Учора ў Мінску былі затрыманыя актывісты кампаніі ў абарону права на свабоду сумлення

У офісе БХД адбыўся ператрус, - канфіскаваныя дакументы, літаратура, носбіты інфармацыі кампутараў. Затрыманыя правялі ў пастарунку Фрунзенскага РУУС больш за 8 гадзінаў.

3 ліпеня, каля 14.00 у офіс Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ўварваліся супрацоўнікі міліцыі. Першым быў затрыманы сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі. Ператрус праводзілі 2 чалавека ў цывільнай вопратцы. Яны не прадставіліся і адмовіліся патлумачыць на якой падставе праводзяць дадзеныя дзеянні. Пазней, прыкладна ў 15.00, у офісе БХД адбылося затрыманне сустаршыні аргкамітэту БХД Аляксея Шэіна, юрыста Кампаніі ў абарону права на свабоду сумлення Сяргея Луканіна і дзвюх непаўнагадовых актывістак. Дзяўчат адпусцілі з пастарунку, калі за імі прыехалі бацькі.

"Занепакоенасць выклікае той факт, што напрацягу двух дзён мы сутыкнуліся з жорсткім супрацьдзеяннем уладаў, - гаворыць сустаршыня БХД Аляксей Шэін. - Вобыск і канфіскацыя на кватэры праводзілася абсалютна незаконна, без ордэру і без складання пратаколу вымання канфіскаваных матэрыялаў. Гэты непрыхаваны ціск скіраваны на запалохванне і стварэнне перашкодаў тым людзям, якія не задаволеныя становішчам у краіне, і спрабуюць абараніць правы, дадзеныя чалавеку Богам".

Нагадаем, што 2 ліпеня ў Будславе былі затрыманыя 14 актывістаў Кампаніі ў абарону права на свабоду сумлення, якія збіралі подпісы за прывядзенне рэлігійнага заканадаўства ў Беларусі ў адпаведнасць з Канстытуцыяй краіны. Ва ўдзелнікаў збору подпісаў былі канфіскаваныя бюлетэні кампаніі. Сёння, падчас ператрусу ў офісе БХД, ў актывістаў Кампаніі было канфіскавана ўжо некалькі дзясяткаў тысяч друкаваных матэрыялаў, у тым ліку і хрысціянская эвангелізацыйная літаратура.

На гэты момант за змену "Закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" сабрана каля 25 тысячаў подпісаў.

Крыніца:

Хрысьціянскі Праваабарончы Дом

Рубрыка: