У Мінску распачалася сустрэча генеральных сакратароў Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Еўропы

Увечары 14 чэрвеня 2007 г. святою Імшою ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску распачалася 35-я сустрэча Генеральных сакратароў канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы, тэма якой «Міграцыя — выклік для Еўропы». У святой Імшы, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, узялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі, Генеральныя сакратары 34-х біскупскіх канферэнцый Еўропы, святары і вернікі з розных парафій сталіцы, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.

Удзельнікаў літургіі шчыра прывіталі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і Генеральны сакратар беларускага епіскапату Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. Было адзначана, што ўпершыню за шматвяковую гісторыю Касцёла на беларускіх землях тут адбываецца такая значная падзея ў рэлігійным жыцці нашага кантынента. Гамілію падчас святой Імшы прамовіў Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін.

Сярод удзельнікаў сустрэчы Генеральных сакратароў каталіцкіх епіскапатаў Еўропы сем біскупаў: Мар’ян Бучэк з Украіны, Люцыян Аўгусціні з Албаніі, Ладзіслаў Гучко з Чэхіі, Джузэпэ Бэторы з Італіі, Карлаш Албэрту дэ Піньу Морэйру Азэвэду з Партугаліі, Багдан Дзюрах, прадстаўнік епіскапату Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і Георг Мюллер, прадстаўніку епіскапату краінаў Скандынавіі. Акрамя таго ў сустрэчы бяруць удзел Генеральныя сакратары канферэнцый каталіцкіх біскупаў Бельгіі, Босніі і Герцэгавіны, Харватыі, Германіі, Англіі і Уэльса, Ірландыі, Літвы, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Шатландыі, Славеніі, Іспаніі, Швейцарыі, Турцыі і Венгрыі.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў усім прысутным за супольную малітву і адзначыў, што гэтая малітоўная сустрэча з Генеральнымі сакратарамі канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы ўвойдзе ў гісторыю Касцёла на Беларусі. Біскуп Антоні таксама выказаў пажаданне, каб распачатая сустрэча паспрыяла пашырэнню Божага Валадарства ў чалавечых сэрцах і ўмацаванню хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропе і ва ўсім свеце.

Крыніца:

Афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкага Касцёлу на Беларусі

Рубрыка: