Патрыяршае пасланне Ўсясветнага Патрыярха Варфаламея на Святую Пасху 2014 г.

ВАРФАЛАМЕЙ
ЛАСКАЙ БОЖАЙ
АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ
І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

 

УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ 
ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ АД УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ ХРЫСТА

Хрыстос Уваскрос!

«Прыдзіце», браты, сёстры і дзеці ў Госпадзе, «прыміце святло ад незаходзячага Святла» Фанару, святога цэнтру Праваслаўя, і ўсхваліце ўсе разам «Хрыста, уваскрослага з мёртвых».

Душэўны стан вучняў Госпада пасля Ягонага Ўкрыжавання быў азмрочаны, бо забойства Яго разбіла іх спадзяванні, што Ён, а з Ім разам і яны, атрымаюць палітычную ўладу. Вучні прынялі трыумфальны ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім пасля ўваскрашэння Лазара і цудоўнае насычэнне пяці тысяч мужчын і мноства жанчын ды дзяцей пяццю хлябамі і дзьвюма рыбінамі за пачатак заваявання зямной улады. Маці дваіх з іх прыступіла да Госпада з просьбай, каб яе сынам сесці праваруч і леваруч Яго, калі Ён атрымае ўладу. Усе гэтыя спадзяванні разбіліся, як дзіцячыя мроі, аб смяротныя пакуты і скон Ісуса Хрыста.

Аднак на світанку ў першы пасля суботы дзень міраносіцы знайшлі магілу пустой і пачулі ад Ангела, што Ісус уваскрос з мёртвых. Праз некаторы час і Сам Ён аб’явіўся ім у іншым выглядзе, не дазваляючы дакрануцца да Сябе. Такое неспадзяванае развіццё падзеяў збянтэжыла іх – і датычна Самога Ісуса, і датычна таго, што чакала іх далей. Сустрэча не давалася ім адразу. Яны былі закліканы чакаць з цярплівасцю і цвёрдасцю, пакуль не ахінуцца сілаю звыш. Паслухаўшыся гэтай запаведзі, яны дачакаліся Пяцідзясятніцы, калі Дух Святы сыйшоў і адкрыў ім у паўнаце іх новую місію. Яна складалася не з вызвалення аднаго народа ад іга другога, але была ў вызваленні ўсяго чалавецтва ад рабства князю зла і ад зла наогул. Гэта была іншая вялікая місія, адрозная ад той, пра якую яны марылі.

Незразумелая запаведзь распаўсюджання весткі пра вызваленне чалавека ад рабства смерці здзівіла іх, але яны прынялі яе з імпэтам, і прапаведавалі ўсюды, і збаўлялі, і захоўвалі многіх ад смерці. Уваскрослы Ісус, як першынец з мёртвых, прапаноўвае ўсім магчымасць уваскрасення і жыцця вечнага, жыцця, якое больш не падлягае тлену, бо ва ўваскрэсенні людзі – як ангелы Божыя на нябёсах і замест цела плоцкага носяць цела духоўнае.

Ужо цяпер мы смакуем наперад дабрашчасны ўваскрослы стан, калі мы носім сваё плоцкае адзенне такім чынам, каб не дакранацца да існасці смерці, г. зн. аднятасці ад любові Божай, але верым, што пройдзем ад фізічнай смерці плоцкага цела ў лепшае жыццё духоўнага цела, у вечнае жыццё - праз любоў і веданне Аблічча Гасподняга.

Таму будзем не проста чакаць уваскрасення мёртвых як факту далёкай будучыні, але прылучаймася да яго і ўсклікайма заўзята за святым Янам Златавустам: “Смерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?” Суваскрэснем жа з Ісусам Хрыстом і будзем жыць, прыймаючы апошнія часы, як цяперашнія, а цяперашнія – як апошнія. Уваскрасенне пранізвае нашую істоту і напаўняе яе радасцю. Гэтак жа, як былі напоўнены радасцю вусны вучняў, калі яны абвесцілі, што Госпад сапраўды ўваскрос.

Працягвайма ж працу Апосталаў. Абвяшчайма свету вестку ўваскрасення. Засведчвайма, што смерці не павінна быць месца ў нашым жыцці, і што не будзе ёй дапамогі ад людзей. Высілкі тых, хто імкнецца да паляпшэння жыцця грамадства коштам смерці людзей, не прыносяць дабра тым, хто застаецца ў жывых. Яны служаць распаўсюджанню смерці і, ўрэшце, самі становяцца ейнымі ахвярамі.

У нашыя дні, як шалёныя, б’юць набаты смерці і цемрадзі. Многія з нашых братоў думаюць, што забіваць іншых – карысна і ўхвальна, але яны горка памыляюцца. На жаль, у пірамідзе сучаснай рэчаіснасці пануе ўціск і прыніжэнне слабых моцнымі. Часта нас шакуе жорсткасць і неміласэрнасць тых, хто трымае лейцы ўлады ў свеце і імкнецца валадарыць у ім.

Хрыстос жа праз сваё ўкрыжаванне, перавярнуў сусветную піраміду і на ейнай верхавіне паставіў Свой Крыж. Ён Сам - на верхавіне, бо пакутаваў больш за ўсіх людзей. Не было ў свеце такога чалавека, хто б пацярпеў так, як цярпеў Богачалавек Хрыстос: “з выгляду стаўшы як чалавек, Ён упакорыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці – і смерці крыжовай”. І таму Бог Айцец “даў Яму імя, вышэйшае за ўсякае імя, каб перад імем Ісуса схілілася ўсякае калена на небе, і на зямлі, і пад зямлёю”. (Філ. 2:8-11)

У гісторыі чалавецтва мы часта бачым, як пануе цемра смяротная, несправядлівасць замест справядлівасці, нянавісць і зайздрасць замест любові, і людзі аддаюць перавагу пякельнай нянавісці замест святла Ўваскрасення. Нягледзячы на ўяўны прагрэс чалавечых грамадстваў, на дэклараванне правоў чалавека і свабоды рэлігіі, па ўсім свеце распаўсюджваецца і выклікае небяспечную напружанасць этнічная і рэлігійная нянавісць, якая выяўляе ўладу валадарства смерці, Пекла, апраметнай. Людзі, на жаль, не могуць талераваць разнастайнасці сярод іх. Яны не могуць прыняць разнастайнасць у паходжанні, у культуры і перакананнях, ці то палітычных, ці рэлігійных, ці сацыяльных.

Аднак гісторыя паказала, што сапраўдны прагрэс без Бога немагчымы. Ніводнае грамадства не можа быць па-сапраўднаму прагрэсіўным і квітнеючым, калі ў ім няма свабоды. Але сапраўдная свабода дасягаецца толькі набліжэннем да Бога. Трагічная гісторыя ХХ стагоддзя пацвярджае гэтую ісціну. У Цэнтральнай Еўропе людзі зведалі жахі расісцкага пераследу і Другой сусветнай вайны з мільёнамі ахвяраў. Аднак у той жа час людзі перажылі і жахі ўлады, якая, называючы сябе прагрэсіўнай, у імя свабоды ва Ўсходняй Еўропе здзейсніла нечувана жорсткія і шматлікія злачынствы. Таталітарызм - гэта не спараджэнне адной палітычнай партыі, але ён ёсць наступствам гуманізму без Хрыста, і яго натуральны вынік - гэта хаос і смерць. Усё гэта пацвярджае, што любыя імкненні да свабоды без Бога асуджаныя на трагедыю.

На ўладу сілаў цемры Царква дае адказ у ласцы і сіле Ўваскрасення Хрыстовага. Той, Хто ўзяў на сябе ўсе хваробы і пакуты кожнага чалавека, прыносіць у свет Сваё Ўваскрасенне і ўпэўненасць у “перамозе над смерцю”.

Уваскрасенне і жыццё – гэта дар і святло Ісуса Хрыста, якое “асвячае ўсіх”. Дык будзем годнымі гэтага дару. Будзем жа дзякаваць заўжды Таму, Хто дае гэты дар і Хто, “Сваім Целам азарыў свет, як у люстэрцы, і прынёс народам святло ўваскрасення”. Прыдзіце ж, атрымаем святло ад незаходзячага Святла Жыцця. Прыдзіце, прынясем свае дары і атрымаем дары ўваскрасення, ад усяго сэрца гучна ўсклікнем:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах жыццё дараваў! Радуйцеся, людзі, і карагодзьце!

 

 

Святая Пасха 2014 г.

+Патрыярх Канстанцінопальскі ВАРФАЛАМЕЙ

Палымяны за ўсіх вас малітоўца да Ўваскрэслага Хрыста

Рубрыка: