3. Багаслоўскі факультэт
20.12.2010Сваю сярэднюю адукацыю я атрымаў у гімназіі ў Нясьвіжы14. Да гімназіі рыхтаваўся спачатку дома ў прыватнага настаўніка. Потым бацька мяне паслаў ў народную вучэльню ў бліжэйшае мястэчка Круты Бераг. Я закончыў і гэтую вучэльню, правучыўшыся ў ёй два навучальныя гады. Пасьля невялікай падрыхтоўкі мяне прынялі ў першую клясу пачатковай школы ў мястэчку Гарадзеі. Правучыўшыся ў ёй два гады, я перавёўся ў Нясьвіж у такую самую вучэльню, якую і закончыў. Пасьля гэтага паступіўу гімназію. Яна і дала мнеў 1925 годзе сярэднюю адукацыю, а таксама атэстат сталасьці. Прызнаюся шчыра, вучыўся я нядрэнна, але выдатнікам ня быў.
3 радасьцю закончыўшы навучаньне, я спадзяваўся добра правесьці летнія вакацыі. Гасьцяваў у сястры на хутары. Стаяў сенакосны час, які я ад маленства любіў. Але так сталася, што сьпякотным летам прастудзіўся на сенакосе і захварэў. У мяне адкрыліся сухоты ў самай вострай форме. Доктар вызначыў дыягназ - тубэркулёз лёгкіх. Мая сястра была ў роспачы. Хоць доктар не сказаў, якая ў мяне хвароба, але лекі, ім прапісаныя, сьведчылі пра гэта. Я меў фармакапэю і мэдыцынскія кнігі, якія дапамаглі мне распазнаць сваю хваробу. Я ледзь рухаўся ад слабасьці. Шчыра маліўся і прасіў Бога вылечыць мяне. Бывала так, што пасьля гарачай малітвы на душы рабілася лёгка. і я забываўся на сваю хваробу. Так прыходзіла суцяшэньне ад Бога.
Напрыканцы лета хвароба мая аслабла, і я пачаў пакрысе папраўляцца. Увосень мне даслалі з вайсковай установы прызыўную картку для праходжаньня вайсковай павіннасьці. Давялося падпарадкавацца загаду. Я зьявіўся ў вызначаны мне полк, які аказаўся артылерыйскім. Позьняя восень: дажджы, слота, а потым мароз. Салдату да гэтага не прывыкаць. Навучаньне, гонкі, конная язда, маршыроўка аслабілі мае сілы, і я зноў захварэў. Мяне выправілі ў акрутовы вайсковы шпіталь на лячэньне. Прабыў у ім месяц і атрымаў на год адтэрміноўку для ўмацаваньня здароўя. Паехаў дадому. Шкадаваў палка і вайсковай службы. Калі б ня гэта, магчыма стаўся б польскім афіцэрам. Аднак не судзіў Бог. Пакліканьня да вайсковай службы ў мяне не было, але маладосьць на ўсё пагаджаецца.
Дома чакаў новы смутак - сястра Алімпіяда, цяжка хворая на сухоты. Яе муж у адчаі, малыя дзеці плачуць, а маці ў ложку. У хуткім часе яна памерла, асіраціўшы дзяцей і зрабіўшы ўдаўцом мужа. Маё гора ня мела межаў. Бо яна была маёй адзінай сястрой, якая зь дзяцінства замяняла мне маці.
Праводзячы вясну і лета ў родным доме ў Завітой, я шмат думаў пра сябе і марыў вучыцца на сьвятара ці на доктара. I адно, і другое мне падабалася. Сваталі мне розных дзяўчат, але я не цікавіўся гэтым пытаньнем. Мне хацелася вучыцца. Пра тое, што ў Варшаве адкрыты праваслаўны багаслоўскі факультэт пры ўнівэрсытэце15, я ня ведаў. Таму думаў ехаць вучыцца ў Баўгарыю. Мэдыцыны я баяўся. Да таго ж патрэбныя былі вялікія сродкі, што было мне не па кішэні. Ня ведаў, куды накіравацца, каб выбіцца з завітанскай глушы і вясковага жыцьця. Прасіў Божай дапамогі. Верыў і маліўся.
Як бы ў адказ на мае малітвы Гасподзь паслаў у Завітую пасланца да мяне з парадай паступіць на багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэта. Гэтым вестуном быў мой калега з Нясьвіжа, які вучыўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі. Ён прывёз мне часопіс з аб'явай пра прыём студэнтаў на гэты факультэт. Я ўсьцешыўся нечаканаму прыезду майго калегі, які ніколі ня быў у мяне ў Завітой і ня ведаў. дзе я жыву, а таксама і яго вестцы. Мае мары рабіліся рэальнасьцю.
Падрыхтаваўшы ўсе неабходныя паперы, я даслаў іх у Варшаву на імя мітрапаліта Дыянісія16, кіраўніка факультэта, ці дэкана. 3 нецярплівасьцю чакаў адказу, і ён даволі хутка прыйшоў. У ім паведамлялі, што мяне прынялі на першы курс з пражываньнем у студэнцкім інтэрнаце. Я ўсьцешыўся і дзякаваў Госпаду і Царыцы Нябеснай. У лісьце таксама паведамлялі пра дату пачатку заняткаў, адрас інтэрната і ўнівэрсытэта. Я адчуў, што Завітая робіцца мне чужой. Маё сэрца і думкі цяпер былі скіраваныя на Варшаву і багаслоўскі факультэт. Наш завітанскі настаўнік, паляк, распавёў мне пра славутасьці Варшавы і пазначыў мне мой маршрут па горадзе. Я ўпрыгожыў сваю галаву белай студэнцкай шапкай. Лічыў сябе ўжо студэнтам.
У Варшаву прыехаў датэрмінова. 3 Брэсцкага вакзала накіраваўся пешшу ў інтэрнат. Ішоў даволі доўга, азіраючыся абапал і разглядаючы вітрыны. Варшава ўразіла мяне сваёй прыгажосьцю і гарадзкім рухам: трамваі, таксоўкі, фурманы з коньмі, пешаходы на тратуарах, высокія дамы, шырокія вуліцы, дрэвы, паркі - усё гэта мяне цікавіла. Непрыкметна для сябе я прыйшоў да вялікага будынка студэнцкага інтэрната на Бялянскай вуліцы, № 9. 3 гэтага дня і пачалося маё студэнцкае жыцьцё.
Прафэсары нашага факультэта чыталі лекцыі ў аўдыторыях унівэрсытэта. Таму мы, студэнты, хадзілі іх слухаць з нашага інтэрната. Лекцыі чыталі ў розны час да абеду і пасьля абеду, а часам і ўвечары. Час лекцыі вызначала адміністрацыя ўнівэрсытэта ў залежнасьці ад таго, якая аўдыторыя вольная, таму што ў іх чыталі лекцыі прафэсары іншых факультэтаў. Наведваньне лекцый было неабходнае, але не абавязковае. Строгасьць у гэтых адносінах залежала ад самога прафэсара.
Нацыянальны склад нашых прафэсараў багаслоўскага факультэта быў даволі разнастайны: румыны, украінцы, грэкі, расейцы. Расейцы і ўкраінцы чыталі лекцыі на сваёй мове. Грэк чытаў па-француску. Такі склад зацьвердзіла Міністэрства асьветы. Студэнты неяк прыстасоўваліся да кожнага прафэсара. Навуковых сьвяцілаў сярод іх не было. Усіх іх набралі пасьпешліва, калі адкрывалі факультэт.
На факультэце першы час я захапляўся чытаньнем навуковых кніг па розных прадметах, якія мяне цікавілі. Гэта штодзённа займала шмат часу. Вялікая цікавасьць да чытаньня паглынала цалкам.
Усе студэнты багаслоўскага факультэта жылі ў інтэрнаце, спэцыяльна для іх нанятым, які аплачваўся Міністэрствам адукацыі і рэлігіі. Парадак і дысцыпліна ў ім мелі за мэту падрыхтаваць вартых кандыдатаў у сьвятары. Харчаваньне і поўнае ўтрыманьне выдавалася на месцы. Для гэтага былі прызначаны службовыя асобы: дырэктар інтэрната, сьвятар, выхавальнікі, інтэндант, загадчыца кухні. прыбіралыпчыкі і прыслуга. Загадвала кухняй ігуменьня Зімненскага жаночага манастыра на Валыні зь некалькімі манашкамі. У памяшканьні інтэрната знаходзілася дамавая студэнцкая царква. Уранку і ўвечары ўсе студэнты зьбіраліся ў ёй на богаслужбы. На лекцыі сваіх прафэсараў хадзілі ва ўнівэрсытэт. 3 10-ці гадзінаў вечара і да 8-мі раніцы ўваходныя дзьверы інтэрната зачыняліся на ключ, і ніхто ня мог выходзіць зь яго ці прыходзіць пазьней без асабістага дазволу выхавальніка ці дырэктара. Строгі парадак падтрымліваўся як самімі студэнтамі, так і адміністрацыяй.
Склад студэнтаў багаслоўя быў даволі разнастайны: расейцы, украінцы, беларусы. Украінскія студэнты вызначаліся шавінізмам і паміж сабой размаўлялі толькі на сваёй мове. Беларусы былі болып памяркоўныя ў гэтых адносінах. Пакоі для заняткаў і спальні разьлічваліся на некалькі чалавек. У гэтым асяродку я адчуваў сябе няёмка, бо хіба адчуваў уплыў маёй завітанскай самотнасьці. На малітву часта ішоў адзін у інтэрнацкую царкву пасьля богаслужбаў. Там ніхто мяне ня бачыў і не перашкаджаў.
Праваслаўны багаслоўскі факультэт пры сталічным унівэрсытэце быў заснаваны па ініцыятыве Варшаўскага і ўсёй Полыпчы мітрапаліта Дыянісія (Валяндзінскага), магістра багаслоўя Казанскай духоўнай акадэміі. Ён жа чытаў і лекцыі на гэтым факультэце, быў яго дэканам і кіраўніком. Факультэт пачаў існаваць ад 1924 года. Я паступіў сюды ў 1926 годзе і закончыў яго ў 1930-м. За працу "Сьв. Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі, як пастыр і настаўнік пастыраў" у 1933 годзе атрымаў навуковую ступень магістра багаслоўя. На факультэце было ўстаноўлена па агульным унівэрсытэцкім пляне, што той, хто закончыў факультэт, здаў усе экзамэны і напісаў магістэрскую дысэртацыю, ухваленую камісіяй прафэсараў, атрымліваў навуковую ступень магістра багаслоўя. Кандыдацкай ступені не было. Найболып здольныя, маючы жаданьнем працаваць навукова, маглі пісаць доктарскую дысэртацыю на іншым факультэце. Такім чынам. наш багаслоўскі факультэт, названы палякамі "студыямі", за час свайго існаваньня да нямецка-польскай вайны 1939 года17 падрыхтаваў сотні па-багаслоўску высокаадукаваных сьвятароў. Некаторыя зь іх (каля 20-ці асобаў) бьші высьвечаныя ў епіскапы ў ваенны і паваенны час, калі праходзілі сваё служэньне ў розных царкоўных юрысдыкцыях.
Я не абмежаваўся сваёй багаслоўскай адукацыяй, якую атрымаў на багаслоўскім факультэце, але пашыраў яе чытаньнем і вывучэньнем багаслоўскіх кніг. Разам з тым, з прычыны сваёй педагагічна-выхаваўчай пасады ў інтэрнаце для студэнтаў багаслоўскага факультэта. я вывучаў пэдагогіку на гуманітарным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэта і закончыў яго з дыплёмам у 1936 годзе. У настутшым годзе мне запрапанавалі заняцца дасьледаваньнем з багаслоўска-гістарычнага пункту гледзішча "Вялікага катэхізіса" кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. Гэтая тэма стала маёй доктарскай дысэртацыяй. Я з ахвотай узяўся за працу і пасьпеў закончыць яе напярэдадні Другой сусьветнай вайны (1939 - 1945)18. Вывучэньне пэдагагічных і іншых навук, а таксама праца над катэхізісам моцна паглыбілі мае веды ў галіне багаслоўя і пэдагогікі, а таксама псыхалёгіі.
На бацькаўшчыне ў той час адукацыя і дапытлівасьць цаніліся высока. На чужыне, ва ўмовах эміграцыі, зусім іншае стаўленьне да гэтага. Тут не цікавяцца навуковымі ведамі. Гэтая галіна адсоўваецца на іншы плян і стаіць на задворках. Затое на авансцэну выходзіць матэрыяльны бок ва ўсёй разнастайнасьці і прываблівасьці.
Тут адыгрываюць важную ролю спрыт, беспрынцыповасьць, прага да нажывы і дабрабыту. Шчырасьць і сьціпласьць прыціскаюцца. У такіх умовах веды і адукаванасьць затушоўваюцца.
Яшчэ па тэме Катакомбы веры ў краіне Саветаў:
- Прайшоў першы канцэрт у памяць новапакутнікаў
- Памёр 91-гадовы праваслаўны святар Георгій Сапун, аднаўляльнік спаленых партызанамі цэркваў
- Грэка-католікі Берасьцейшчыны усталявалі крыж у Курапатах (Газета "Царква")
- На мінскім прыходзе Архангела Міхаіла адбылася сустрэча, прысвечаная памяці навамучанікаў
- Святар-пакутнік Васіль (1885-1930)
- Жизнеописание священника Павла Севбо для представления на канонизацию