КДБ затрымаў старшыню Саюза праваслаўнай моладзі, а Вярхоўны Суд зліквідаваў гэту арганізацыю.
07.03.20063 сакавіка Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў зарэгістраваную арганізацыю, якую ўзначальваў Мікола Астрэйка – Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Саюз праваслаўнай моладзі Беларусі імя Святога Георгія Пераможцы”. Іск аб ліквідацыі ў Вярхоўны суд быў перададзены Міністэрствам юстыцыі. На паседжанні гэтую дзяржаўную ўстанову прадстаўляў спецыяліст упраўлення грамадскіх арганізацыяў Мінюсту Яўген Какуша. На паседжанні сябраў арганізацыі не было, аднак, як паведаміла суддзя, падчас папярэдніх слуханняў М. Астрэйка прызнаў наяўнасць парушэнняў — адсутнасць альбо неадпаведнае закону выкарыстанне юрыдычнага адрасу. З гэтай нагоды Мінюстам Саюзу было двойчы вынесенае пісьмовае папярэджанне, але парушэнне не было выпраўленае, таму суд ацаніў яго як "грубае" і, на падставе п. 5 арт. 24 Закону аб грамадскіх аб’яднаннях, ГА "Саюз праваслаўнай моладзі імя Святога Георгія Пераможцы" ліквідаваў.
Грамадскае аб’яднанне “Саюз праваслаўнай моладзі імя Георгія Пераможцы” было зарэгістраванае 12 красавіка 1999 году. Група грамадзянаў перад гэтым звярнулася ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, каб атрымаць благаславенне Беларускай Праваслаўнай Царквы на сваю дзейнасць. У епархіяльным ўпраўленні, аднак, сцвярджаюць, што благаславенне на стварэнне дадзенай арганізацыі Беларускі Экзархат не даваў. Прадстаўнік гэтай арганізацыі – Андрэй Петравых неаднаразова ўдзельнічаў ў розных сустрэчах, выступалі як прадстаўнікі Саюза праваслаўнай моладзі ў СМІ, выдаваў часопіс “Тэакратыя”, у рэдакцыйную раду якога апроч яго самога уваходзілі супрацоўнікі багаслоўскага факультэту ЕГУ Мікалай Сямёнаў і святар Ігар Адрыянаў. Часопіс быў зарэгістраваны ў Расеі і, паводле выходных дадзеных, меў наклад 12000 асобнікаў і распаўсюджваўся бясплатна. Трэба, аднак, адзначыць, што шырокай вядомасці гэты часопіс не атрымаў. Прыкладна ў 2003-2004 годзе адбыўся чарговы сход Саюза праваслаўнай моладзі, на якім старшынёй быў пераабраны Мікалай Астрэйка. Сярод праваслаўнай моладзі, саюз якой ён узначальваў, Мікалай быў асобай невядомай. Ён ніколі не з’яўляўся чалавекам царкоўным. З кіраўніцтва арганізацыі ў Мінскім епархіяльным ўпраўленні ведалі толькі Андрэя Петравых - былога семінарыста і іпадыякана Мітрапаліта Філарэта, вядомага тым, што ён быў выключаны з семінарыі і выступаў з выкрывальнымі артыкуламі супраць прадстаяцеля БПЦ у СМІ. Таму, той факт, што благаславення на дзейнасць гэтай арганізацыі з боку афіцыйнай царквы не было, цяжка падвергнуць сумневу. Аднак і ніякага супрацьдзеяння дзейнасці гэтай арганізацыі Беларускі Экзархат не аказваў, хаця і меў юрыдычнае права – арганізацыя ўтрымлівала ў сваёй назве слова “праваслаўнай”, на якое Беларуская Праваслаўная Царква валодае правам калектыўнай уласнасці. Не бянтэжыла Беларускі Экзархат і тое, што ў ягоным складзе была арганізацыя, аналагічная “Саюзу” – Аб’яднанне моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая цяпер засталася адзінай арганізацыяй, а дакладней, структурным падраздзяленнем у складзе БПЦ, якая прэтэндуе на тое, каб аб’ядноўваць і прадстаўляць беларускую праваслаўную моладзь – пасля пятнічнага пасяджэння Вярхоўнага Суда, які зліквідаваў канкуруючую арганізацыю, прычым зусім не з прычыны гэтай самай “канкурэнцыі”: Беларускі Экзархат да ліквідацыі арганізацыі дачынення не мае, нагодай ліквідацыі сталі праблемы з юрыдычным адрасам гэтай арганізацыі, а магчымай прычынай – тое, што яе ўзначальваў вядомы грамадскі дзеяч Мікалай Астрэйка, а таксама тое, што праз структуры гэтай арганізацыі магло адбывацца незалежнае назіранне за галасаваннем на прэзідэнцкіх выбарах. Напярэдадні, 21 лютага ў Менску Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі былі затрыманыя чацвёра кіраўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” – Аляксандар Шалайка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая і старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Саюз праваслаўнай моладзі імя Святога Георгія Пераможцы” Мікалай Астрэйка. У дачыненні да іх узбуджаная крымінальная справа паводле адзнакаў злачынства, прадуглежанага часткай 2 артыкулу 193 КК (арганізацыя альбо кіраванне грамадскім аб’яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй, якія пасягаюць на асобу, правы і абавязкі грамадзян), артыкулу, у які напярэдадні выбараў былі ўнесеныя дадзеныя змены паводле прапановы прэзідэнта, каб узмацніць дзяржаўны кантроль за дзейнасцю незарэгістраваных арганізацыяў.
Дадзенае затрыманне стала адным з самых гучных – старшыня КГБ Сцяпан Сухарэнка на прэс-канферэнцыі 1 сакавіка адзначыў, што мэтай арганізацыі быў гвалтоўны захоп улады ў краіне. КГБ паведамляе, што ў офісе грамадскай ініцыятывы “Партнёрства” былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны, вялікая сума грошай і фальшывыя пратаколы экзіт-полаў, якія былі падрыхтаваныя з мэтай увядзення ў зман грамадскасці аб быццам сфальсіфікаваных выбарах 19 сакавіка. С.Сухарэнка паведаміў таксама, што паводле інфармацыі КГБ пасля выбараў дадзенай арганізацыяй планавалася сабраць мітынг у цэнтры Мінска, у самы разгар якога прывесці ў дзеянне выбуховыя прыстасаванні, а пасля гэтай правакацыі пачаць “захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў”, перакрыць “чыгуначныя шляхі з мэтай поўнага спынення функцыянавання дзяржавы”.
Цікавым з’яўляецца таксама і той факт, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць магчымасць зарэгістраваць “праваслаўную” арганізацыю ў абход Беларускага Экзархату.
Крыніца:
Апошнія навіны