Кардынал Казімір Свёнтэк - Камандор Ордэна Ганаровага Легіёна

Увечары 23 лістапада 2006 года ў рэзідэнцыі Пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь адбылася афіцыйная цырымонія ўручэння кардыналу Казіміру Свёнтку адзнакаў Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна. Званне Камандора сваім дэкрэтам ад 15 верасня 2006 года надаў кардыналу Свёнтку Прэзідэнт Францыі Жак Шырак як «чалавеку, які ў вачах французскіх грамадзянаў увасабляе сабой гісторыю беларускага народа апошніх сямідзесяці гадоў».

Пан Стэфан Шмялеўскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, таксама кавалер Ордэна Ганаровага Легіёна, сказаў прамову на французскай мове з перакладам на беларускую. Пан Пасол, у прыватнасці, адзначыў:

«Францыя, у жаданні падараваць беларускім людзям знак прызнання і падтрымкі, вырашыла, што Ваша Эмінэнцыя як ніхто іншы ўвасабляе сабой пакуты, якія перажыў гэты народ у дваццатым стагоддзі. Узнагарода, якую я сёння ўручу Вашай Эмінэнцыі, прызначана чалавеку, які разам са сваім народам атрымаў раны, нанесеныя дзвюмя ідэалогіямі, нацыянал-сацыялізмам і камунізмам, што прынеслі столькі няшчасцяў у дваццатым стагоддзі на нашым кантыненце. Ваш жыццёвы шлях — ад кратаў першых да кратаў другіх, ад смяротнага прысуду першых да абвінавачанняў другімі — сімвалічна абагульняюць і адлюстроўваюць выпрабаванні, якія выпалі на долю Вашага народа. Менавіта праз Вас мая краіна прысвячае беларускім людзям гэтае сведчанне павагі».

Сваю прамову Пан Стэфан Шмялеўскі завяршыў наступнымі словамі: «Казімір Свёнтэк! Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі і дадзенымі нам паўнамоцтвамі, надаем Вам званне Камандора нацыянальнага Ордэна Ганаровага Легіёна». Пасля гэтага Пан Пасол і адзін з супрацоўнікаў Пасольства павязалі вакол шыі кардынала залаты крыж Камандора на пунсовай стужцы.

Затым слова было дадзена ўзнагароджанаму. Прапануем пераклад прамовы кардынала Свёнтка, якая прагучала на французскай мове:

«Пане Пасол, высокую ўзнагароду, якой сёння мяне адзначае Французская Рэспубліка, я прымаю з такім самым пачуццём, з якім яна была нададзена: як сведчанне павагі і прызнання беларускаму народу і яго лёсу. Прашу Вас перадаць Пану Прэзідэнту Французскай Рэспублікі выраз маёй удзячнасці і глыбокай павагі, якая мяне напаўняе за праяўленую ім мудрасць.

Беларускі народ, які ён ушаноўвае праз мяне, за сваю мужнасць і годнасць, з якімі ён намагаўся ўчора і імкнецца сёння выжыць як асобная нацыя, сапраўды дастойны падтрымкі і захаплення, якімі Францыя так шчодра яго надзяляе.

Што датычыцца мяне, я ўдзячны Пану Богу за тое, што Ён даў мне ласку такога доўгага жыцця як у добрыя, так і ў дрэнныя дні, сярод гэтага народа, які ніколі мяне не расчароўваў».

Ордэн Ганаровага ЛегіёнаКардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір СвёнтэкКардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір СвёнтэкКардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір Свёнтэк

Ордэн Ганаровага Легіёна

Крыніца:

Рыма-каталіцки Касцёл на Беларусі

Рубрыка: