Спачатку ў сабор, а потым на дэманстрацыю
18.03.2006Як паведамляе сайт кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, ананімныя праваслаўныя і каталіцкія актывісты заклікаюць сваіх адзінаверцаў "у нядзелю ўвечары на імшу ў кафедральныя саборы" і рассылаюць праз электронную пошту і смс паведамленні наступнага зместу:
"Слава Ісусу Хрысту,
Пахвалёны Езус Хрыстус,
заклікаем усіх праваслаўных і каталікоў, хто зьбіраецца чакаць вынікаў галасаваньня на плошчы 19-га, спачатку прыйсьці на вечаровую імшу ў кафэдральныя саборы сталіцы. Пажадана да гэтага схадзіць на споведзь"
Застаецца незразумелым, "да чаго" аўтары закліку раяць схадзіць на споведзь - да службы ці да дэманстрацыі, а таксама дзеля чаго. З тэксту закліку таксама бачна, што "праваслаўныя актывісты" малаверагодна бралі ўдзел у ініцыяванні паведамлення наступнага зместу, таму што ў праваслаўных храмах ніколі не бывае імшы ўвечары. У час Вялікага посту за вечаровым нядзельным богаслужэннем у праваслаўных храмах служыцца своеасаблівая служба - Пасія, якая прысвечаная пакутам Хрыстовым, з чытаннем адпаведных главаў з Евангелля.
Не ўдакладняецца ў закліку і пра час пачатку службаў - у Кафедральным каталіцкім саборы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі вечаровая нядзельная імша будзе ладзіцца а 18-30 і працягнецца да 19-30, у Кафедральным праваслаўным саборы, а таксама ў саборы Пятра і Паўла вечаровая служба распачнецца а 18-й гадзіне і будзе цягнуцца прыкладна да 19-30. На ўсяклякі выпадак паведамляем, што калі хто з праваслаўных уж вельмі хоча паспавядацца - то такой магчымасці на вечаровым богаслужэнні ў яго не будзе.
Крыніца:
Апошнія навіны