Фальшывыя ноткі царкоўна-дзяржаўнай сімфоніі

Ужо амаль месяц таму адбылася  традыцыйная сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы, на якой беларускія епіскапы звыкла дзякавалі Прэзідэнту за дапамогу і прасілі яе працягваць, але цяпер асноўная ўвага звярталася не на ўвядзенне праваслаўнай адукацыі ў школе, якой дабіцца не атрымліваецца ўжо шмат год, але хаця б на тое, каб у школе праводзілася сямейнае выхаванне. Пытанне дэмаграфіі выходзіць на першы план у абмеркаванні - на Сінодзе падымаліся таксама пытанні аб неабходнасці абмежавання абортаў, сацыяльнай рэкламы іх недапушчальнасці, у той час, як неабходнасці такой рэкламы для інстытута сям’і, мацярынства, каштоўнасці чалавечага жыцця. Як высветліцца пазней, Мітрапаліт Філарэт у сваёй прамове, здавалася, намякаў на маючы быць прынятым законапраект аб “рэпрадуктыўных тэхналогіях”, абмеркаванне якога ўжо ішло у БПЦ, аднак наўпрост звярнуцца да Прэзідэнта з нагоды гэтага пытання ён так і не наважыўся.

Потым жа пытанне рэпрадуктыўных тэхналогій і іх недапушчальнасці, а таксама тое, што да голасу Праваслаўнай Царквы ніхто не прыслухаўся, у даволі жорсткай форме закрануў новы прэс-сакратар Мінскай епархіі прот. Сяргей Лепін. У прыватнасці ён заявіў, што прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў законапраект “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях”[1] “знаходзіцца ў рэзкім супярэчанні з пунктам гледжання Праваслаўнай царквы, яе вучэннем. У сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, прынятай на апошнім архіярэйскім саборы, царква адназначна выразіла сваё стаўленне да падобнага кшталту тэхналогіяў”[2].

Гэта ўжо не першы раз, калі праваслаўны святар дазваляе сабе выказвацца ў СМІ з крытыкай заканадаўчых актаў. У траўні 2007 г. аб неабходнасці змены Закона “Аб свабодзе сумлення” выступіў святар Аляксандар Шрамко. Рэакцыя з боку дзяржаўных органаў была вельмі хуткай, спачатку святара выклікалі ў Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігіі, дзе паведмілі, што Беларускаму Экзархату былі выказаныя прэтэнзіі наконт заяваў святара і чакаецца, што БПЦ ад такіх заяваў мусіць дыстанцыянавацца, што ўрэшце прывяло да паспешлівага царкоўнага суда і забароны Аляксандра Шрамко ў служэнні. Цікава, што тады святар Сяргей Лепін цалкам падтрымаў такую забарону і выказаўся аб недапушчальнасці давання падобных сур’ёзных каментароў датычна законаў без блаславення іерархіі, бо інакш гэта будзе ўмяшальніцтвам у палітыку. 

Цяпер жа ў складаную сітуацыю патрапіў сам прот. Лепін, сваім жорсткім, да таго ж не зусім кампетэнтным, каментаром выклікаўшы незадаволенасць Міністэрства аховы здароўя - якое і распрацоўвала названы законапраект. Больш за тое, сама пазіцыя дадзенага святара як прэс-сакратара мае на ўвазе, што ягоныя заявы, у адрозненне ад заяваў згаданага святара Шрамко, носяць афіцыйны характар. Цікава прасачыць, чым жа скончыцца наспеўшы канфлікт, чый бок зойме кіраўніцтва БПЦ.

Выглядае, што калі б кіраўніцтва БПЦ сапраўды хацела выказацца наконт законапраекта, то на Сінодзе ў Мітрапаліта Філарэта быў неблагі шанец уключыць абмеркаванне дадзенага пытання ў парадак дня сустрэчы з Прэзідэнтам, але той абмежаваўся  дзеючай Пастановай Савета міністраў №1580 ад 23.10.2008, якая прадугледжваець сацыяльныя паказанні для правядзення ва ўстановах аховы здароўя абортаў, а таксама датычна добраахвотнасці ў дачыненні да выкарыстання электронных сродкаў ідэнтыфікацыі грамадзян[3]  (гаворка ідзе пра індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары ў пашпартах новага ўзору). Дык вось цяпер, у склаўшыхся ўмовах, каго падтрымае кіраўніцтва - свайго прэс-сакратара (і тады, як і каталіцкі іерарх Мітр. Кандрусевіч выступіць з заявай крытыкі законапраекта) ці Міністэрства аховы здароўя? Тым больш, што аргументы першага аб неадпаведнасці палажэнняў распрацаванага тэксту хрысціянскім каштоўнасцям і Пачаткам сацыяльнай канцэпцыі РПЦ досыць сумніўныя. Апошняя не бачыць праблемы ў выкарыстанні рэпрадуктыўных тэхналогіяў як такіх, калі пры гэтым выкарыстоўваецца генетычны матэрыял ў межах пары, якая знаходзіцца ў шлюбе, а таксама выключаецца знішчэнне аплодненых яйцаклетак і наступная рэдукцыя эмбрыёнаў для пазбягання шматплоднасці. Прэтэнзіі выказваюцца, у першую чаргу, у дачыненні да выкарыстання донарскіх полавых клетак, а таксама паслугаў сурагатнай маці[4]. Аднак нельга не заўважыць, што закон, які прымаецца Палатай прадстаўнікоў, нашмат бліжэй стаіць да абароны чалавечага жыцця, у т.л. і на ранніх стадыях развіцця, уводзіць абмежаванні для донарства, выкарыстання ЭКА, а таксама прадугледжвае больш строгую рэгламентацыю сурагатнага мацярынства, чым дзеючае зараз у Беларусі заканадаўстваю. У прыватнасці, любыя маніпуляцыі з полавымі клеткамі магчымыя толькі са згоды донараў, а з эмбрыёнамі - толькі са згоды бацькоў, існуюць абмежаванні па колькасці падсажваемых эмбрыёнаў, што хоць і можа паменшыць эфектыўнасць ЭКА, але дазвяляе дасягнуць мінімальнай пагрозы рэдукцыі і г.д. Наогул жа, дэталёва ў Праваслаўнай Царкве дадзенае пытанне не распрацаванае і існуе шмат спрэчных момантаў[5].

 

Вернемся ж да пытанняў, якія ўздымаліся на Сінодзе. Гэтак, Прэзідэнт зноў традыцыйна адзначыў ролю Праваслаўнай Царквы ў міжканфесійным міры і стабільнасці, а таксама традыцыйна нагадаў пра тую фінансавую дапамогу, якую дзяржава аказвае БПЦ. Не новым матывам у гэтым кантэксце прагучалі словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, чаго цяпер ён ад праваслаўнай царквы чакае: “Беларуская Праваслаўная Царква прыклікана жыць інтарэсамі краіны, выкарыстоўваючы пры неабходнасці дзеля іх абароны ўсе свае сувязі і міжнародны аўтарытэт... Гэта абавязак Царквы служыць народу, дзяржаве, у якой жыве гэты народ... Сёння ваша грамадзянская пазіцыя і пастырскае слова прыкліканыя спрыяць умацаванню стабільнасці і спакою ў грамадстве.”[6] Гэты гучыць цуцэль у рэчышчы палітыкі “сергіянства”, звязанай з Дэкларацыяй Мітр. Сергія Старагародскага, дзе ён атаясамліваў інтарэсы Савецкага Саюза з інтарэсамі Царквы: “Мы хочам быць праваслаўнымі і той жа час усведамляць Савецкі Саюз нашай грамадзянскай Радзімай, радасці і поспехі якой - нашы радасці і поспехі, а няўдачы - нашы няўдачы. Усякі ўдар, накіраваны ў Саюз, ці то вайна, байкот, якое небудзь грамадскае бедства ці проста забойства з-за кута... усведамляецца намі як удар, накіраваны ў нас.”[7] У прынцыпе, можна сказаць, што пакуль Праваслаўная Царква, асабліва яе кіраўніцтва, не давалі нагоды западозрыць сябе ў “анты-дзяржаўнай” дзейнасці, як жа будуць пераадольвацца канфліктныя моманты, падобныя да заявы прот. Лепіна? Якая будзе тут роля праваслаўнай грамадскасці, якая пасля 19 снежня дазволіла сабе уступіць у некаторае супрацьстаянне з іерархіяй з нагоды інтэрпрэтацыі падзеяў, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі. Нагадаем, што і папярэднік Сяргея Лепіна на пасадзе прэс-сакратара Андрэй Петрашкевіч выказаў даволі апазіцыйнае меркаванне, настойваючы на неабходнасці надрукавання вядомых лістоў праваслаўных вернікаў у афіцыйнай газеце Мінскай епархіі “Царкоўнае слова”[8], за што, у т.л., і быў звольнены з займаемай пасады. 

Даволі яскравай заўвагай у кантэксце ахаладжэння стасункаў Прэзідэнта з БПЦ стала яго наступная заява на сустрэчы з Сінодам: “Думаю, што і Царкве ў тым ліку, трэба перастаць разлічваць толькі на рэсурсы дзяржавы. Трэба быць актыўней самім, шырэй прыцягваць спонсарскую падтрымку і ахвяраванні”[9]. Насамрэч жа такая пазіцыя можа прывесці да паляпшэння матэрыяльнага становішча Царквы, пры ўмове, што дзяржава будзе дазваляць адкрыта атрымліваць гранты царкоўным установам, бо тыя фінансавыя паступленні, што можа прапанаваць дзяржава, гэта вельмі малыя сумы ў параўнанні з магчымай замежнай спонсарскай дапамогай. Як паведамляюць крыніцы ў царкоўных рэсурсных арганізацыях, сапраўды, атрыманне такіх замежных грантаў значна спрасцілася ў апошнія месяцы. Імаверна, што гэта звязана з недахопам у краіне валюты, а царкоўныя гранты могуць стаць крыніцай легальнага гэтай валюты паступлення праз банкаўскую сістэму. Больш за тое, у хуткім часе можа апынуцца зусім адваротная сітуацыя: пры дыфіцыце фінансавых рэсурсаў у дзяржаве ўжо не дзяржава будзе фінансаваць Праваслаўную Царкву, але будзе ў Праваслаўнай Царквы браць рэсурсы. І тут гаворка ідзе не толькі пра гранты царкоўным арганізацыям, але і пра магчымае ўзаемадзеяння з тымі царкоўнымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічныю дзейнасць. Напрыклад, Свята-Елізавецінскі манастыр карыстаецца тым, што як рэлігійная арганізацыя, распаўсюджваючы сваю  (і не толькі сваю) прадукцыю вызваляецца ад падаткаў, бо продаж прадметаў рэлігійнага прызначэння ў поўным сэнсе не з’яўляецца продажам, але перадачай культавага прадмета за ахвяраванне. Дадзены манастыр вядзе шырокую эканамічную дзейнасць у краінах блізкага, далёкага і вельмі далёкага замежжа, атрымліваючы такім чынам досыць уражваючую валютную фінансавую плынь. І калі такая дзейнасць толькі зрэдчас прыцягвала ўвагу дзяржаўных органаў, у прыватнасці, мытнага камітэту, і скончвалася канфіскацыяй мізэрнай часткі прадукцыі, то цяпер, без сумневу, дзяржава будзе сачыць за такой дзейнасцю больш уважліва, канвертуючы міжнародныя сувязі БПЦ не толькі ў сімвалічны, але і ў цалкам рэальны фінансавы капітал.

Калі раней традыцыйным было наведанне А.Лукашэнкам пасхальнага богаслужэння ў кафедральным саборы - галоўным храме краіны, то цяпер відавочна, што ў Прэзідэнта выпрацавалася новая традыцыя - у кафедральным саборы на святы не бываць. Ён праігнараваў богаслужэнні летась, а сёлета на Раство быў на закрытай сустрэчы ва Ўсіх-Свяцкім храме, дзе настаяцельствуе лаяльны да яго прот. Фёдар Поўны, а на Пасху - на богаслужэнні ў Чарнобыльскім рэгіёне. Такая тэндэнцыя можа сведчыць пра тое, што Прэзідэнт больш не адчувае сябе ўтульна сярод шырокага кола праваслаўных вернікаў, бо выказванняў лаяльнасці з боку праваслаўнай грамадскасці і святароў у яго дачыненні ўсё менш. Магчыма, ён баіцца і нейкіх правакацый, бо кантраляваць вялікую групу народу ў кафедральным саборы нашмат складаней, чым ў закрытай прасторы “толькі для выбраных” альбо ў рэгіёнах.

Яшчэ адна падзея, пра якую варта згадаць, кажучы пра царкоўна-дзяржаўныя стасункі, гэта спроба наведання святарамі БПЦ палітзняволеных у СІЗА КДБ, у прыватнасці, Паўла Севярынца[10]. Дамоўленасці пра магчымасць такога наведання паміж БПЦ і КДБ ёсць, але ў дадзеным выпадку дзяржава не прытрымліваецца ўскладзенага на сябе абавязку дапускаць святара да зняволеных у дадзенай установе, і ніякім чынам дасягнуць гэтага немагчыма, нават калі за справу бярэцца не просты святар, а іерарх, як у дадзеным выпадку, епіскап Веніямін. Безумоўна, для БПЦ гэтае пытанне не такое прынцыповае, можа, нават некаторыя людзі з кіраўніцтва і задаволеныя, што наведаць Севярынца не могуць з-за пазіцыі дзяржаўных органаў. Такім чынам, атрымліваецца і дзяржаву асабліва не злаваць, і твар перад апазіцыяй захаваць, аднак усё ж даволі вялікая колькасць святароў спрабавала адведаць Паўла ў зняволенні і гэта не магло застацца незаўважаным з боку дзяржаўных органаў, тым больш тых, у ведамстве якіх і знаходзіцца ізалятар. З боку ж праваслаўнай грамадскасці - як міранскай, так і святарскай - не можа застацца незаўважаным сапраўдная пазіцыя дзяржаўных органаў датычна любых пагадненняў і датычна праваслаўнай царквы наогул: лаяльны - значыць праваслаўны, нелаяльны - значыць ніякія перавагі, што даюць дамоўленасці з царквой, на цябе не распаўсюджваюцца.

І гэтая сітуацыя ўрэшце можа выбухнуць. Магчыма, што такі выбух адбудзецца і на маючым адбыцца ў канцы траўня агульным епархіяльным сходзе Мінскай епархіі, куды збяруцца практычна ўсе клірыкі, прадстаўнікі манастыроў і Мінскіх духоўных школ. Правядзенне такога сходу - гэта ўжо выбух, бо апошні раз падобнае мерапрыемства, хоць  паводле статуту РПЦ мусіць адбывацца рэгулярна не раней за адзін раз на год[11], апошні раз мела месца ў пач. 2000-х. Трэба адзначыць, што з прычыны нямогласцю кіруючага архіярэя, а таксама вялікім разрастаннем епархіі, сувязь паміж клірыкамі і епіскапам стала не толькі менш інтэнсіўнай, але і апасродкаванай праз благачынных і епархіяльнага сакратара, і зважаючы на тое, што доўгі час падобных мерапрыемстваў не праводзілася, - усё гэта спарадзіла фрустрацыю ў кліра, у якога накапілася шмат пытанняў і праблемаў. Таму хаду епархіяльнага сходу цяжка нават прагназаваць, але яўна, калі не ў парадку дня, дык у кулуарах, святары будуць абмяркоўваць і наяўную ў епархіі сітуацыю, і сітуацыю ў краіне наогул. 

Магчыма, што нас у сферы дзяржаўна-канфесійных стасункаў чакаюць значныя змены, як жартуюць на гэты конт у блогах - “запасаемся папкорнам”, хоць пакуль не зразумела, што нам давядзецца сузіраць: камедыю, псіхалагічную драму, трылер ці фільм жахаў.

 

____________________________________________________

 

[1] http://pravo.by/kbdpz/text.asp?RN=2010142001

[2] http://belarus.regnum.ru/news/belabel/1399457.html

[3] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2011/Page3499.html

[4] http://churchby.info/bel/683/, http://churchby.info/bel/674/

[5] http://churchby.info/bel/696/

[6] http://president.gov.by/press115936.html#doc

[7] http://portal-credo.ru/site/?act=lib&id=1749

[8] http://churchby.info/bel/654/

[9] http://president.gov.by/press115936.html#doc

[10] http://churchby.info/bel/news/2011/03/31-1/

[11] http://www.patriarchia.ru/db/text/133139.html

 

Arche 12 траўня 2011

Васілевіч Наталля, Агенцтва палітычнай экспертызы BISS

Рубрыка: