Літасць і сіла

 Нехта скардзіцца на словы, што я недзе сказаў аб прагрэсе. Я забыўся, пра што казаў, але ўпэўнены (як нейкі містэр Даглас у вершах, якія я таксама забыў), што словы мае былі пяшчотнымі і слушнымі.

У любым выпадку, цяпер я скажу так: гісторыя такая багатая і складаная, што на яе прыкладзе можна даказацт кожны прагрэс і рэгрэс. Я магу даказаць, што мы ўсё бліжэй да дэмакратыі - усё больш народу атрымлівае права голасу. Я магу давесці, што мы ідзем да арыстакратыі - бо нашыя закрытыя школы робяцца ўсё больш арыстакратычнымі. Магу даказаць, што нашая ваяўнічасць робіцца слабейшай - бо салдатаў цяпер не лупцуюць перад строем; магу даказаць, што яна расце - бо расце войска. Даказаць я магу што хочаце. Свет робіцца зелянейшы - не так даўно сталі піць абсент; зялёнага робіцца менш - забудавалі лугі, няма стралкоў Робін Гуда. Чырвонога менш - гляньце на бура-зялёныя курткі; чырвонага больш - зірніце на новыя маркі. Паўсюль і заўсёды я назаву прагрэсам штосьці адно. Ці заўважылі вы той дзіўны радок Тэнісана, дзе ён, амаль неўсвядомлена, прызнаецца ў тым, наколькі ўмоўны прагрэс, які ён вузкі і просталінейны? Шлях зменаў паэт называе “каляінай”. Што-што, а каляіна не змяняецца. Прагрэс і сапраўды рухаецца вузкай дарогай, а менавіта - па каляіне. Бачыць Бог, я не стаў бы гаварыць гэтак доўга, каб падабрацца да такой вялікай палітычнай праблемы, як пакаранні ў Судане. Аднак я хацеў бы, каб абодва бакі ў спрэчцы заўважылі нарэшце адну важную рэч. У чым бы мы ні мелі рацыю, мы яе не маем, сцвярджаючы, што еўрапейцы павінны паводзіць сябе з “азіятамі” і “дзікунамі” так, як тыя паводзілі б сябе з намі. Тут папулярная метафара: “біць іх уласнай зброяй”. Што ж, цудоўна; так і зробім. Суданцы карыстаюцца вялікімі нехлямяжымі нажамі, нашмат радзей - старымі стрэльбамі. Не пакідаюць яны ўбаку катаванні і рабства. Калі мы прыменім катаванні і рабства, карысці будзе не болей, чым ад старой зброі і нехлямяжых нажоў.

Хрысціянская цывілізацыя толькі тым і моцная, што зброя ў яе - свая, а не чужая.

Гэта няпраўда, што вышэйшы мусіць прыпадабняцца да ніжэйшага.

Калі вулічны хлапчук пакажа вярхоўнаму суддзі язык, суддзя гэты зусім не павінен у адказ дэманстраваць свой. Магчыма, хлапчук паважае суддзю, магчыма - не паважае; пакінем убаку гэтую псіхалагічную таямніцу. Але калі паважае, то за іншыя спосабы барацьбы. Так глядзяць іншыя цывілізацыі на нашу, хрысціянскую. Калі яны яшчэ хець неяк яе паважаюць, то менавіта за іншую зброю. Шмат якія маралісты лічаць: калі зулус адрэзаў галаву мёртваму брытанцу - значыць, адрэжам галаву мёртваму зулусу.

Арабы катуюць арабаў - што ж, будзем катаваць арабаў.

Напэўна, змагаючыся з канібалам, брытанскі адмірал павінен іх есці. Прыемна, агідна - а еш, нічога не зробіш! Бі іх уласнай зброяй, нажом і відэльцам. На самой справе, натуральна, мы толькі разаб’ем чары. Уся таямніца “белых”, уся іх страшная прыгажосць - менавіта ў тым, што яны так не робяць. Зулус здзіўлена гаворыць: “Прыйшлі чараўнікі, прыйшла напаўбагі, якія не адразаюць нос у ворага!”

Суданец дзівіцца: “Яне не б’юць слуг, яны вышэйшыя за штодзённыя чалавечыя радасці!” А канібал вырашае: “Уцякайма! Яны такія страшныя і суровыя, што іх не залагодзіш і смажаным місіянерам!”

Слушныя мае прыклады альбо не, мая думка слушная. Еўропа мацнейшая за іншыя цывілізацыі толькі тады, калі яны больш чалавечная; больш за тое - яна моцная менавіта з гэтай прычыны. Уяўленне дапаможа ёй абхітрыць ворага - і злітавацца з яго. Еўрапейцы ўмеюць лепш за іншых уявіць непадобны да іхнага пункт гледжання; вось чаму, пры ўсіх сваіх грахах, яны дамагліся такіх поспехаў і на полі ваенным, і на мірным.

Толькі яны вынайшлі кулямёт - і лазарэт. Больш за тое, яны вынайшлі яго з адной прычыны: і там, і тут трэба хутчэй уявіць будучыню. Пры ўсёй сваёй мудрасці Усход нялітасцівы, а таму - слабы. “Дзікуны” не ведаюць літасці - і застаюцца дзікунамі. Калі б яны ўявілі, як пакутуе вораг, яны б зразумелі, што той задумаў. Каб зулус не адрэзаў брытанцу галаву, як мог бы пазычыць яе. Той, хто не разумее іншага, не здолее яго перамагчы. Калі ж вы зразумееце іншага, вам перамагаць і не захочацца.

Калі мне было год сем, я думаў, што наша галоўная небяспека - лішак цывілізацыі. Зараз я думаю, што галоўная небяспека - маруднае вяртанне да барбарства. Цывілізацыя (у лепшым сэнсе слова) азначае поўную ўладу нашай душы над усімі знешнім. Барбарства - гэта пакланенне знешняму, ва ўсёй яго грубасці, як яно ёсць.

Шматзначныя размовы пра непераможныя сілы, якія нас акаляюць - гэта барбарства. Гаворкі пра “спадчыннасць” і “асяродак” - барбарства; у нашых навукоўцаў нямала барбарства. Містэру Блэчфарду пагражае небяспека - ён можа здзічэць. Бо барбары і дзікуны (асабліва мізэрныя ды няшчасныя) абмяркоўваюць гэтыя вучоныя тэматы з раніцы да поўначы. Таму яны і застаюцца мізэрнымі, таму і застаюцца дзікімі.

Гатэнтоты вечна абмяркоўваюць спадчыннасць. Жыхары Сандвічавых астравоў вечна асуджаюць асяродак. У тых, хто сапраўды карэе ў дзікасці і прыніжэнні, амаль усе міфы - аб крэўнасці, аб праклятым родзе, аб законах крыві, аб кепскіх месцах. Сапраўдны дзікун - раб; ён гаворыць пра тое, што непазбежна мусіць зрабіць. Цывілізаваны чалавек вольны і гаворыць пра тое, што зрабіць можа.

Вось чаму ўсе гаворкі пра спадчыннасць - у Заля, у Ібсена, іншых - здаюцца мне не столькі грахоўнымі, колькі неабазнанымі і адсталымі. Навуковы дэтэрмінізм - гэта змрок перад світанкам, і шмат хто жадае туды вярнуцца. Іншая прыкмета нашага барбарства - тое, што мы гаворым пра рэчы і рэчывы, а не пра ідэі. Раней гаварылі пра грэх абжорства і п’янства; мы гаворым пры дыету і алкаголь. Калі нястрыманасць абазвалі “алкагольнай праблемай” і сталі змагацца з ёй, забараняючы гандляваць алкаголем, гэта сведчыла пра немалую дзікасць. Уласна кажучы, гэта - фетышызм; лічыць пляшку богам не дурней, чым лічыць яе чортам. Можна спусціцца і ніжэй. Калі нехта б’е жонку, а нехта - ламае чужыя дзверы, і гэта, і другое назавуць праблемай, а качаргу і ключы забароняць прадаваць асаблівым заканадаўчым актам.

Мне ўсё здаецца, што цень дзікунскага матэрыялізму даткнуўся і больш важных спраў. Кожны сёння гаворыць пра тое, які цудоўны мір і якая брыдкая вайна. Але і вайна, і мір - становішчы хутчэй матэрыяльныя, чым духоўныя, і гаворачы толькі пра іх мы не зазірнем у сутнасць рэчаў. Як устанаўліваюць мір у якой-небудзь супольнасці? Пераконваючы кожнага сядзець ціха і цярпець, што б з ім ні рабілі? Не - толькі дакладна вызначаючы правы і стараючыся не парушаць іх. Еўропа не зведае міру, пакуль у яе не будзе агульнага прынцыпу. Зараз мараць аб Злучаных Штатах Еўропы, забываючыся, што Злучаныя Штаты Амерыкі былі б немагчымыя без вельмі дакладна сфармуляванай “Дэкларацыі незалежнасці”. Нельга спрачацца “ні пра што”; нелька “ні на чым” і прымірыцца.

Пераклад Леа Ферботэн

Чэстэртан Г.К. Літасць і сіла. - Чалавек ёсць мерай усяго. - Праваабарончы часопіс. - №8 (18), 2003. - с. 30 - 31.

Г.К. Чэстэртан

Рубрыка: