Афіцыйная ідэалогія і рэлігія ў сучаснай Беларусі

Зараз час вельмі спрыяльны для сацыяльных даследаванняў. Я памятаю, як у 1981-1986 гг. я вучыўся на філасофскім аддзяленні гістарычнага факультэта БДУ і слухаў лекцыі па «ідэалагічных» дысцыплінах: дыялектычным і гістарычным матэрыялізме, гісторыі КПСС, навуковым камунізме і атэізме. Вучыўся я старанна, але шмат у чым атрыманыя веды здаваліся мне мёртвымі, бо невядомымі і таму незразумелымі былі тыя праблемы, як адказ на якія ўзніклі выкладаемыя нам тэорыі. Знешне беспраблемнай і не маючай патрэбы ў сацыяльна-філасофскім асэнсаванні была сама савецкая рэчаіснасць – ужо існавалі афіцыйна замацаваныя і распаўсюджаныя ў штодзённай свядомасці адказы на пытанні аб прыродзе чалавека, грамадскім прагрэсе, свабодзе і г.д. Вельмі задумвацца над гэтымі пытаннямі, а тым больш дзяліцца сваімі думкамі з іншымі, было для выкладчыкаў марксісцка-ленінскай філасофіі небяспечна. Да і задумваліся аб гэтым адзінкі – тыповага савецкага чалавека, у тым ліку і з філасофскай адукацыяй, павінны былі цікавіць больш надзённыя праблемы: як нешта купіць альбо атрымаць.

Відавочна, што нашае грамадства знаходзіцца ў глыбокім крызісе, які ахапіў усе ягоныя сферы. Але крызіс, на маю думку, трэба разумець не як заняпад, але як пераходны этап, падобна таму як у медыцыне пад крызісам разумеецца пералом у працэсе хваробы. Кажучы вельмі прыблізна, нашае грамадства зараз пераходзіць ад сацыялізму савецкага тыпу да нейкага іншага ладу жыцця, які для нас яшчэ нязвыклы, і таму апісваецца праз чыста ацэначны, на маю думку, выраз «цывілізаванае грамадства», якому надаецца безумоўна станоўчы сэнс. Некалькі разоў я быў у еўрапейскіх краінах і зрабіў для сябе выснову, што для большасці насельніцтва Беларусі ўваходжанне ў цывілізаванае грамадства не будзе безбалючым, бо там сапраўды іншыя прынцыпы жыцця. Калі казаць аб выніках панавання савецкага ладу, дык ў большасці сфер іх трэба прызнаць разбуральнымі. Але ўдалося сфарміраваць новы тып чалавека – савецкага, з усімі вынікамі з гэтага факту. Калі казаць аб прычынах нашай няздольнасці выйсці з крызіснага стану, дык яны, на маю думку, маюць перш за ўсё антрапалагічны характар. У нас ёсць усе палітычныя, эканамічныя і культурныя прадумовы, каб пабудаваць незалежную і цывілізаваную краіну, але вельмі мала людзей, якія адчуваюць неабходнасць у гэтым будаўніцтве і здольныя да яго.

Таму зараз патрэбны змены ў грамадскай свядомасці. І сутнасць, на маю думку, не ў тым, каб у выніку развалу ў эканоміцы і пагаршэння узроўню жыцця большасці насельніцтва краіны неяк зменьшыўся электарат цяперашняй улады, неабходны больш глубокія змены, каб людзі пазбавіліся ад старых савецкіх схем светаўспрымання. А гэта робіцца не так хутка. Прывяду вядомы прыклад з Бібліі. Маісей вадзіў яўрэяў сорак гадоў па пустыні для таго, каб ніхто з нарадзіўшыхся ва ўмовах егіпецкага рабства, у каго душа раба, не увайшоў у Святую Зямлю. Таму актуальнымі для нас з’ўляюцца даследаванні сацыяльных праблем: аб прыродзе чалавека, свабодзе, грамадстве і г.д.

Калі казаць аб крызісе як пераходным стане ў дачыненні да сучаснай Беларусі, дык неабходна адзначыць, што сутнасць нашай сітуацыі як раз у тым, што гэты пераход тармазіцца цяперашняй уладай, а ў большасці выпадкаў адбываецца нават адкат ад тых пазіцый, якіх нашае грамадства дасягнула ў пачатку 90-х гадоў. Калі казаць аб нашым стане як «постсацыялістычным», дык трэба памятаць, што ён вельмі адрозніваецца ад «постсацыялістычнага» стану, напрыклад, краін Прыбалтыкі ці Польшчы. Для іх сацыялізм савецкага тыпу – гэта тое, што засталося за спіной, мы ж, як у нейкім ступары, стаім спіной да будучага і пялімся на мінулае, узгадваючы, якая раней была танная каўбаса.

Думаецца, менавіта панаваннем у грамадскай свядомасці старых савецкіх схем успрымання сацыяльных працэсаў шмат у чым тлумачыцца з’яўленне на нашай палітычнай арэне такой каларытнай фігуры як А.Лукашэнка. Чалавек з безумоўна сцэнічнымі здольнасцямі, ён імкнецца ў сваіх паводзінах імітаваць кіраўніка савецкага тыпу, вобраз якога тыражаваўся ў афіцыйнай літаратуры ці кінематографе: ёсць завод (калгас, інстытут і г.д.), бездарнае і сваекарыснае кіраўніцтва якога ўсё разваліла, потым з’яўляецца малады, энэргічны кіраўнік, які выступае за інтарэсы справы і працоўнага калектыву, рашуча выкрывае недахопы і выводзіць прадпрыемства ў перадавікі. Таму ён адпавядаў уяўленням аб энэргічным кіраўніку большасці насельніцтва нашай краіны. Але трэба падкрэсліць, што зараз немагчыма вырашыць існуючыя праблемы пры дапамозе савецкага тыпу кіраўніцтва ці наогул узнавіць савецкі лад. Савецкая сістэма канчаткова страціла сваю жыццёвую сілу яшчэ ў 60-я гады і існавала па інэрцыі, шмат у чым нагадваючы старога і хворага Брэжнева, абвешанага медалямі.

Асноватворнай часткай савецкай сістэмы была Камуністычная партыя, якая ўяўляла сабой перш за ўсё каласальны ідэалагічны інстытут. Ідэалогія займала надзвычай важнае месца ў грамадстве і была яго цэментуючым кампанентам. Яна азначалася ў слоўніках як тэарэтычна аформленая і сацыяльна значная сістэма поглядаў, праз якую выражаюцца інтарэсы тых ці іншых сацыяльных груп. Парадаксальна, але, на маю думку, гэтае азначэнне не адпавядае характару той ідэалогіі, якая была ў нас пануючай у гады савецкай улады. Бо чые інтарэсы праз яе выражаліся? Рабочага класа і саюзнага з ім калгаснага сялянства? Безумоўна, гэта глупства. Камуністычнай партыі? Так, існавала такая арганізацыя, якая налічвала ў сваіх шэрагах звыш за дзевятнаццаць мільёнаў чалавек. Але чаму яна так раптоўна страціла свае пазіцыі і сканала? Калі была такая колькасць працаздольных і займаючых кіруючыя пасты ў краіне людзей, дык чаму яны не абаранялі свае інтарэсы? Трэба падкрэсліць, што савецкая ідэалогія выпрацоўвалася не з асэнсавання тэндэнцый развіцця сацыяльнай рэчаіснасці і сацыяльных праблем і не як выражэнне інтарэсаў той ці іншай сацыяльнай групы (калі не ўлічваць інтарэсы партыйнай вярхушкі, якая проста была зацікаўлена ў тым, каб гэтая ідэалогія існавала), але як рэалізацыя сацыяльнага праекту, выпрацаванага класікамі марксізму-ленінізму. Таму гэта была не ідэалогія у класічным сэнсе, але міфалогія – стваралася асаблівая ідэалагічная рэчаіснасць, якая адрознівалася ад той, што была ў сапраўднасці. Развешаныя ўсюды лозунгі «Народ и партия едины», «Партия – ум, честь и совесть нашей эпохи», «Советский рабочий класс – авангард мирового пролетариата» ніякім чынам не адпавядалі стану рэчаў і былі магічнымі заклінаннямі па стварэнню асаблівай міфалагічнай рэчаіснасці.

Тое ж самае мы можам назіраць і зараз. Уласнай ідэалогіі ў А.Лукашэнкі няма, для абгрунтавання сваіх дзеянняў ён апелюе да тых старых схем, якія захаваліся ў значнай часткі нашага грамадства яшчэ з савецкіх часоў. Выкарыстоўваючы адпрацаваную камуністамі тактыку па дасягненню і утрыманню ўлады, наш прэзідэнт у залежнасці ад патрабаванняў моманту можа выказваць самыя розныя, нават супрацьлеглыя думкі. Таму апанентам яго так цяжка крытыкаваць, бо ён не прытрымліваецца той ці іншай сістэмы поглядаў.

Адным з кампанентаў нашай сучаснай грамадскай свядомасці, які актыўна культывуецца афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі, з’яўляецца ўяўленне аб тым, што крах савецкай сістэмы прывёў да ідэалагічнай дэзарыентацыі і маральнага заняпаду. Калі з першым (сцвярджэннем аб ідэалагічнай дэзарыентацыі) можна ў нейкай ступені пагадзіцца, дык лямант аб маральным заняпадзе выклікае асабіста ў мяне пачуццё пагарды да тых, хто гэта кажа. Камуністычная мараль была накіраванай супраць чалавека – чаго каштуе толькі адзін крытэрый маральнасці: «маральна ўсё тое, што садзейнічае барацьбе за пабудову камунізму»! Таму вельмі добра, што яна знікла; тыя ж статыстычныя дадзеныя, якія сведчаць аб росце злачыннасці, з’яўляюцца паказчыкам узрастання сацыяльных праблем і няздольнасці ўладаў іх вырашыць.

Але ў якасці арыентуючага ідэалагічнага кампанента і сродка ўзмацнення маральнасці цяперашнімі ўладамі Беларусі ўсё больш настойліва прапануецца рэлігія. Зноў жа тут спрацоўваюць старыя марксісцкія схемы, згодна з якімі асноўнай функцыяй рэлігіі з’яўляецца ілюзорная кампенсацыя тых праблем, з якімі чалавек няздольны справіцца ў сваім рэальным жыцці. Рэлігія – «гэта опіум народа», яна дае суцяшэнне, сэнс жыцця і стварае ілюзію стабільнасці. Адпаведна, у нас зараз крызіс, праблем шмат, гэтым тлумачыцца патрэба ў рэлігіі.

Тут, на маю думку, трэба падкрэсліць наступнае: Маркс, безумоўна, адзін з выдатных мысліўцаў, шмат якія ягоныя думкі аказалі ўплыў на далейшае развіццё сацыяльнай тэорыі. Але, як вядома, далёка не ўсе ягоныя канцэпцыі знайшлі сваё падцвярджэнне. Гэта таксама тычыцца і марксавай трактоўкі рэлігіі. Тэзіс аб тым, што рэлігія ўзнікае ў асяроддзі эксплуатуемых мас як ілюзорная кампенсацыя цяжкасцяў іх жыцця, выкарыстоўваецца эксплуататарамі для прадухілення сацыяльных хваляванняў і па меры вызвалення працоўных знікне, быў абвергнуты тым гістарычным вопытам, які мы маем, калі ва ўмовах татальнага пераследу і безупыннай атэістычнай прапаганды рэлігію не ўдалося знішчыць.

Не адпавядаючым рэчаіснасці, на мой погляд, з’яўляецца таксама сцвярджэнне, якое часта сустракаецца ў афіцыйных (а таксама і неафіцыйных) сродках масавай інфармацыі, аб тым, што рэлігія (пад «рэлігіяй» разумеецца, як правіла, «праваслаўе») з’яўляецца носьбітам нейкіх агульначалавечых маральных каштоўнасцяў. Асноўнай запаведдзю хрысціянства, на якой грунтуецца ўся мараль, з’яўляецца любоў да Бога, і як вынік яе – любоў да бліжняга (гл. Мц. 22. 34-40). І таму ў фундаменце хрысціянскай маралі ляжыць вяртанне да Бога, без гэтага маральныя нормы страчваюць сэнс. (Не хацеў бы, каб мяне зразумелі, быццам хрысціянства адмаўляе маральнасць прыхільнікаў іншых вер альбо няверуючых, гэта не так. Але само яно – не маральная сістэма, а рэлігія.) Таксама палажэнні Нагорнай пропаведзі, у якой выкладзена хрысціянскае разуменне маралі, маюць парадаксальны характар («Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую» (Мц. 5. 39)) і не могуць разглядацца як «агульначалавечыя».

Таксама трэба заўважыць, што сам характар паводзін нашага цяперашняга кіраўніцтва, спосабы дасягнення і ажыццяўлення імі ўлады наўрад ці могуць садзейнічаць узмацненню маральнасці ў краіне.

Менавіта ідэалагічнымі патрэбамі тлумачыцца стварэнне новага закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. Наколькі мне вядома, розныя варыянты гэтага закону вось ужо на працягу некалькіх гадоў упарта прапіхвалісь адміністрацыяй прэзідэнта. Як сябра Беларускага Хельсінскага камітэту я ўдзельнічаў у абмеркаванні таго ягонага варыянту, які існаваў у лістападзе 2001 года. Гэта быў Круглы стол з удзелам кіраўнікоў буйных рэлігійных канфесій на Беларусі (не прысутнічалі толькі праваслаўныя), а таксама распрацоўшчыкаў закону. Тады мяне ўразіла абсалютная непісьменнасць аўтараў закону ў пытаннях рэлігіязнаўства і выкліканая гэтым каласальная колькасць грубых памылак. Варыянт, прыняты Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі, такіх відавочных памылак не змяшчае, але ў мяне, як у чалавека, які выкладае рэлігіязнаўства і нават напісаў па яму падручнік, выклікае непрыяцце ўжо сам ягоны пачатак. Цытую: «Гэты Закон... вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, зыходзячы з:

роўнасці рэлігій перад законам;

прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;

духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі».

Кажучы словамі Оруэла, працытаванае можна абагульніць як «усе рэлігіі роўныя перад законам, але ёсць раўнейшыя». Апроч таго, сцвярджэнне аб «вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы...» здаецца мне надзвычай спрэчным. Па-першае, тут перакрэсліваецца амаль уся гісторыя нашай краіны ХХ стагоддзя, калі ніякая рэлігія не магла вызначаць духоўнае і г.д. жыццё беларускага народа, але сказаць, што гэтага жыцця не было, таксама будзе няверным. Па-другое, гэтае сцвярджэнне не адпавядае сучаснай рэлігійнай сітуацыі на Беларусі. Заявы аб тым, што 80% цяперашніх беларусаў з’яўляюцца праваслаўнымі, я пакідаю на сумленні іх аўтараў. Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя вядучымі ў гэтай галіне навуковымі калектывамі, паказваюць, што колькасць веруючых (тых, хто больш-менш рэгулярна наведвае храмы, ведае дагматы і імкнецца выконваць запаведзі) не перавышае 7%. Па-трэццяе, вельмі спрэчным, на мой погляд, з’яўляецца пытанне аб тым, які з існуючых на Беларусі рэлігійных кірункаў аказаў вызначальны ўплыў на станаўленне традыцый беларускага народа. Я, напрыклад, перакананы, што на фарміраванне штодзённай свядомасці беларусаў такі ўплыў аказала і працягвае аказваць язычніцтва. Магчыма, нехта са мной не пагадзіцца, але ў любым выпадку ў заканадаўчым акце не павінна быць настолькі спрэчных палажэнняў.

Але мяне цікавіць пытанне, навошта быў прыняты новы закон аб свабодзе сумлення? Выкарыстоўваючы марксісцкую тэрміналогію, каму гэта выгадна? Бо, здаецца, існуючы закон, прыняты яшчэ ў 1992 годзе, нядрэнна працаваў. Нашыя ўлады ўвесь час казалі, што на Беларусі няма напружанасці на рэлігійнай глебе, праўда, прыпісваючы гэта сваёй мудрай палітыцы. Знаёмства з новым варыянтам закона пераконвае, што ў выпадку яго прыняцця такая напружанасць з’явіцца. Аб гэтым, дарэчы, заявіла і такая даволі высокапрафесійная арганізацыя як КДБ. Навошта ўладзе, якая не карыстаецца падтрымкай шмат у якіх колах грамадства, ствараць для сябе праблемы?

Зразумець логіку дзеянняў улад можна, калі ўзгадаць, што яны спрабуюць рэаніміраваць старую сацыялістычную сістэму, у тым ліку і ў галіне рэлігійнай палітыкі. Дарэчы, узнаўляецца тая мадэль узаемаадносін з рэлігіяй, якая у гады Вялікай Айчыннай вайны ажыццяўлялася Сталіным. Знаходзячыся ў разгубленасці ад нечаканага нападзення фашыстаў і адчуваючы недастатковасць камуністычнай ідэалогіі ў гады выпрабаванняў, ён звярнуўся за маральнай дапамогай да Рускай Праваслаўнай царквы. Менавіта гэтым тлумачыцца спыненне рэпрэсій супраць яе і нават падтрымка. У верасні 1943 г. у Крамлі адбылася сустрэча Сталіна з кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай царквы, на якой было дамоўлена аб узнаўленні патрыяршаства, адкрыцці раней зачыненых цэркваў, духоўных навучальных устаноў і г.д. Новае наступленне на праваслаўе пачалося ў 1948 годзе і вялося да канца 80-х гадоў, але трэба адзначыць, што яго інтэнсіўнасць была значна меньшай, чым у дачыненні католікаў і пратэстантаў.

Хутчэй за ўсё, цяперашнія беларускія ўлады, улічваючы крізіснае становішча грамадства, таксама хочуць выкарыстаць праваслаўную царкву ў сваіх ідэалагічных мэтах. Тым больш што гэта адпавядала той палітыцы збліжэння з Расіяй, якая да нядаўняга часу дэкларавалася. Узгадаем, што А.Лукашэнка растлумачыў свой загад аб вызваленні Паўла Шэрамета тым, што яго (Лукашэнку) аб гэтым папрасіў Патрыярх. Безумоўна, на распрацоўку асноўных палажэнняў беларускага закона аб свабодзе сумлення аказала ўплыў прыняцце аналагічнага расійскага закона, згодна з якім усе існуючыя ў Расіі рэлігіі былі падзелены на традыцыйныя і нетрадыцыйныя, і дзейнасць апошніх была заканадаўча абмежавана.

Але ў нас зусім іншая рэлігійная сітуацыя. Калі ў Расіі праваслаўе доўгі час было пануючай рэлігіяй, і зараз падаўляючая колькасць веруючых – праваслаўныя, дык Беларусь – шматканфесійная дзяржава. На пачатак 2002 г. у нас было зарэгістравана 1224 праваслаўных, 446 каталіцкіх (разам з уніятамі) і 987 пратэстанцкіх суполак. Адзначым, што пратэстанты ў нас, як і наогул у свеце, раздробленыя на шмат кірункаў, якія палемізуюць паміж сабой, але, як бачна, яны складаюць значную частку веруючых, і не ўлічваць іх інтарэсы нельга. Між тым у адрозненні ад дзейнічаючага закона аб свабодзе сумлення, у якім сапраўды паслядоўна праводзіцца прынцып роўнасці рэлігій, новы закон пагаршае прававое становішча менавіта пратэстантаў. А пратэстанцтва ў гісторыі Беларусі займае значна большае месца, чым у гісторыі Расіі (там яно жорстка праследавалася царскай уладай). Дастаткова ўзгадаць уплыў Рэфармацыі на беларускую культуру XVI ст. і тое, што Цяпінскі і Будны былі актыўнымі дзеячамі пратэстанцкага руху.

Выказванні, што згодна з новым законам абмежаванні ў дзейнасці тычацца толькі рэлігійных арганізацый дэструктыўнага характару, разлічаны, на мой погляд, на людзей, незнаёмых з беларускім заканадаўствам у гэтай галіне. Існуе спіс рэлігійных арганізацый, якія прызнаны дэструктыўнымі. Яны наогул не могуць быць зарэгістраваныя і таму проста не падпадаюць пад дзеянне закона аб свабодзе сумлення, ні цяперашняга, ні новага.

Думаю, што новы закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» нанясе шкоду перш за ўсё праваслаўнай царкве на нашых землях, як гэта ні здаецца парадаксальным. Бо пратэстанты, супраць якіх і накіраваныя палажэнні новага закона, маюць вялікі вопыт дзейнасці ва ўмовах пераследаў. Больш таго, стварэнне такіх умоў, як правіла, прыводзіць да згуртаванасці пратэстанцкіх суполак і ўзмацнення веры. Таксама вядома, што ў выпадку прыняцця новага закона пратэстанты гатовыя наогул адмовіцца ад рэгістрацыі, што, безумоўна, прывядзе да канфліктаў з уладамі і абвастрэння рэлігійнай сітуацыі ў краіне.

Палажэнні новага закона таксама пагаршаюць прававое становішча каталіцкай царквы. Але апошняя з’яўляецца самай шматколькаснай рэлігійнай арганізацыяй у свеце, мае моцныя пазіцыі на Беларусі, вопыт дзеяння ў самых розных умовах, і наўрад ці новы закон зможа нанесці ёй адчувальную шкоду.

Праваслаўная ж царква апынецца закладнікам бязглуздай рэлігійнай палітыкі цяперашніх беларускіх уладаў. Ужо зараз яе абвінавачваюць у палітычным прыслужніцтве і антыбеларускай палітыцы. У нашай прэсе ідзе дакладнае размежаванне: афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі становяцца на бок праваслаўя, апазіцыйныя – каталіцтва і пратэстанцтва. Аб небяспечных выніках такога становішча пісаў яшчэ Янка Купала: «Апрача палітычнай і эканамічнай залежнасьці, была і другая прычына, што асьляпіла сьветапогляд беларуса, – гэта рэлігійная нязгода двох хрысьціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва і праваслаўя. Гэтыя дзьве царквы – заходняя і ўсходняя, вядучы вечную спрэчку паміж сабой, разьдзяляюць наш ядыны народ на дзьве часьці, адных і тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за сьвяты знак хрысьціянства – крыж...» (Купала Я. Вера і нацыянальнасць. // Збор твораў у сямі тамах. Т.7. Мн., 1976, с.212). Наўрад ці зараз у нас магчымыя сутыкненні на рэлігійнай глебе, але нельга ствараць умовы для непавагі да прыхільнікаў той ці іншай веры. Беларусь заўсёды была поліканфесійнай дзяржавай, і на яе культуру аказалі ўплыў некалькі рэлігійных кірункаў: язычніцтва, праваслаўе, каталіцтва, пратэстанцтва, іслам, іудаізм. Усе яны – частка нашай духоўнай спадчыны, якую мы не маем права зганьбіць.

Пры пабудове ўзаемаадносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі трэба выходзіць з існуючай сітуацыі, вывучаць гэтую сітуацыю і не падмяняць яе прыдуманымі ідэалагічнымі схемамі.

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь "Адкрытае грамадства" №2 (13), 2002

Адзіночанка Віктар

Рубрыка: