З гісторыі Акафіста

Сёньня - Ухвала Найсьвятой Багародзіцы (Субота Акафіста)

 

Богаслужбовыя песнасьпевы ўсходняй (то бок праваслаўнай) царквы першых 5-ці стагодзьдзяў не дайшлі да нас. Толькі з 6-га стагодзьдзя гімнаграфічная творчасьць стала такой значнай, што пачала істотна ўплываць на фармаваньне агульнага ладу богаслужэньня, т.ч. яна ўваходзіць у гісторыю і становіцца царкоўным здабыткам да сёньня.

Пры гэтым на Захадзе менавіта ў гэты час гімнаграфія замірае, ёй нават праз саборы спрабуюць закрыць дарогу на царкоўныя службы. Гэта тлумачыцца тым, што заходняе богаслужэньне спыняецца на агульных, не прывязаных да канкрэтнага сьвята ці памяці, песнасьпевах. Усходняе богаслужэньне, наадварот, імкнецца адгукнуцца на кожную падзею царкоўнага году. І пакуль працягвалася разьвіцьцё і дапаўненьне царкоўных памяцяў, не магла перапыніцца гімнаграфія. Яна нават дасюль мусіла разьвівацца, калі б царква адпавядала закладзенаму тады духу, а жыватворчы Дух жыў бы і ў нашых сэрцах, знаходзячы адпаведны водгук у творчасьці.

У пачатку 6-га стагодзьдзя асаблівае ажыўленьне гімнаграфічнай творчасьці назіраецца ў Канстанцінопалі, і абавязанае яно гэтым прап. Аўксенцію .Зь ім зьвязанае зьяўденьне трапароў і сьціхіраў, безь якіх цяпер цяжка ўявіць праваслаўнае богаслужэньне. Для народу, які сыходзіўся да ягонае пячоры, ён “складае трапары з 2-3-х выслоўяў, вельмі прыемныя і карысныя, хаця і простыя, і прымушаў сьпяваць іх голасам самым простым і без прыўкрасаў. Калі некалькі разоў паўтараўся чарговым сьпевам адзін верш, то пачыналі паводле загаду блажэннага сьпяваць другі, потым трэці, потым іншыя”. Тэмай было і славаслоўе Госпада, і адкупленьне, і пакаяньне, і праслаўленьне сьвятых («Радуйцеся праведныя аб Госпадзе і маліце за нас. Слава Табе Хрысьце Божа сьвятых»). Такія песнасьпевы маглі працягвацца з раньня да палудня і скончваліся навучаньнем.

Гэты спосаб сьпяваць па некалькі разоў адну страфу ўзяты з практыкі сьпяваньня псалмоў у 4-5 стагодзьдзях. Водгук гэтай практыкі захваўся ў тым, што па сьвятах трапары, сьціхіры і ірмасы сьпяваюцца (ці хаця б мусяць сьпявацца) па 2-3 разы, але ўжо не часткамі, а цалкам. Але пры памнажэньні колькасьці трапароў такі звычай быў пакінуты, а ўсенародна ўрачыста сьпявалі толькі апошні ягоны верш у якасьці рэфрэну да цэлага шэрагу песнасьпеваў. Такія трапары-напевы сталі называцца кандакамі, ад слова «кій» ці «скрутак», бо яны разгортвалі за сабой цэлы шлейф даўгіх сьпеваў – ікасаў (ад “дом”, “храм”, “сямейства”, 12-я частка задыяку). Кандаком называлі ня толькі пачатковы трапар, як цяпер, а ўвесь гэты сьпеў.

Заснавальнікам такога кшталту сьпеваў лічыцца прап. Раман Сладкапевец , сьпявак Канстанцінопальскага храма сьв. Сафіі, і першым кандаком яго – паводле паданьня, прасьпяванаму пры асаблівым нябесным натхненьні – стаў кандак на Раство Хрыстовае “Дзева сёньня”. Да гэтага кандака было прыкладзена 24 ікасы з тым жа рэфрэнам, што і ў кандаку: “Дзіцятка малое спрадвечны Бог”, і якія мелі акраверш “зьміранага Рамана гімн”. Лік 24 адпавядае колькасьці літараў грэчаскага алфавіту, што прыпадабняецца да структуры 118-га псалма, якія складаецца з 22 разьдзелаў паводле літараў габрэйскага алфавіту. Яшчэ больш з гэтым узорам кандак і ікас Благавешчаньню з паралельным праслаўленьнем зноў жа Раства Хрыстова, што адлюстроўвае тагачасную практыку шанаваньня гэтых сьвятаў у адзін дзень. Тут ужо сьпевы складзеныя ня толькі паводле колькасьці літараў алфавіту, але і пачынаецца па чарзе з кожнай літары. Гэты кандак і ікасы вядомыя ў нас як Акафіст Найсьцятой Багародзіцы. Сярод ягоных мажлівых аўтараў таксама называецца прап.Раман Сладкапевец, але ня толькі ён. Аўтарства часта прыпісваецца, напрыклад, дыякану сьв. Сафіі Георгію Пісідзе, як аўтару апісаньня вайны з аварамі, пасьля добрага заканчэньня якой штогод «народ стал петь благодарную песнь, именуя сам этот день акафистом». Але сьпеў мог быць складзены раней менавіта для Благавешчаньня, а потым было прыстасаванае да ўспамінаў вайны і перамогі. Менавіта ад гэтых урачыстых успамінаў, відаць, і ідзе сама назва “акафіст”, што значыць “несядальны”, які сьпяваюць стоячы. І дзень Ухвалы Найсьвятой Багародзіцы, які ўрачыста адзначаецца ў суботу 5-га тыдня поста сьпевам Акафіста Божай Маці гэта і ёсьць той самы дзень успамнаў перамогі над аварамі. Для нас ужо гэтая перамога страціла актуальнасьць, і захаваўся толькі першапачатковы духоўны сэнс. Але сьляды засталіся. Напрыклад, калі Божая Маці называецца «взбранной Воеводе победительная» , гэта значыць абраная для перамогаў Ваявода.

Такіе складзеныя з кандаком і ікасам сьпевы захаваліся ня толькі на Раство Хрыстова і Благавешчаньне, але і на іншыя сьвяты. Імя Рамана ў акарвершы носяць кандакі і ікасы на Пасху (“Нават калі і ў магілу”), у тыдзень мясапусны, крыжапаклонны, у Вялікую Пятніцу, у Вазьнясеньне, Пяцідзесятніцу і многія іншыя царкоўныя памяці. Нават, напрыклад, на адмаўленьне Пятра. У гэтых кандаках не абавязкова 24 ікасы. Іх колькасьць бывае і 13, і 18, і 25 – у залежнасьці ад важнасьці падзеі, якая сьвяткуецца.

Але той кандак Благавешчаньню, які ўвайшоў у гісторыю як Акафіст, зьявіўся настолькі натхнёным і прыцягальным для, што паводле ягонага ўзора сталі складаць сьпевы для іншых памяцяў і сьвятаў, і называць іх ужо не кандакамі, а акафістамі. Але гэта разьвівалася ўжо пасьля таго, як кандакі ў якасьці асноўных літургічных сьпеваў саступілі месца канонам. І акафісты, як мы ведаем, у царкве сьпяваюцца ня ў складзе статунай службы, але як адвольны дадатак у малебнах і хатніх малітвах. Узровень іх, да таго ж, нашмат саступае праслаўленаму ўзору. Мадэль стала зручнай для простай творчасьці. За выняткам, можа, акафіста Іісусу Найсалодкаму , параўнаўча даўняга паходжаньня – блізу 13-га стагодзьдзя.

сьвятар Аляксандар Шрамко

Рубрыка: