8. Епіскап Віцебскі (1942-1946). Узначаленьне Наваградзкай епархіі.

3 Туркавічаў мне трэба было ехаць праз Варшаву ў горад Мінск. сталіцу Беларусі, дзе ствараўся царкоўны цэнтар32 і знаходзіліся мітрапаліт Мінскі і ўсёй Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі), які перасяліўся з Жыровіцкага манастыра, і яго вікарый — епіскап Слуцкі Філафей, мой брат па манаскім пострыгу, нядаўна высьвечаны ў епіскапа Слуцкага, прыбьшы з Варшавы, дзе ён жыў стала. Па сутнасьці, ён і чакаў мяне ў Мінску. Туды я і павінен быў ехаць.

У той час ішла цяжкая нямецка-савецкая вайна, якая нічога добрага не прадказвала. Нямецкая армія адцясьніла савецкія войскі далёка ў глыб Савецкага Саюза (Расеі) і заняла ўсю Беларусь і Украіну. пагражаючы Маскве і Ленінграду (Санкт-Пецярбургу). У Мінску знаходзілася галоўнае кіраўніцтва немцаў на ўсю Беларусь, так званы Генэральны камісарыят. Беларусы былі завэрбаваныя імі толькі як дапаможныя сілы.

Прабыўшы каля месяца ў Варшаве, я накіраваўся ў Мінск у суправаджэньні двух членаў Беларускага царкоўнага камітэта, з якіх адзін добра ведаў нямецкую мову, што было важна для мяне. Цягнікі не хадзілі, а трэба было дабірацца ў Мінск спадарожнымі нямецкімі грузавымі аўтамабілямі. На гэтае падарожжа патрацілі два тыдні, затрымаўшыся на некалькі дзён у Брэсьце і Баранавічах. Добра, што прытулілі нас у сваім доме у Брэсьце протаіерэй М. Зноска, а ў Баранавічах протаіерэй С. Зянкевіч. Яны аблягчылі наша падарожжа. У дарозе тады было цяжка з харчаваньнем, прадукты складана было купіць.

На ўезьдзе ў Мінск мы з жахам убачылі павешаных на слупах людзей, якіх немцы пакаралі за шпіёнства. На нашу просьбу шафёр-немец завёз нас у рэзыдэнцыю мітрапаліта і епіскапа Філафея33. Напэўна, ён ведаў адрас, бо без усялякага пытаньня даставіў нас на месца. Уладыкі жылі ў будынках былога жаночага манастыра ў цэнтры горада. У іх спыніліся і мы. Капітальна адрамантаваная манастырская царква служыла для нашых уладыкаў катэдральным саборам. Пры камуністычнай уладзе ў ёй разьмяшчаўся спартовы клюб. Купалы былі разбураныя.

У Мінску ўсё мяне цікавіла. Бо я прыбыў у забароненую краіну. якая для ўсіх нас на захадзе была быццам казачнай краінай, адкуль ніхто ня мог прабрацца ні да нас, ні ад нас туды. Над усімі вісеў дамоклаў меч34, але гэтым дамоклавым мячом быў таварыш Сталін і яго камуністычная дыктатура. Але і пасьля яго сьмерці мала што зьмянілася да лепшага. Я адразу ж заўважыў розьніцу ў адзеньні жыхароў падсавецкай улады, іх шэрыя і запалоханыя абліччы, панічную баязьлівасьць у размовах, азіраньне па баках, як бы хто не падслухаў, а ўвогуле, яны прыветлівыя, ласкавыя і сымпатычныя, да якіх адразу адчуваеш прыхільнасьць і спачуваньне.

Цэнтар гораду нямецкая авіяцью часткова разбамбіла, і вялікія будынкі стаялі бяз дахаў, з вытыркнутымі жалезнымі бэлькамі. Астатнія дамы выглядалі таксама кепска: нерамантаваныя і брудныя. У іх цясьніліся жыхары, нашы суайчыньнікі, многія - праваслаўныя хрысьціяне, якія запаўнялі адчыненыя цэрквы і горача маліліся. Габрэйскае насельніцтва было зьнішчанае немцамі, і іхнія дамы стаялі пустыя. Казалі, што іх было 35 тысяч. Гандлю не было. Працавала толькі адна прыватная камісійная лаўка, дзе можна было набыць срэбныя лыжкі і розны посуд, нават залатыя царскія рублі. Людзі прадавалі. бо галадалі.

Узнаўленьне разбуранага балыпавікамі царкоўнага жыцьця адбывалася марудна. Былі розныя на тое прычыны. Найперш, не хапала духавенства. У Мінску ў адчыненых цэрквах служылі сьвятары, якія прыехалі з Віленшчыны, што знаходзілася пад польскай уладай. У Савецкай Беларусі ўсё духавенства зьнішчылі. Неабходна было шукаць кандыдатаў і высьвячаць іх, але такіх было мала, ды і тыя, неадукаваныя ў галіне багаслоўя, нічога не разумелі ў царкоўнай службе. Епіскап Філафей высьвячаў і такіх. Як гэтыя сьвятары праводзілі Набажэнствы і як пастырствавалі, ведаў адзін Бог. Вернікі маўчалі, ня жаліліся, былі рады і такім.

Уся гэтая сумная карціна зьявілася перада мною ва ўсёй галізне і нішчымніцы. Місіянэрстваваць у такіх умовах было складана. Да таго ж у царкоўныя справы ўмешваліся беларускія актывісты, людзі не рэлігійныя, а можа быць, і бязбожнікі. Яны імкнуліся навязаць сваю волю епіскапам у Мінску. Гэтыя ж актывісты ўцягвалі і нямецкія ўлады ў царкоўныя справы сваімі паклёпамі. Праз ўсялякія інтрыгі мітрапаліт Панцеляймон35 быў адлучаны немцамі ад кіраваньня епархіяй і Мітраполіяй. Гэтую справу даручылі тыя ж немцы епіскапу Філафею. Кіраўнік Беларускай Царквы мітрапаліт Панцеляймон, застаўся без справы, а епіскап Філафей са сваімі абавязкамі не спраўляўся з прычыны свайго характару і непрацаздольнасьці. У царкоўных справах пачаўся застой і беспарадак. Замест таго, каб цалкам аддавацца царкоўным справам, епіскап Філафей траціў час на непатрэбныя царкоўныя сьпеўкі са сьпявачкамі і ўсялякія размовы, да чаго ён быў вялікі ахвотнік. Да таго ж не цураўся кар'ерысцкіх памкненьняў - марыў стаць мітрапалітам. I недалёка ад гэтага быў.

Мітрапаліт Панцеляймон, які доўгі час жыў у Жыровіцкім манастыры, атрымаў ад нямецкіх уладаў дазвол на ўзначаленьне Праваслаўнай Царквы ў Беларусі па хадайніцтве яго сябра епіскапа Венядзікта (Бабкоўскага) і на аснове прадстаўленьня начальніка Мінскай акругі Радаслава Астроўскага, будучага прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (у родзе прэм'ер-міністра) пад нямецкай акупацыйнай уладай. Нямецкі генэрал, камісар Беларусі Кубэ (забіты партызанскай прыслугай), калі выдаваў дакумэнт аб прызнаньні мітрапаліта Панцеляймона кіраўніком Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, паставіў свае ўмовы: 1) лічыць Беларускую Праваслаўную Царкву аўтакефальнай і нацыянальнай і што такое павінна быць яе найменьне; 2) не падпарадкоўвацца ні Маскве, ні Варшаве, ні Бэрліну ў царкоўных адносінах; 3) карыстацца беларускай мовай у царкоўным кіраваньні, казаньні і выкладаньні Закона Божага ў школах; 4) скласьці статут для гэтай Царквы. Нямецкі дакумэнт пра гэтае прызнаньне і гэтыя ўмовы выдадзены на пачатку кастрычніка 1941 года, калі нямецкая армія пажынала плады сваіх перамог на ўсіх франтах, як на захадзе, так і на ўсходзе.

Мітрапаліт Панцеляймон ня быў адміністратарам і добрым дыпляматам. 31923 года ён пражыў у манастырах у Полыпчы на спачынку да прыходу чырвонай арміі ў верасьні 1939 года, калі немцы разьбілі Польскую дзяржаву і падзялілі яе з балыпавікамі. Знаходзячыся доўгі час ў становішчы заштатнага архірэя, ён ня меў ні вопыту, ні ведаў у справе адміністрацыі, а па характары быў просты і адкрыты. Гэта яму вельмі шкодзіла ў жыцьці і духоўнай кар'еры. Па сваёй простасьці, забыўшыся на свае абавязкі ў нямецкіх умовах, ён пачаў згадваць за Набажэнствамі ў Мінску Маскоўскага мітрапаліта Сергія36. Немцы абвінавацілі яго ў гэтым і адхілілі яго ад кіраваньня царкоўнымі справамі, даручыўшы яму скласьці статут для Царквы ў Беларусі.

Калі я прыехаў у Мінск, мітрапаліт скардзіўся і моцна наракаў на сваё становішча, не затойваў сваёй незадаволенасьці епіскапам Філафеем. Сваіх памылак не прызнаваў. Прасіў мяне скласьці даручаны яму статут Царквы. Я ахвотна згадзіўся, каб дапамагчы старому. Ён даў мне статут Праваслаўнай Царквы ў Полыпчы, якім я карыстаўся пры сваёй працы. За некалькі дзён я склаў статут і перадаўяго мітрапаліту. Ён быў задаволены і ўдзячны.

Для вырашэньня важных царкоўных пытаньняў неабходна было склікаць Сабор Епіскапаў Беларускай Царквы, якіх было ўсяго тры: мітрапаліт Панцеляймон, епіскап Венядзікт, які служыў у Гародні, і епіскап Філафей у Мінску. Мітрапаліт і епіскап Філафей прасілі мяне паехаць у Гародню і прывезьці епіскапа Венядзікта. Для гэтага прасілі ва ўпраўленьні горада легкавы аўтамабіль і шафёра. Стаяла сьцюдзёная сьнежная зіма, таму аўтамабілем ехаць па сьнезе бьшо нялёгка. Пасьля літургіі ў сьвята Стрэчаньня Гасподняга 2/15 лютага я выправіўся ў дарогу па маршруце Вільня - Гародня. Начавалі ў Смаргоні (калісьці там была школа для навучаньня мядзьведзяў, жартоўна называная Смаргонскай акадэміяй37) у мясцовага настаяцеля прыхода. Прыняў ён гасьцінна. Да раніцы наш аўтамабіль замерз і матор не дзейнічаў. Трэба было грэць ваду і адаграваць матор. Важдаліся з гэтым доўга. Пасьля абеду выехалі ў Вільню і да ночы прыехалі. У Сьв.-Духавым манастыры пераначавалі. Тут я наведаў свайго калегу па факультэце протаіерэя I. Ярмалюка, настаяцеля Прачысьценскага сабора, якога неўзабаве немцы расстралялі за тое, што ён хаваў жыдоў. 3 прычыны адсутнасьці вольнага часу я ня мог добра агледзець горад. Да таго ж было холадна і марозна. Выехалі з Вільні ў Гародню, але на паўдарозе загрузьлі ў сьнезе. Мусілі зьмяніць маршрут і ехаць у горад Ліду. Пераначавалі ў старым будынку былой жыдоўскай карчмы і ўранку прыбылі ў Ліду. Тут шафёр заявіў, што няма болып бэнзіну. Трэба прасіць яго ў немцаў. На шчасьце, знаходзіўся ў Лідзе доктар Ермачэнка, начальнік Беларускага камітэта ў Мінску. які і дапамог мне атрымаць бэнзін. Позна ўвечары ў той самы дзень прыехалі ў Гародню і заехалі да епіскапа Венядзікта. Ён уладкаваў нас на кватэру. Ехалі тры дні.

Пазнаёміўшыся з царкоўнымі справамі і жыцьцём у Мінску, я хацеў вярнуцца з Гародні ў Варшаву і Туркавічы на Холмшчыне. Служыць Царкве ў такіх абставінах мне здавалася не па сіле. Калі я сказаў пра свой плян епіскапу Венядзікту, ён рашуча запратэставаў і сказаў, што ў Мінск без мяне не паедзе. Я мусіў перадумаць свой плян і адкласьці на Мінск, каб адтуль вярнуцца. У Гародні затрымаліся на два тыдні, пакуль епіскап Венядзікт рыхтаваўся. На зваротным шляху ў Мінск ехалі тры дні і начавалі дзьве ночы: у Жыровіцкім манастыры і ў г. Слуцку. Азяблыя і галодныя, прыбылі на месца.

Прыезду епіскапа Венядзікта мітрапаліт узрадаваўся, адразу ажыў. павесялеў, зрабіўся згаворлівы і ласкавы. Назаўтра ж наладзілі фармальнае паседжаньне Сабору Епіскапаў, а мяне запрасілі быць сакратаром. Паседжаньні пачаліся 3 сакавіка 1942 года на другім тыдні Вялікага посту. Зацьвердзілі без паправак складзены мною статут Царквы, а потым прыступілі да прызначэньня епіскапаў на епіскапскія катэдры, якіх, паводле статуту, налічвалася шэсьць: Віцебска-Полацкая, Гарадзенска-Беластоцкая, Мінска-Вілейская, Магілёўска-Мсьціслаўская, Наваградзка-Баранавіцкая і Смаленска-Бранская, - пазьней адкрылі Гомельска-Мазырскую. Зь іх пяць епархій - старажытныя, гістарычныя, а дзьве — новыя, хоць Наваградзкая была старажытнай мітрапольнай.

Пастанавілі прызначыць на Мінскую катэдру мітрапаліта Панцеляймона і лічыць гэтую катэдру мітрапольнай, на Магілёўскую - епіскапа Філафея, на Гарадзенскую - епіскапа Венядзікта, на Смаленскую - удовага протаіерэя Сімяона Сеўбу з пастрыжэньнем ў манаства і хіратаніяй у сан епіскапа, на Наваградзкую - епіскапа Веніяміна, які ў той час займаў Палтаўскую катэдру на Украіне, на Віцебскую - архімандрыта Афанасія з хіратаніяй у епіскапа.

Пратакол паседжаньня Сабору я запісваў, але адносна сябе запратэставаў. Пачаліся ўгаворы, пераконваньні і г. д. Я ўпарціўся, матывуючы тым, што зьбіраюся вярнуцца ў Варшаву. Без маёй згоды назначылі маю хіратанію ў бліжэйшую нядзелю — у нядзелю крыжапаклонную, 8 сакавіка па новым стылі. Паведамілі пра хіратанію нямецкім уладам і абвясьцілі ў мясцовай беларускай газэце для агульнага веданьня. Пра гэта я нічога ня ведаў. Атрымалася па прыказцы: "Без мяне, мяне... хіратанізавалі".

Маё супраціўленьне было зломленае ў суботу напярэдадні назначанай хіратаніі. Перахрысьціўшыся і аддаўшыся волі Божай, я сказаў уладыкам: "Не мая, Гасподзь, а Твая воля няхай будзе!" Мая працяглая нязгода вымусіла ўладыкаў зьдзейсьніць чын нарачэньня ў дзень высьвячэньня на часах. Назвалі мяне епіскапам для горада Віцебска. Усьлед за нарачэньнем у час літургіі на Малым уваходзе хіратанізавалі мяне ў епіскапа. Як мая хіратанія супала з нядзеляй крыжапаклоннай, то ўгледзеў я ў тым прадвесьце маіх пакут падчас ахіпастырскага служэньня, пра што я і сказаў у сваім слове пры нарачэньні. Гэта спраўдзілася.

У той самы дзень, увечары, савецкія аэрапляны ўпершыню бамбілі Мінск. Некалькі бомбаў разарвалася каля мітрапольнага сабора і архірэйскай рэзыдэнцыі. Такім чынам, саветы прывіталі маю епіскапскую хіратанію. Пасьля горад болып не бамбілі.

Віцебска-Полацкая епархія, на якую мяне прызначылі і хіратанізавалі, здаўна называлася Полацкай38 і была самай старажытнай. заснаванай у 992 годзе. Да 1918 года, г. зн. да камуністычнай рэвалюцыі ў Расеі, у епархіі налічвалася 514 цэркваў і 235 капліц, а таксама 6 мужчынскіх і жаночых манастыроў. Пасьля 1918 года пераважная болыпасьць гэтых храмаў была разбураная бязбожнікамі і пераробленая на тэатры ці склады. Такое самае спусташэньне ўчыненае і ў іншых епархіях Савецкай Беларусі. У Мінску, Віцебску і Магілёве катэдральныя саборы былі разбураныя, закрытыя таксама і манастыры. Мяне чакала аднаўленьне ўсяго разбуранага, а таксама хрышчэньне няхрышчаных, а іх былі тысячы. Патрэбныя сьвятары. а кандыдатаў для сьвятарства няма. Неабходна было іх шукаць і рыхтаваць духоўна і па-багаслоўску. Але я не баяўся такой місіянэрскай працы: яна мяне прываблівала.

Узначаленьне Наваградзкай епархіі

На Саборы епіскапы прызначьші мне часова кіраваць Наваградзка-Баранавіцкай епархіяй да прыезду епіскапа Веніяміна. Гэтая епархія складалася са старых арганізаваных прыходаў, захаваных з даўніх часоў дзякуючы таму, што знаходзіліся ў межах Польскай дзяржавы да верасьня 1939 года. Епархія была створаная беларускімі епіскапамі ў сакавіку 1942 года. Да гэтага тэрыторыя яе часткова ўваходзіла ў Гарадзенскую і Віленскую, а таксама Палескую епархіі.

Рэзыдэнцыя для епіскапа Наваградзкай епархіі разьмяшчалася ў Жыровіцкім манастыры. Сюды я і прыехаў перад Вялікаднем. Па дарозе з Мінска разам з архіепіскапам Філафеем я заехаў у Варшаву. забраў свае рэчы ў Туркавічах, дзе застаў архімандрыта Мітрафана на сваім месцы, і накіраваўся ў Жыровічы. Цікава і страшна было ехаць у санях праз дрымучы лес з Івацэвічаў у манастыр. У лесе сустрэў я савецкіх партызанаў, але яны не чапалі мяне і майго фурмана. Велікодны і Сьветлы тыдні я служыў у манастырскім Сьв.-Усьпенскім велічным саборы39, дзе знаходзіўся ў іканастасе каля царскай брамы Жыровіцкі цудадзейны абраз Божай Маці, перад Якім укленчвалі ў гістарычныя часы польскія каралі і забаранялі жыдам пасяляцца ў мястэчку Жыровічы.

3 манастыра я паведаміў духавенству епархіі пра сваё прызначэньне і прыбыцьцё ў манастыр. Бліжэйшыя айцы дабрачынныя прыяжджалі пазнаёміцца са мной. Мяне ніколі ня бачылі і ня ведалі ў епархіі. 3 гэтай прычыны адбываліся непаразуменьні, калі прыежджыя дабрачынныя прымалі майго сакратара сьвятара П. Кірыка. безбародага, за епіскапа і прасілі яго бласлаўленьня. Памылка хутка высьвятлялася, выклікаючы канфуз у абодвух.

Манастыр меў мала браціі, але Набажэнствы адбываліся штодзённа раніцай і вечарам. Я адчуваў сябе добра ў манастырскіх умовах. Ва ўсе нядзельныя і сьвяточныя дні я праводзіў Набажэнствы ў саборы пры перапоўненым храме. Не прапускаў Набажэнства без казаньня. Казаў на беларускай мове. Спачатку мне нялёгка было пераключацца з ўкраінскай мовы ў Туркавічах на беларускую, хоць апошняя была маёй роднай мовай з дзяцінства. Але хутка гэта наладзілася.

Маё ціхае манастырскае жыцьцё парушылася, калі ў ваколіцах манастыра зьявіліся савецкія партызаны і пачалі ўночы нападаць на вёскі. Асабліва становішча абвастрылася ў манастыры, калі з Жыровічаў выехаў у Слонім паліцэйскі нарад і пакінуў безахоўным манастыр. Некалькі начэй я правёў на гарышчы манастырскага сабора, баючыся партызанаў, але ў хуткім часе мусіў перасяліцца ў горад Слонім (10 кілямэтраў ад Жыровічаў). Вялікія атрады паліцыі і нямецкай жандармэрыі ахоўвалі гэты горад. Мне выдзелілі памяшканьне у старым і брудным гатэлі. Вялікі сабор у Слоніме быў разбураны падчас нямецка-савецкіх баёў, а нашы Набажэнствы адбываліся ў каталіцкім храме, пераробленым на царкву. Дзіўна было бачыць у праваслаўным храме вялізныя статуі каталіцкіх сьвятых высока на карнізах, але мы не зьвярталі на гэта ўвагі. Я служыў у нядзелі і ў сьвяты ў гэтым храме. У ім Набажэнствы адбываліся штодзённа дзеля мяне.

Усё габрэйскае насельніцтва Слоніма знаходзілася ў гета. Некалькі чалавек з гета называлі сябе хрысьціянамі. Я прасіў нямецкага гэбітскамісара адпусьціць іх з гета на волю. Камісар адказаў мне: "Мы змагаемся не з хрысьціянамі, а з іудзеямі, а іудзеям месца ў зямлі!", пры гэтым ён паказаў пальцам уніз. Размову ў такім выпадку нельга было весьці з посьпехам. Адна старая жыдоўка-хрысьціянка спавядалася і прычашчалася ў Жыровіцкім манастыры і, пазьбегнуўшы гета, кудысьці сышла. Пра яе ніхто ня ведаў. Пакуль я жыў у Слоніме, усіх жыхароў гета вывезьлі за горад і расстралялі немцы. Увесь дзень адбывалася гэтае нямецкае злачынства.

Заставацца ў Слоніме і жыць у ім без надзеі на хуткае вяртаньне ў Жыровіцкі манастыр мне было не па сіле, ды і бессэнсоўна. Перада мной стаяла важная задача ўсталяваць сталую рэзыдэнцыю для епіскапа Наваградзкай епархіі. Спачатку я меў намер гэта ўладкаваць у Баранавічах, дзе былі вузлавая чыгуначная станцыя і два вакзалы. але начальнік горада, нацыяналіст-беларус, адказаў майму сакратару на яго хадайніцтва аб атрыманьні памяшканьня ў горадзе для архірэя: "У мяне ў горадзе ёсьць два сваіх бацюшкі, а болып ня трэба!" Гэты нацыяналіст, Сабалеўскі, вядомы быўяк будыст і хрысьціянскі атэіст. Пасьля такога стаўленьня гарадзкога галавы да маёй ідэі давялося спыніцца на арганізацыі рэзыдэнцыі ў горадзе Наваградку, гістарычным царкоўным цэнтры, дзе цягам двухсот гадоў знаходзілася катэдра Літоўскіх мітрапалітаў. Пасьля падрыхтоўчых працаў і праведзенага капітальнага рамонту царкоўнага дома ў Наваградку я пераехаў са Слоніма ў гэты горад. Вялікі двухпавярховы будынак, былы манастыр, разьмяшчаўся пры Сьв.-Мікалаеўскім саборы, які стаў маім катэдральным храмам. Тут я арганізаваў духоўную кансысторыю з мясцовага духавенства і адкрыў псаломніцка-пастырскія курсы для падрыхтоўкі царкоўных служыцеляў Праектаваў стварыць духоўную сэмінарыю і падрыхтаваў праграму для нвучаньня, але нямецкія ўлады не далі дазволу.

Савецкія партызаны ўмацоўваліся. Пад іхняй уладай знаходзіліся многія вёскі і лясы Наваградчыны і Слонімшчыны. Налібоцкая пушча40 стала накшталт іхняй рэзыдэнцыі. Адтуль яны выпраўляліся на свае апэрацыі. Чыгункі мініравалі, рабавалі сьвятароў, некаторых забівалі, чынілі тэрор. На працягу кароткага часу яны забілі 15 добрых пастыраў. Прычыны забойства ня высьветленыя. Епархія ад іх пакутавала. Пакутаваў і я, перажываючы ўсе беды духавенства, асабліва вясковага. Да мяне прыяжджалі сьвятары ў лапцях, бо партызаны забралі ў іх боты. Вясковыя прыходы я ня мог наведваць, але служыўу гарадах: Наваградку, Баранавічах, Наваельні, Стоўбцах, наведаў Новы і Стары Сьвержань, служыў у горадзе Нясьвіжы, сваім родным горадзе ў сьвята Нараджэньня Багародзіцы, дзень свайго нараджэньня. У іншыя мясцовасьці было рызыкоўна для жыцьця наведацца з архіпастырскай візытацыяй. Быў суровы і цяжкі час.

У гэты час нямецкія гэбітскамісары ў гарадах Наваградку і Баранавічах спрабавалі выкарыстаць мяне для сваёй мэты. Баранавіцкі камісар прапаноўваў мне служыць па новым календары, пераносіць усе сьвяты з седмічных дзён на нядзелі, узносіць імя Гітлера на Набажэнствах, наведваць прыходы і казаць, што немцы не адступаюць. а скарачаюць фронт паводле стратэгічных меркаваньняў. Усе гэтыя прапановы я рашуча адхіліў з рызыкай для сваёй свабоды. Бог захаваў і абышлося. Наваградзкі гэбітскамісар патрабаваў ад мяне майго подпісу на яго звароце да партызанаў здацца ў палон са зброяй, за што будуць памілаваныя, і раздаваць гэтыя звароты ў царкве, папярэдне прачытаўшы іх з царкоўнага амбона. I гэтую прапанову я адхіліў, не жадаючы, каб я і духавенства пацярпелі. Наваградзкі гэбітскамісар паказаў сябе добрым чалавекам, які выратаваў маё жыцьцё, пра што скажу ніжэй.

У сакавіку 1944 года ў Наваградак прыехалі данскія і кубанскія казакі са сваёй радзімы, як бежанцы. Накіраваў іх сюды нямецкі ўрад паводле дамовы з генэралам Красновым41. Яны прыбылі на сваіх падводах з жонкамі і дзецьмі. У Наваградку абсталяваўся іх штаб на чале з атаманам Паўлавым, а ў вёсках разьмясьціліся атрады і назвалі сябе станіцамі. Іх мэта была - барацьба з партызанамі. 3 казакамі прыехалі сьвятары, якія па-пастырску абслугоўвалі казакоў. На іх просьбу ўсіх сьвятароў я прыняў у сваю архіпастырскую юрысдыкцыю. Аднак не жадаўшы займацца іх справамі, я зацьвердзіў выбранага імі дабрачыннага протаіерэя В. Грыгор'ева, якому даручыў царкоўна-адміністрацыйныя функцыі для казацкага духавенства.

Казакі пасьпяхова спраўляліся з партызанамі і адагналі іх ад ваколіцаў Наваградка. Але быў забіты памылкова сваімі атаман Паўлаў. Я адпяваўяго ў сваім катэдральным саборы і суправаджаў на могілкі непадалёку ад сабора ў горадзе. Казакі яго аплаквалі. На месца забітага быў прызначаны атаман Даманаў. Жонка і дзеці атамана Паўлава трапілі ў Буэнас-Айрэс (Аргентына), куды яны эмігрыравалі з Аўстрыі пасьля вайны ў 1948 годзе. Атамана Даманава ангельцы выдалі балыпавікам разам з дзьвюма тысячамі афіцэраў. Там яны ўсе загінулі, а Даманаў быў павешаны ў Маскве.

На Наваградчыне, як і ва ўсёй Беларусі, ды і ня толькі тут, але ва ўсёй Эўропе, было вельмі неспакойна з прычыны вайны. Цяжка гэта перажывала беларуская вёска. У чаканьні абароны ад Бога жыхары вёсак у ваколіцах Наваградка ў адну ноч рабілі вялікія драўляныя крыжы і ставілі іх на ўскраінах сваіх вёсак. Маё духавенства катэдральнага сабора амаль штодзённа выяжджала асьвячаць гэтыя крыжы.

Па царкоўных справах мне даводзілася езьдзіць цягнікамі з Наваградка ў Мінск. Такія паездкі суправаджаліся вялікай рызыкай для жыцьця. Часам цягнік рухаўся марудна па ўзарваных рэйках. Здараліся таксама абстрэлы цягнікоў з кулямётаў партызанамі. Усё гэта мелася на ўвазе.

У верасьні 1942 года ў Мінску адбыўся Царкоўны сабор, які складаўся з выбраных прадстаўнікоў духавенства і цывільных вернікаў Гэты сабор быў скліканы на патрабаваньне нямецкага генэральнага камісара Беларусі для абвяшчэньня аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Натхніў на гэта немцаў беларускі актыўу Мінску. што складаўся з пяці-шасьці чалавек, якія карысталіся даверам немцаў. Але дэлегаты, што зьехаліся на сабор, не абвясьцілі незаконна аўтакефаліі, толькі зацьвердзілі статут для гэтай царквы. Абвяшчэньне аўтакефаліі адклалі да спрыяльных кананічных умоваў пасьля вайны і незалежнасьці Беларусі. Немцы зьмірыліся з гэтым і не цікавіліся справай.

Калі адбываўся Царкоўны Сабор, то мітрапаліт Панцеляймон знаходзіўся ў нямецкай высылцы ў былым манастыры Ляды за 30 кілямэтраў ад Мінска. Ад яго запатрабавалі паўнамоцтвы архіепіскапу Філафею як ягонаму намесьніку. Мітрапаліт гэтае паўнамоцтва выдаў пад пагрозай. Адсюль яго ў хуткім часе перавезьлі ў горад Вілейку і памясьцілі ў доме сьвятара. Перад Вялікаднём 1943 года на нашае запатрабаваньне - трох епіскапаў: Філафея, Стэфана (Сеўбы) і мяне, - немцы вярнулі яго ў Мінск, дзякуючы чаму мы склалі паседжаньне Сыноду пад старшынствам мітрапаліта. Немцы тады ўжо ішлі на саступкі, бо іхнія посьпехі на савецкім фронце пацярпелі фіяска. Царкоўны сабор 1942 года перастаўусіх цікавіць. Праяго замаўчалі нават беларускія актывісты. Стваралася ўражаньне, што гэтага сабору як і не было. У траўні 1944 года нямецкі генэральны камісар патрабаваў склікаць Сабор Епіскапаў Беларусі для асуджэньня быццам бы незаконных выбараў у Маскве патрыярха Сергія. Епіскапы зьехаліся на пачатку траўня і засядалі некалькі дзён. Ганаровым госьцем на Саборы быў прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі. Ён жа быў галоўным стрыжнем скліканьня гэтага Сабору. На Сабор былі запрошаныя ня толькі беларускія епіскапы, але і з Пінска і Брэста, якія не ўваходзілі ў склад Беларускай Царквы. Сабор гэты вынес сваю пастанову адносна Маскоўскага патрыярха Сергія, нямецкія ўлады задаволіліся і нават фатаграфавалі, надаючы гэтаму вялікае значэньне, епіскапа, які падпісваў пастанову. На гэтым справа і скончылася. Надаўшы мітрапаліту Панцеляймону тытул "Найшчасьлівейшага" (тытул патрыяршы), Сабор завяршыўся. Архірэі пасьпешліва разьехаліся ў свае епархіі, бо хутка прасоўваўся фронт з усходу на захад і пагражаў Мінску і іншым гарадам. Украіна ўжо была занятая савецкімі войскамі. Гэта пагражала і Беларусі. Немцы адступалі. Іх цясьнілі з Усходу і Захаду.