Беларусь: вернікаў змушаюць адклікаць свае подпісы для рэгістрацыі

 

Прадстаўнікі РПЦЗ паскардзіліся службе Форуму 18, што беларускія чыноўнікі – ува ўзгадненні з мясцовымі святарамі Маскоўскага Патрыярхату – аказваюць ціск на іх прыхаджнаў, каб яны знялі свае подпісы з заявы на рэгістрацыю супольнасці. […]

Паводле беларускага Закону аб свабодзе сумлення 2002 г, які атрымаў моцную падтрымку Беларускай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага Патрыярхату), дзяржаўная рэгістрацыя з’яўляецца абавязковай для ўсіх рэлігійных абшчын, а незарэгістраваная дзейнасць з’яўляецца незаконнай – што парушае міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека. Часткай працэдыры рэгістрацыі з’яўляецца падпісанне як мінімум 20 грамадзянамі Беларусі заявы аб намеры стварыць рэлігійную арганізацыю, пры гэтым яны павінны пазначыць сваё поўнае імя, адрас, дату нараджэння і подпіс.

Святары і прыхаджане Маскоўскага Патрыярхату ў заходнебеларускім горадзе Берасці нядаўна наведалі кватэры тых, хто паставіў свае подпісы ў заяве аб рэгістрацыі прыходу РПЦЗ, “і змушалі іх зняць свае подпісы – вельмі моцны ціск быў на іх аказаны,” – сказаў Форуму 18 епіскап Адэскі і Таўрычаскі Агафангел (Пашкоўскі) з паўднёваўкраінскага гораду Адэса 17 кастрычніка. Епіскап заўважыў, што адрасы прыхаджанаў РПЦЗ былі перададзеныя святарам дзяржаўным органам, які ажыццяўляе рэгістрацыю, бо кватэры наведвалі “менавіта тых людзей, якія знаходзяцца ў спісе заявы”. Ён адзначыў, што калі нават адзін чалавек здыме сваё імя, усю працэдуру давядзецца “пачынаць наноў”.

Руская Праваслаўная Царква (За мяжой), цэнтр якой знаходзіцца ў ЗША, разарвала стасункі з Маскоўскім Патрыярхатам у 1927 г., пасля таго, як апошняя прыняладэкларацыю аб лаяльнасці да Савецкага Саюзу. Пасля таго, як камуністычны рэжым там паў, РПЦЗ заснавала прыкладна 150 прыходаў у Расеі, Украіне Малдове і Беларусі. Пасля супярэчлівай змены яе лідара мітрапаліта Віталія (Усцінава) мітрапалітам Лаўрам (Шкурлам) у 2001 г., царква была ўключаная ў працэс уз’яднання з Маскоўскім Патрыярхатам. Такая змена ў царкоўнай палітыцы прывяла да расколу, паводле якога некаторыя структуры РПЦЗ – пераважна ў былым Савецкім Саюзе – захавалі сваё падпарадкаванне мітрапаліту Віталію і прынялі яго пазіцыю супраць аб’яднання з Маскоўскім Патрыярхатам. Нягледзячы на тое, што яны выступаюць супраць аб’яднаўчага працэсу, епіскап Агафангел і яго епархія засталіся ў юрысдыкцыі мітрапаліта Лаўра.

Са жніўня 2006 года, два святары Маскоўскага Патрыярхату – а.Яўгеній Ліхота і а.Ігнацій Луковіч – пачалі пагражаць мясцовым жыхарам, якія пакінулі свае дадзеныя ў заяўцы на рэгістрацыю двух прыходаў РПЦЗ на ўскарйкі Берасця – у Вулцы і Кавалёва, пра гэта Форуму 18 паведаміў 23 кастрычніка мясцовы святар РПЦЗ а.Іаан Грудніцкі. Гэтыя святары і тыя, хто іх падтрымлівае, казалі прыхаджанам яго прыхаджанам, што РПЦЗ – гэта “незаконная, некананічная секта” і што калі яныбудуць і далей адносіць сябе да яе, то ім нельга будзе наведваць і прымаць таінствы ў цэрквах Маскоўскага Патрыярхату, так адзначае а.Іаан. У выніку, кажа ён некаторыя прыхаджане прыхода РПЦЗ у гонар святых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў Кавалёва, адклікалі свае імёны з заявы аб рэгістрацыі.

А.Іаан, як і епіскап Агафангел, таксама лічыць, што менавіта орган, адказны за рэгістрацыю рэлігійных арганізацый – аддзел па справах рэлігій – перадаў у мясцовую епархію Маскоўскага Патрыярхату інфармацыю з заявак аб рэгістрацыі прыходаў.

А.Яўгеній Ліхота сцвердзіў Форуму 18, што ён не ведае ў сваё мясцовасці ніводнай іншай праваслаўнай супольнасці апроч сваёй абшчыны Маскоўскага Патрыярхату. Адказваючы на прэтэнзіі за тое, што ён супрацоўнічаў з дзяржаўнымі чыноўнікамі ў тым, каб пераканаць людзей не падпісвацца ў іншай праваслаўнай юрысдыкцыі, ён адзначыў 24 кастрычніка, што ён падпарадкоўваецца свайму епіскапу, “а не чыноўнікам”. Пасля сцверджання, што ён “не гатовы абмяркоўваць такія пытанні з вамі”, а.Ягеній параіў Форуму 18 звярнуцца з астанімі пытаннямі ў яго епархію.

Сакратар Берасцейскай епархіі Маскоўскага Патрыярхату паведаміла Форуму 18, што святары епархіі ніяк не маглі сустракацца з прыхаджанамі РПЦЗ, бо “такіх няма – у нас няма ніводнага зарэгістраванага прыходу РПЦЗ”. За наступнымі падрабязнасцямі яна параіла Форуму 18 звязацца з аддзелам па справах рэлігій.

Паводле нумару, які яна дала, адказаў Аляксандар Цырыльчук – супрацоўнік брэсцкага раённага аддзелу па справах рэлігій, які адзначыў, што прыхаджанне РПЦЗ адклікалі свае подпісы, калі прынеслі сваю заяўку ў яго офіс. “Мы пагаварылі з імі, патлумачылі, што гэта [РПЦЗ] іншая царква, а яны сказалі, што не жадаюць туды хадзіць”. Цырыльчук таксама зачытаў Форуму 18 тэкст звароту, які паводле ягоных словаў падпісалі 13 з 26 заснавальнікаў прыходу РПЦЗ у гонар святых віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. У ім падпісанты прасілі лічыць іх подпісы несапраўднымі з той прычыны, што яны не зразумалі да якой царквы належыць прыход, “і мы не жадаем сеяць царкоўную варажнечу на тэрыторыі Брэсцкага раёну”.

Паводле Цырыльчука, тыя, хто стаяў за рэгістрацыяў прыходаў РПЦЗ выкарыстоўвалі падман, “але на падмане нельга пабудаваць нічога добрага, асабліва царкву”.

У 2005 годзе галоўны чыноўнік Брэсцкай вобласці Васіль Марчанка напісаў кіраўніцтву прыходскай рады прыходу РПЦЗ у мястэчку Ружаны і настойліва парэкамендаваў суполцы наведваць мясцовы прыход Маскоўскага Патрярхату, “дзе створаныя нармальныя ўмовы для выканання рэлігійых абрадаў усімі, хто жадае” (гл. F18News 9 November 2005 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=684). У справаздачы студзеня 2005 году, той самы чыноўнік скардзіўся на факт таго, что на працягу двух год, “прадстаўнікі дзяржавы не знайшлі ні часу, ні магчымасці паўплываць на гэтых вернікаў [прыход РПЦЗ у Ружанах] альбо памагчы мясцоваму святару ў навяртанні іх уву ўлонне царквы [Маскоўскага Патрыярхату] (гл. F18News 18 November 2005 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=691).

А. Іаан Грудніцкі таксама сказаў Форуму 18, што рэгістрацыйная заяўка Свята-пакроўскага прыходу мікрараёну Берасця Вулцы на дадзены момант праходзіць экспертызу ў Дзяржаўнага Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцей, “хаця яны ведаюць, безумоўна, хто мы – РПЦЗ і Маскоўскі Патрыярхат часткі адной Царквы, проста мы не прымаем экуменізму і супрацоўніцтва з КГБ”.

Паводле закону 2002 г. Заяўкі ад рэлігійных супольнасцей “раней невядомых” у Беларусі мусяць праходзіць экспертнае даследаванне цягам перыяду, які можа дасягаць шасці месяцаў.

Вядомым таксама як Руская Ісцінна-Праваслаўная Царква, тром прыходам РПЦЗ у Менску і Менскім вобласці было адмоўлена ў рэгістрацыі ў канцы 2002 г. пасля падобнай экспертызы. Яны беспаспяхова спрабавалі абскардзіць дзеянні дзяржавы ў судовым парадку (гл. F18News 2 April 2003 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=23 and http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=24, і 6 November 2003 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=177). Іх святару, а.Леаніду Пляцу, пагражалі арыштам і вялікім штрафам, калі ён будзе ажыццяўляць богаслужэнні (гл. F18News 6 June 2005 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=577).

Епіскап Агафангел сказаў Форуму 18, што члены РПЦЗ у Беларусі асцерагаюцца перадаваць іх справу ў міжнародны суд, бо яны “баяцца некаторых наступстваў”. Яны таксама не жадаюць рызыкаваць сходамі для службаў, кажа ён, “які і ў савецкія часы”. І епіскап, і а.Іаан Грудніцкі падкрэслілі, што менавіта з-за гэтага ў лістападзе 2005 г. ў крымінальны кодэкс былі ўнесеныя папраўкі, паводле якіх кіраванне рэлігійнай арганізацыяй, якія “шкодзіць правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян, альбо замінаюць ім выконваць дзяржаўныя, грамадскія ці сямейныя абавязкі” з пакараннем у выглядзе зняволення да трох год.

А. Іаан Грудніцкі двойчы быў аштрафаваны на агульную суму 4,080,000 беларускіх рублёў (12,106 нарвежскіх крон, 1,555 еўра ці 1,825 даляраў ЗША) за здзяйсненне незарэгістраваных богаслужэнняў у мястэчку Ружаны (гл. F18News 9 November 2005 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=684). Ён паведаміў Форуму 18, што ён іх не аплачваў, бо “лічыць іх незаконнымі”

А.Іаан некалі гучна выступаў у падтрымку закону аб свабодзе сумлення 2002 году як выдатны святар Брэскай епархіі Маскоўскага патрыярхату да таго, як з-за ўнутраных спрэчак пакінуў яго. У верасні 2002 у інтэрвію епархіяльнай газеце “Духоўны Веснік”, напрыклад, ён выступаў за прыняцце закону дэпутатамі парламента, і выказваў меркаванне, што законная мінімальная колькасць членаў рэлігійнай арганізацыі мусіць быць паднятая з 10 да 500.

У дадатак да таго, што дзяржава ставіць перашкоды ў заснаванні РПЦЗ, яна таксама замінае спробам усталявання іншых праваслаўных цэркваў. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква нават перажыла руйнаванне свайго храму ў Пагранічным (Горадзенская вобласць) у жніўні 2002. Маскоўскі Патрыярхат таксама зарэгістраваў “Беларускую Праваслаўную Царкву” як брэнд для таго, каб папярэдзіць атрыманне афіцыйнага статусу альтэрнатыўнымі юрысдыкцыямі. (гл. F18News 6 November 2003 http://www.forum18.org/Archive.php?article_id=177).

Джэральдзіна Фаган

Рубрыка: