Штогодняя пілігрымка католікаў у Будслаў

«Маці Будслаўская, Маці святая…» Пад гукі гэтай вядомай кожнаму беларускаму каталіку песні 27 чэрвеня 2006 г. ад архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі выйшла XVI пешая пілігрымка Мінск-Будслаў, у якой сёлета бярэ ўдзел каля паўтысячы асобаў. Рэчы пілігрымаў і правізія перавозяцца на пяці грузавых машынах.

На чале пілігрымкі ідзе ксёндз Антоній Клімантовіч, пробашч архікатэдры і дзекан Мінскі. Усяго ж да Маці Божай Будслаўскай ідуць восем святароў, каля дваццаці братоў і сясцёр законных, а таксама навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Акрамя каталікоў з розных парафій Мінска, у гэтай рэлігійнай вандроўцы бяруць удзел вернікі з Магілёва, Санкт-Пецярбурга і Масквы. Самаму малодшаму пілігрыму ўсяго чатыры з паловаю гады. Гэта — дзяўчынка Насця, якую вязе ў калясцы тата. Нягледзячы на спякоту, Насця радасна ўсміхаецца і, наогул, задаволеная больш за ўсіх.

Распачалася пілігрымка святою Імшою. Яе ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў цэлебраваў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка разам з усімі святарамі, якія на пяць бліжэйшых дзён таксама стануць пілігрымамі. Праводзіць пілігрымаў выйшаў «патрыярх» Касцёла ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі. Ён благаславіў пілігрымку і акрапіў усіх удзельнікаў асвячанаю вадою. Разам з ім пілігрымаў благаславіў і біскуп Антоній Дзям’янка.

…І вось шэсце, якое складаецца ў асноўным з моладзі, са спевамі ідзе па вуліцах беларускай сталіцы, кіруючыся на поўнач, дзе за сто з лішкам кіламетраў знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай — Апякункі Беларусі. На чале працэсіі — крыж і фігурка Найсвяцейшай Панны Марыі. Лёгкі ветрык калыша харугвы з выявамі святых і назвамі парафій, сцягі з гербамі Мінска, якія ўпрыгожвае выява Багародзіцы, і гуляе жоўтымі хусцінкамі з надпісамі «Мінск — Будслаў», павязанымі на шыях пілігрымаў. Праз гукаўзмацняльнікі гучаць рэлігійныя песні і малітвы. Традыцыйныя спевы чаргуюцца з моладзевымі, вельмі рытмічнымі, якія суправаджаюцца гукамі гітараў, бубнаў і нават… невялікіх барабанаў! Прахожыя, што спяшаюцца па сваіх справах, са здзіўленнем глядзяць на незвычайнае шэсце; з вокнаў грамадскага транспарту таксама відаць твары, на якіх можна, здаецца, прачытаць пытанне: «Хто гэта ідзе, куды і навошта?». Запытаемся пра гэта ў саміх пілігрымаў.

Павел — студэнт, парафія Найсвяцейшай Тройцы (св Роха на Залатой Горцы): «Я іду ў пілігрымку ўжо ў трэці раз, але некаторыя з маіх сяброў хадзілі значна больш. Пілігрымка — гэта вельмі асаблівая падзея, такая непадобная на ўсё тое, што адбываецца з табою кожны дзень. Гэта не проста ўдзел у Імшы ці малітва, а сапраўднае духоўнае падарожжа, якое дае сілы змагацца са спакусамі і дапамагае жыць у адпаведнасці з Хрыстовымі запаведзямі. У дарозе да Маці Божай я перажываю ўнутранае ачышчэнне і станаўлюся бліжэй да Бога. Тады і на ўсе астатнія жыццёвыя справы пачынаеш глядзець інакш».

А вось што кажа Аліна — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, калега Паўла па парафіі: «Я ўпершыню ўдзельнічаю ў пешай пілігрымцы. Раней мы ездзілі ў Будслаў на свята Маці Божай разам з нашым парафіяльным хорам „Залатая Горка“, каб спяваць на святой Імшы апоўначы. У мінулым годзе я малілася перад цудатворным будслаўскім абразом, просячы ў Маці Божай дапамогі пры паступленні. Праз тры дні пасля гэтага я здавала ўступны экзамен і вось ужо год я студэнтка. Таму сёлета я вырашыла пайсці ў Будслаў, каб падзякаваць Маці Божай за Яе дапамогу і атрыманыя ласкі. Акрамя гэтага, у глыбіні майго сэрца ёсць яшчэ адна інтэнцыя-просьба, але я магу яе сказаць толькі самой Панне Марыі».

Сярод жоўтых хусцінак мінскіх удзельнікаў пілігрымкі вылучаецца дастакова вялікая група пілігрымаў з бардовымі хусцінкамі з надпісам: «Санкт-Петербург. Приход святой Екатерины». Што прымушае гэтых людзей ехаць у Мінск, каб пасля пяць дзён пешкі ісці ў невялікую беларускую вёску? Адказвае санкт-пецярбургскі госць Ілля: «Па-першае, я не лічу, што нам даводзіцца аж так далёка ехаць. Проста ў Расіі не праводзіцца пілігрымак да каталіцкіх святыняў, а мы, рускія каталікі, маем такую духоўную патрэбу і цудоўна ўсведамляем, наколькі важны для рэлігійнага жыцця падобны вопыт. Асабіста для мяне пілігрымка — гэта магчымасць разарваць цыкл штодзённых клопатаў, адпачыць ад будзённасці і мітусні, прысвяціць час Богу і сваёй душы. Дарэчы, ужо на наступны дзень пілігрымкі пачынаеш цудоўна ўспрымаць беларускую мову, а пад канец шляху настолькі да яе прызвычайваешся, што разумееш усё без праблемаў».

1 ліпеня пілігрымы прыйдуць у Будслаў. За час пілігрымкі яны духоўна і фізічна загартуюцца, загараць, пасябруюць паміж сабою… І напэўна, кожны з іх на ўсё жыццё запамятае гэты шлях, які вядзе іх у дом Нябеснай Матулі.

Крыніца:

Ріма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі

Рубрыка: