13. Епіскап без епіскапства (1953 - 1956)

Гульня Архірэйскага Сыноду са мною, як з мячыкам футбалістаў, працягвалася і пасьля пастановы пра мой перавод з Аўстраліі на Саборы ў кастрычніку 1953 года. Прызначылі ў Туніс (Паўночная Афрыка) на сьвятарскае месца, што супрацьстаіць нават сьвяшчэнным канонам, якія забараняюць зводзіць епіскапа на месца сьвятара. Аднак выйшлі з такога становішча тым, што ўсклалі на мяне абавязкі кіраваць прыходамі ў гэтай частцы Афрыкі. На паперы тое атрымоўвалася добра, але на практыцы кепска, бо там не было рускіх прыходаў для епіскап скага кіраваньня імі. У гэтай частцы Афрыкі была юрысдыкцыя праваслаўнага патрыярха Александрыйскага. У Тунісе сьвятара ў прыходзе не было. Пасланы туды архірэй павінен быў выконваць абавязкі сьвятара. Гэта Архірэйскі Сынод і вызначыў епіскапу Афанасію ў сваім указе. Ня гледзячы на ўсё тое, я мусіў па службе выпраўляцца туды.

У Аўстраліі я жыў без усялякага грамадзянства і замежнага пашпарта для візы ня мог атрымаць. У Тунісе рускім прыхаджанам давялося прасіць дазволу на мой прыезд. Па гэтай справе я напісаў царкоўнаму старасту горада Плешка, каб зрабіў мне францускую візу ў Туніс, бо Туніс знаходзіўся пад пратэктаратам Францыі. Стараста мне адказаў, што яны просяць прыслаць да іх сьвятара як мага хутчэй, бо царква стаіць зачыненая доўгі час і прыходу пагражае катастрофа. Сынод з свайго боку таксама нічога не рабіў, каб атрымаць для мяне дазвол на ўезд у Туніс. Да мяне ў Тунісе служыў епіскап Нафанаіл, якога паслалі ў манастыр у Мюнхэн на пакаяньне, туніскія ж прыхаджане чакалі ягонага вяртаньня і не жадалі іншага епіскапа, г. зн. мяне. Пра такое становішча напісаў мне мой былы ўнівэрсытэцкі калега А. Бельскі, які жыў у той час у Тунісе. 3 свайго боку я таксама нічога не рабіў для атрыманьня візы ў Туніс па згаданай прычыне. Час праходзіў. Нарэшце, Сынод вызваліў мяне ад прызначэньня ў Туніс, а туды камандзіраваў сьвятара з Парыжа. У Мэльбурне я заставаўся жыць у становішчы беспрацоўнага архірэя, аднак зрэдчас слу-жыў у царкве а. Зуземіля.

Неўзабаве я даведаўся, што ў штаце Вікторыя знаходзяцца лягеры з нашымі эўрапейскімі бежанцамі, дзе не было сьвятароў. Я па-ехаў у гэтыя лягеры і пачаў іх абслугоўваць. Адзін лягер - Бэнала - разьмешчаны ў 50 мілях ад Мэльбурна, а другі лягер - Банэгіла - значна далей. У Бэнала жылі рускія сем'і, а ў Банэгіла - украінскія. Апошні лягер мне вельмі спадабаўся сваім месцазнаходжаньнем, і на маё хадайніцтва міністэрства іміграцыі зацьвердзіла мяне капэлянам у ім. Калі зьехалі ўсе украінцы, прыслалі ў гэты лягер грэкаў з Грэцыі. Я праводзіў Набажэнствы па-грэцку, а багамольцы пелі ўсю літургію, гарманічна і ладна. Яны былі палкімі наведнікамі Набажэнстваў. Часам яшчэ задоўга да пачатку Набажэнства ля баракаў царквы зьбіралася шмат багамольцаў у чаканьні майго прыходу. Усю літургію, ад пачатку і да канца, стаялі і маліліся - жанчыны і дзеці зьлева, а мужчыны справа.

у Мэльбурнскім храме а. Зуземіля адбылася драма перад сьвятам Нараджэньня Хрыстова. Спрычыніўся да яе сам а. Зуземіль на глебе незаконнага рамана з замужняй жанчынай, жонкай свайго сябра, зубнога доктара. Архіепіскап Феадор забараніў яму служыць па-сьвятарску, а ён з усім сваім прыходам лерайшоў у юрысдыкцыю грэцкага архіепіскапа Канстантынопальскай патрыярхіі. У Мэльбурне адбыўся царкоўны раскол. Архіепіскап Феадор прыехаў выправіць гэтае становішча, але яшчэ больш паглыбіў канфлікт. У той час я быў даўно не пры справах. Пасьля зыходу Зуземіля я пазбавіўся магчымасьці праводзіць Набажэнствы ў ягонай царкве. Паступова многія прыхаджане адышлі ад яго, але ён застаўся ў грэкаў. Заняўся гандлем і служыў у сваёй царкве. Сынод пазбавіў яго сьвятарскага сану. Пацярпелы муж падаў на яго ў грамадзянскі суд за сваю жонку. Разбор судовай справы працягваўся два тыдні з прысяжнымі засядацелямі. Былі выкліканыя з рускіх 25 сьведак, але суд апраўдаў яго за недахопам абвінавачваньняў. Пасьля таго ён перайшоўу юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі і там быў высьвечаны ў епіскапа для Германіі. Цяпер ён - архіепіскап Венскі ў Аўстрыі.

Сюды, У Мэльбурн, прыехаў да мяне ў госьці мой прыяцель, англіканскі сьвятар Лек, якому я быў рады. Ён заставаўся ў мяне некалькі месяцаў, а потым вярнуўся ў Англію. Ён спрабаваў уладкавацца на службу ў Мэльбурне ці іншых гарадах Аўстраліі, але ня меў посьпеху. Быў ужо для гэтага застары. Апрача таго, аўстралійцы не любілі ангельцаў.

Напрыканцы лютага 1954 года Архірэйскі Сынод пастанавіў мне быць епіскапам у г. Эдмантане з прызначэньнем на катэдру епіскапа Заходне- Канадзкай епархіі. Даслалі мне ўказ пра гэта. У Канадзкім прадстаўніцтве запатрабавалі ад мяне рэнтгенаўскі здымак лёгкіх і назвалі свайго доктара. Распараджэньне я выканаў. Праз нейкі час даслалі мне з Канады адказ з паведамленьнем, што па нейкім законе аб эмігрантах я не магу атрымаць дазволу на ўезд у Канаду і пасяленьне там з прычыны былой У маладосьці хваробы лёгкіх (тубэркулёзу). Не выпадала мне патрапіць у Канаду, хоць я з задавальненьнем паехаў бы туды. Паведаміў рапартам мітрапаліту Анастасію ў Сынод пра тое, што Канада не дае мне жыхарства.

У Сынодзе доўга ня думалі, а пастанавілі прызначыць мяне на катэдру вікарнага епіскапа ў Бразылію ў дапамогу састарэламу епіскапу Феадосію (Самайловічу). Атрымаўшы Сынадальны ўказ пра гэта, я выправіўся ў Бразыльскае консульства даведацца адносна візы. Там мне сказалі, што Бразылія не прымае рускіх па нараджэньні на пастаяннае жыхарства. А я нарадзіўся ў той час, калі была вялікая Расейская Імпэрыя. У Савецкай я ніколі ня быў, але абмежаваныя бразыльцы ня бачылі розьніцы паміж былой Расеяй і Савецкім Саюзам. Яны ведалі толькі Савецкую камуністычную Расею, якая ўяўлялася ім небясьпечнай.

Мітрапаліту Анастасію я паведаміў, які адказ атрымаў у Бразыльскім консульстве. Мабыць, ён занепакоіўся адносна майго не-ўладкаваньня. Каб супакоіць мяне, напісаў, што па волі Божай прызначылі мяне ў Бразылію і што архіепіскап Бразыльскі Феадосій атрымае для мяне дазвол у парадку выключэньня, як епіскапу. "Не хвалюйцеся", - пісаў ён мне. Я адказаў, што воля Божая не спраўджваецца ў пастановах Архірэйскага Сыноду, а воля Божая выявіцца адносна мяне пазьней, чаго ні Сынод, ні я ня здольныя цяпер прадбачьщь. Мітрапаліт мне больш не пісаў, але распарадзіўся архіепіскапу Феадору Аўстралійскаму даць мне кватэру ў царкоўным доме і выплачваць штомесячную дапамогу на ўтрыманьне. Архіепіскап выканаў распараджэньне мітрапаліта і прапанаваў мне пераехаць у царкоўны дом пры Сьв.- Уладзімірскім храме з правам правядзеньня Набажэнстваў у ім. Не давяраючы ўладыку Феадору ў гэтым пытаньні, я папрасіў выдаць мне пісьмовае пацьвярджэньне ў тым, што ніхто не выселіць мяне з гэтага дома на вуліцу. Такое пацьвярджэньне мне выдаў. Для ўстанаўленьня братэрскіх стасункаў ён запрасіў мяне ў Мэльбурнскай царкве правесьці з ім літургію. Неахвотна я пагадзіўся, бо лічыў яго віноўнікам маіх хваляваньняў у Аўстраліі ў сувязі з пераводам адсюль праз ягоную скаргу на мяне, неабгрунтаваную і незаслужаную. Ён гэта ўсьведамляў і стараўся мяне задобрыць. У Сынодзе разумеў маё становішча і мітрапаліт Анастасій, які часьцяком у лістах суцяшаў мяне. Ён шчыра жадаў уладкаваць мяне на епіскапцтва, але ўсё няўдала, міжволі. Я не злаваўся ні на яго, ні на членаў Архірэйскага Сыноду, якія да майго лёсу былі абыякавыя.

Новы епіскап Мэльбурнскі ўжо прыехаў у Мэльбурн і зьдзяйсьняў Набажэнствы ў нованабытай царкве, купленай прыхаджанамі да яго прыбыцьця. Ён кіраваў яе рамонтам. Для іканастаса заказаў у мясц

вага рускага мастака вялікія абразы Выратавальніка і Божай Маці ў старым рускім стылі. Калі іх усталявалі, то ўсе прыхаджане запратэставалі супраць гэтых абразоў, а царкоўны стараста Мокры сам іх прыбраў з іканастаса. Епіскап Сава з сваім іпадыяканам паставіў гэтыя абразы на горнім месцы з мэтай прызвычаіць прыхаджанаў да іх выгляду. А выгляд іх быў такі, што складана было верніку прыняць іх за сьвятыя абразы. Справа скончылася тым, што заказалі іншыя.

Архіепіскап Феадор з першых жа дзён яго чамусьці не ўзьлюбіў.

Мабыць, таму што адчуваў сябе вінаватым перада мною. Епіскап Сава прыбыў на маё месца. Уладыка Феадор ня мог гэтага сабе дараваць. Тое высьветлілася, калі ён паміраў у красавіку 1955 года. Знаходзячыся ў шпіталі цяжка хворым, калі я прыходзіў яго наведаць, ён з сьлязьмі шматкроць прасіў майго дараваньня. Нават у апошнюю ноч свайго жыцьця, прытомны, ён клікаў акамянелым языком: "Уладыка Афанасій, даруй мяне". Я і не злаваўся на яго, спрабаваў суцешыць. На маіх вачах ён памёр у шпіталі ў 8 гадзінаў 15 хвілінаў 5 траўня 1955 года.

Епіскап Сава быў выкліканы ў Сіднэй да сьмяротна хворага, але архіепіскап Феадор не пажадаў зь ім гаварыць, а распарадзіўся перадаць мне як спадчыну кіраваньне епархіяй у Сіднэі, а епіскапу Саве ў Мэльбурне, г. зн. падзяліў яе на дзьве паловы - поўнач і поўдзень. Завяшчаньне гэтае было несапраўднае, і я яго не прыняў, хоць епіскап Сава пытаўся мяне адносна яго. Сынод прызначыў Саву епіскапам Аўстралійска-Новазэляндзкай епархіі. Атрымаўшы гэтае прызначэньне, ён спрабаваў выселіць мяне з царкоўнага дома, але абараніла мяне сястрыцтва гэтай царквы, на чале якога стаяла энэргічная і культурная генэральша Сідорына. Сам ён жыў у іншым доме пры катэдральным саборы і кватэра была яму непатрэбная.

Цяжкія хваляваньні выклікалі ў мяне хваробу грудной жабы ў складанай форме. Гэтая хвароба пазбавіла мяне магчымасьці хадзіць у бліжэйшую краму купляць сабе прадукты. Я зрабіўся інвалідам, няздольным на працу. У такім стане здароўя я атрымаў новае прызначэньне, на гэты раз ужо ў Аргентыну.