

 

Пратакол №404

ВАРФАЛАМЕЙ

ЛАСКАЙ БОЖАЙ

АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ

І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

 

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ 

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ

 

***

 

Любыя дзеці ў Госпадзе,

Вось ізноў у радасці і міры мы звяртаем да вас усцешнае і поўнае спадзеву вітанне “Хрыстос уваскрэс!”

Здавалася б, акалічнасці і падзеі сучаснай эпохі, не апраўдваюць уцехі нашага вітання. Тыя прыродныя катастрофы, што ўжо здарыліся праз землятрусы і акіянскія цунамі, а таксама наступная пагроза магчымага атамнага выбуху, як і чалавечыя ахвяры ва ўзброеных канфліктах і тэрарыстычных актах - усё гэта сведчыць, што наш свет цяжка знявечаны, ён пакутуе пад уціскам прыродных і духоўных сілаў зла.

Тым не менш, Уваскрасенне Хрыстова ёсць праўдзівым фактам, яно дае верным хрысціянам упэўненасць - а ўсім людзям магчымасць - пераадолення неспрыяльных наступстваў прыродных катаклізмаў і духоўнай распусты.

Прыроды паўстае, калі апантаны пыхай чалавечы розум наважваецца падпарадкаваць ейныя невымерныя сілы, якія ейны Творца ўклаў у, здавалася б, нязначныя памерам і бяздейныя яе элементы. Разглядаючы з духоўнай перспектывы неспрыяльныя прыродныя з’явы, якія абрушваюцца на нашую планету рэгулярна і пастаянна апошнім часам, мы прымаем пункт гледжання, што ўсё гэта адбываецца неад’емна ад духоўнай распусты чалавечага роду. Адзнакі гэтай распусты - сквапнасць, хцівасць, несупынная прага матэрыяльнага дабрабыту, і разам з тым, абыякавасць да таго, што мноства люду жыву ў жабрацтве, што ёсць вынікам несувымернага ўзбагачэння малой супольнасці людзей - у вачах навукоўцаў-прыродазнаўцаў пакуль не набываюць яснай сувязі з прыроднымі катаклізмамі. Аднак для тых, хто разглядае гэтыя рэчы духоўна, відавочна, што гэта грэх разбурае гармонію не толькі духоўных, але таксама і прыродных узаемасувязяў. Існуе таямнічая сувязь паміж этычным злом і прыродным, і калі мы хочам вызваліцца ад другога, неабходна адрынуць першае.

Уваскрэслы Госпад наш Ісус Хрыстос, новы чалавек і Бог, дае нам узор спрыяльнага ўздзеяння святасці на прыродны свет. Ён лекаваў цялесныя і духоўныя хваробы, дабрадзеіў усім людзямі і ацаляў іх; у той жа час, упакорваў і супакойваў бурлівыя моры, памножаў пяць хлябоў для насычэння пяці тысяч, тым самым спалучаючы аднаўленне духоўнай і прыроднай гармоніі. Калі мы жадаем рабіць дабратворны ўплыў на цяперашнія неспрыяльныя прыродныя і палітычныя ўмовы нашага свету, тады ў нас няма іншага шляху, як толькі вера ва Уваскрэслага Хрыста і выкананне Яго запаведзяў, якія прыносяць збаўленне людзям. 

Хрыстос уваскрэс і даў новае жыццё дасканалай этыцы чалавека, які яе зацямніў, стаўшы Першынцам і Пачаткоўцам адраджэння свету, людзей і прыроды. Весцы Уваскрасення не бракуе разумення якасці чалавечага жыцця і належнага функцыянавання прыроды. Наколькі поўна і глыбока мы будзем перажываць Уваскрасенне Хрыста ў глыбіні сваіх сэрцаў, настолькі спрыяльнае ўздзеянне будзе нашае існаванне на ўсё чалавецтва і на фізічны свет. Прыродазнаўчыя навукі, магчыма, яшчэ не цалкам ўсвядомілі гэтую ўзаемасувязь паміж адраджэннем чалавека і аднаўленнем стварэння, аднак досвед святых, які мусяць стаць і нашым асабістым досведам, пацвярджае вядомы з практыкі факт, што сапраўды адроджаны ў Хрысце чалавек аднаўляе парушаную грахом гармонію ў прыродзе. Святы ў Хрысце чалавек можа “зрушваць горы” дзеля дабра, а благі і супраціўны Богу чалавек можа сатрасаць зямлю і спараджаць разбуральныя хвалі дзеля зла.

Дык наблізімся ж да святасці Уваскрэслага Хрыста, каб Ягонай ласкай замірыць прыродныя і духоўныя хвалі, якія непакояць наш сучасны свет.

Няхай будзе ласка Ўваскрэслага Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі, любыя ў Госпадзе дзеці. Амін.

Святая Пасха 2010 г.

+Патрыярх Канстанцінопальскі ВАРФАЛАМЕЙ

Палымяны за ўсіх вас малітоўца да Ўваскрэслага Хрыста

Рубрыка: