Вернікі абураныя разгонам летніку, у якім адпачывалі iхныя дзеці

9 жніўня супрацоўнікі міліцыі з дапамогай вайскоўцаў зьліквідавалі дзіцячы летнік, які ў прыватным парадку за ўласныя грошы арганізавалі вернікі-пратэстанты для сваіх дзяцей. Разам са шматдзетнымі сем’ямі адпачывалі дзеці іх сваіх сваякоў і сяброў. Адпачынак праходзіў ў в. Ціжышкі, Смаргонскага раёна, Гродненскай вобл, на тэрыторыі і ў будынках, якія з’яўляюцца прыватнай ўласнасцю. Усяго там ў знаходзілася каля 60 чалавек, з іх 45 дзяцей.

Летнік на хутары Ціжышкі праіснаваў адзін дзень. 8 жніўня, месца, дзе знаходзіліся дзеці наведалі старшыня і намеснік старшыні Смаргонскага выканкаму, супрацоўнікі аддзелу міліцыі, аддзелу адукацыі, камісіі па справах непаўнагадовых, МНС, санітарнай службы, - усяго каля 10 чалавек. Яны запатрабавалі каб дзяцей адвязлі назад у Мінск. На наступны дзень, 9 жніўня ўсіх адпачываючых (каля 60 чалавек), з рэчамі запіхнулі ў аўтобус на 40 месцаў і пад канвоем 10-12 вайскоўцаў памежных войскаў без прыпынку адвезлі ў Мінск. Каля гораду аўтобус спыніўся. Бацькоў выклікалі і некалькі чалавек, якія не прадставіліся, пачалі іх дапытваць і складаць спісы дзяцей. Сярод дапытчыкаў была загадчыца аддзелу Мінгарвыканкаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Ала Рабіцава. Па прыезду ў Мінск дзяцей не выпускалі з аўтобуса на вуліцу, дзе іх чакалі бацькі, пры гэтым іх здымалі на камеру, рабілі фатаздымкі.

Бацькі дзяцей, прымусова вывезеных з адпачынку ў Смаргонскім раёне, накіроўваюць скаргу на дзеяньні ўладаў. “Ні нашыя дзеці, ні мы, бацькі пры арганізацыі прыватнага адпачынку на прыватнай тэрыторыі не былі абавязаныя выконваць патрабаванні аб яго спыненні. Аднак старшыня выканкаму запатрабаваў ад нас адвесці дзяцей у Мінск, пагражаючы, што ў адваротным выпадку дзяцей завязуць у прыёмнік-размеркавальнік і будуць выдаваць бацькам пад распіску,” – гаворыцца ў скарзе. “Нас спехам “пагрузілі” ў аўтобус разам з рэчамі. Прыбыўшыя 10-12 чалавек у ваеннай форме напалохалі дзяцей, якія ні ў чым не былі вінаватыя. Іх, як малалетніх злачынцаў, прымусова вывезлі з адпачынку, дзе ім усё вельмі падабалася. Дзецям была нанесеная псіхалагічная рана,” - пішуть бацькі.

У сувязі з гэтымі незаконнымі дзеяннямі бацькі просяць прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў (супрацоўнікаў Смаргонскага выканкаму, аддзелу міліцыі, ворганаў МНС, раённага аддзела адукацыі, інспекцыі па справах непаўнагадовых), віноўных у неправамерным прымусовым спыненні адпачынку дзяцей і прычынення ім маральнай шкоды. Пад скаргай падпісалася больш за 20 бацькоў. Дакумент будзе накіраваны ў Пракуратуру РБ, Мінскі гарвыканкам і Гродненскі аблвыканкам.

Крыніца:

Христианский Правозащитный Дом

Рубрыка: