У Горадні прайшла канферэнцыя, прысвечаная свабодзе сумлення і веравызнання

Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная рэалізацыі правоў на свабоду сумлення і веравызнання, прайшла 31 кастрычніка ў Горадні ў Таварыстве Беларускай школы. У канферэнцыя прынялі ўдзел правазнаўцы, праваабаронцы, рэлігійныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і гарадскіх уладаў.

Канферэнцыя, вядучым якой быў актывіст горадзенскага дэмакратычнага руху Павал Мажэйка, складалася з дзьвюх частак: тэарэтычнай і дыскусійнай. У першай частцы, дзе галоўнымі дакладчыкамі сталі гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч, праваабаронцы Дзіна Шаўцова і Алег Гулак (БХК), юрыст царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін, журналіст Марыя Савушкіна, былі закранутыя пытанні дзяржаўнай палітыкі ў галіне свабоды сумлення, прававой базы такой палітыкі, а таксама міжнароднай заканадаўчай практыкі.

Алесь Краўцэвіч даў кароткі гістарычны агляд развіццю талернацыі на беларускіх землях ад старажытнасці да нашых дзён, адзначаючы, што талеранцыя з’яўлялася дамінантай усёй гісторыі Беларусі і была выкліканай спецыфічнай сітуацыяй – сітуацыяй Пагранічча.

Дзіна Шаўцова прааналізавала пераломныя моманты рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі з к. 1980-х гадоў, а таксама эвалюцыю дзяржаўнай палітыкі і прававой базы рэгулявання ў сферы свабоды сумлення і дзейнасці рэлігійных арганізацый, гісторыю прыняцця закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый” 2002 г.

У выступленні Алега Гулака асноўная ўвага была звернутая на нормы міжнароднага права ў сферы свабоды сумлення і суаднесенасць беларускага заканадаўства з разнастайнымі міжнароднымі дакументамі. Праваабаронца адзначыў, што ў аналізе заканадаўства, асабліва ў аналізе параўнальным, вельмі важнай з’яўляецца метадалогія такога даследавання – параўнанне павінна быць канцэптуальным і кантэкстуальным, у той час, як правядзенне параўнання асобных палажэнняў нарматыўных актаў з’яўляецца маніпулятыўнай стратэгіяй.

Сяргей Луканін, юрыст царквы “Новае жыццё”, расказаў прысутным пра развіццё сітуацыі вакол сваёй царквы, пра беспрэцэдэнтную акцыю пост-галадоўка, якую вернікі царквы і салідарныя хрысціяне разгарнулі летась для абароны будынка “Новага жыцця” і задаваленення патрабаванняў спынення пераследаў веруючых у Беларусі.

Журналістка Марыя Савушкіна, якая ўваходзіць у ініцыятыўную групу па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, прадставіла матэрыялы кінахронікі савецкіх часоў, на якіх быў прадстаўлены суд над евангельскімі веруючымі г. Пінска, і прааналізавала сучасную медыя-прастору і медыя-вобразы розных хрысціянскіх дэнамінацый. Яна таксама прадставіла прэзентацыю з маніторынгам парушэнняў правоў у галіне свабоды веравызнання. Марыя Савушкіна звярнула ўвагу на праект “Пакаянне” БХД.

Другая частка канферэнцыі ўяўляла сабой круглы стол рэлігійных дзеячаў, удзел у якім узялі праваслаўны святар з Мінску Аляксандр Шрамко, два пастары цэркваў хрысціян поўнага Евангелля – Дзмітрый Падлобка з Гомеля, і Зміцер Малюкевіч з Горадні. Запрошаныя да ўдзелу ў круглым стале прадстаўнікі рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай цэркваў (а каталікі з’яўляюцца дамінуючай у Горадні канфесіяй), на канферэнцыі не былі прысутныя. Служыцелі закранулі разнастайныя пытанні: хрысціянства і палітыкі, фармавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, міжхрысціянскай салідарнасці, свабоды сумлення, рэлігійнай адукацыі, хрысціянскіх каштоўнасцей, адказалі на пытанні іншых удзельнікаў канферэнцыі. З каментарыем выступіла Наталля Васілевіч, рэдактар парталу “Царква”.

Кароткае слова было прадастаўленае і прадстаўніку гарадскіх уладаў, супрацоўніку аддзела па ідэалогіі Горадзенскага гарвыканкаму.

Мяркуецца што падобныя канферэнцыі пройдуць і ў іншых беларускіх рэгіёнах.

Наталля Васілевіч

Спецыяльна для парталу “Царква”

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: