Пасхальнае пасланне Патрыяршага Экзарха усея Беларусі

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі

і ўсе верныя дзеці

Беларускай Праваслаўнай Царквы!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Сіла гэтага самага радаснага пасхальнага прывітання зноў азарае нашы сэрцы. Усяго два словы — але колькі ў іх сэнсу і глыбіні! Ніколькі не перабольшваючы, мы можам сказаць, што ў іх выяўлена сутнасць усяго Евангельскага вучэння. Яны — кароткі сімвал нашай веры, што вынікае са слоў апостала Паўла, які гаворыць нам: Калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша, — а потым дадае: Але Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых (1 Кар. 15: 14, 20).

Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы выказваем сваю веру ў перамогу Дабра над злом, Жыцця над смерцю, Ісціны над падманам, Святла над цемрай… Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы напаўняемся надзеяй, што такая перамога магчыма ў жыцці кожнага з нас. Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы азараемся любоўю Самога Госпада нашага Іісуса Хрыста, Таго, Хто дараваў нам выратаванне ад граху, пракляцця і смерці!

Уся наша вера, надзея і любоў — у словах «Хрыстос уваскрэс!» Яны скрозь стагоддзі яўляюць нам, па слову Апостала, прамудрасць Божую, у тайне скрытую, якую прадвызначыў Бог перад вякамі дзеля славы нашай (1 Кар. 2: 7).

Прызнаваць Хрыста ўваскрэслым з мёртвых — не ўмоўны звычай, не фармальнасць, не абстрактная ісціна. Мы верым, што Пасха Хрыстова мае непасрэдныя адносіны да нашага ўласнага жыцця і да жыцця вечнага.

Ва ўваскрасенні Хрыста, у Яго перамозе над смерцю для нас адкрываюцца новыя перспектывы. Калі мы, нараджаючыся, атрымалі ў спадчыну ад Адама смяротнасць чалавечай прыроды, то, адраджаючыся ў Хрысце праз Хрышчэнне і веру, мы набываем жыццё ўдосталь (гл. Ін. 10: 10). Паводле слова Свяшчэннага Пісання, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15: 22).

Менавіта ў Таінстве Хрышчэння мы далучаемся да пладоў Крыжовай Ахвяры Госпада нашага Іісуса Хрыста. У Хрышчэнні мы становімся пахаванымі разам з Хрыстом, а затым уваскрасаем у Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых (гл. Кал. 2: 12).

Як гаварыў свяціцель Афанасій Вялікі, «Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам». Адважымся пашырыць словы святога айца: Бог, стаўшы чалавекам, памёр, каб мы, абожыўшыся, уваскрэслі. Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылі ўжо не для сябе, але дзеля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс (2 Кар. 5: 15). І калі мы сапраўды ўваскрэслі з Хрыстом, то нам перш за ўсё трэба шукаць не зямнога і марнага, а высокага і вечнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога (гл. Кал. 3: 1).

Вобраз Уваскрэслага Спасіцеля абавязкова адсылае нас да неабходнасці задумацца над тым, ці выявіла сябе перамога Хрыста ў нашым асабістым жыцці? Ці ўваскрэс Хрыстос у нашай душы, і ці паўсталі мы разам з Ім у сваім сэрцы?

Мы часта скардзімся на недасканаласць навакольнага свету. Але перамена гэтага свету да лепшага не можа адбыцца раней, чым мы самі паспрабуем зрабіць яго лепшым, пачаўшы з саміх сябе. І ў Хрысце мы маем рэальную магчымасць перамяніць сваё жыццё. Толькі ад нас залежыць, ці захочам мы ўстаць на барацьбу за сваю душу, за нашы сем'і, за наш народ — а ці дазволім нашаму жыццю паступова ператварацца ў пекла.

Гасподзь усё даў нам для таго, каб мы сталі спадкаемцамі Яго перамогі. Мужайцеся: Я перамог свет (Ін. 16: 33), — гаворыць Ён. Гэты заклік звернуты не толькі да апосталаў. Ён звернуты і да нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі. Царква створана Богам для таго, каб усе мы маглі чэрпаць з Яе сілы на шляху да богазапаведанага міру. Нам дадзены Таінствы Споведзі і Прычасця, звяртаючыся да якіх, мы задаём рытм духоўнага жыцця, рытм перамогі над грахом.

Міласць Божая творыць цуды ў нашай роднай Беларусі, уваскрашаючы душы людзей, вырываючы іх з путаў роспачы і граху, бязвер'я і нянавісці. Але галоўная радасць нашага жыцця — Царква Хрыстова. Я веру, што пакуль беларусы будуць захоўваць у сваёй свядомасці паняцце пра святасць Царквы, Бог не пакіне нас.

Узлюбленыя ў Госпадзе дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, прашу вас: веруйце ў Бога і захоўвайце вернасць роднай зямлі. У нас багатая і слаўная гісторыя — нам ёсць за што дзякаваць Богу! Сёлета народы Беларусі, Украіны і Расіі адзначаюць 1025-ю гадавіну Хрышчэння Русі.

Гісторыя святасці — гэта крыніца надзеі, апора для руху ў будучыню і ўмова нашага адзінства. Людзі адрозніваюцца па здольнасцях, сілах і інтарэсах. Але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да бліжняга і да Айчыны, то нашы адрозненні становяцца падобнымі да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосць агульнага, прыгажосць беларусаў як нацыі.

Я вітаю з Пасхай Хрыстовай нашых суайчыннікаў, якія знаходзяцца за межамі Радзімы. Ваша памяць пра Беларусь і яе Царкву, ваша праца і малітвы вельмі важныя для нас.

Дарагія мае! Будзьце пераймальнікамі Бога… і жывіце ў любові, як Хрыстос узлюбіў нас (Эф. 5: 2). Нясіце радасць пра Уваскрэслага Госпада ў навакольны свет: у сем'і, да суседзяў, сваякоў і калег. Не бойцеся цяжкасцей жыцця веку гэтага, але перамагайце іх сілаю любові і малітвы, бесперапынна памятаючы пра тое, што ХРЫСТОС УВАСКРЭС! — Сапраўды ўваскрэс Хрыстос! Амінь!

ФІЛАРЭТ

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха 2013 года, Мінск

Рубрыка: