Другая энцыкліка Бэнэдыкта XVI «Spe salvi»

Раніцай 30 лістапада 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падпісаў сваю другую энцыкліку Spe salvi — «у надзеі мы былі збаўленыя». Як сведчыць назва, дакумент прысвечаны хрысціянскай надзеі.

Назва энцыклікі ўзятая з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў (пар. Рым 8, 24). Падпісаная энцыкліка была прадстаўлена грамадскасці прэс-службаю Святога Пасаду.

«Адкупленне, збаўленне, у адпаведнасці з хрысціянскаю вераю, — тлумачыць Папа ва ўводзінах, — гэта не проста фактычныя дадзеныя. Адкупленне падаравана нам у тым сэнсе, што нам была дадзена надзея: надзея, якая не расчаруе, моцаю якой мы можам супрацьстаяць нашай сучаснасці: сучаснасць, нават нялёгкую, можна перажыць і прыняць, калі яна вядзе да нейкай мэты і калі можна быць упэўненым у гэтай мэце; калі гэтая мэта настолькі вялікая, што апраўдвае цяжар дарогі (1).

Такім чынам, «адрознаю прыкметаю хрысціянаў» з’яўляецца тое, што «ў іх ёсць будучыня: (…) яны ведаюць (…), што іх жыццё не сканчваецца пусткаю». Святы Айцец падкрэслівае, што хрысціянскае пасланне не толькі «інфарматыўнае», але і «эфектыўнае». Гэта азначае, што «Евангелле — гэта не толькі аповед пра нейкія рэчы, пра якія можна даведацца, а пасланне, якое здзяйсняе падзеі і змяняняе жыццё. Дзверы, за якімі быў скрыты час, будучыня, цяпер шырока адчынены. Той, хто мае надзею, жыве інакш; яму дадзена новае жыццё» (2).

«Імкнуцца да пазнання Бога — сапраўднага Бога — азначае атрымаць надзею». Гэта цудоўна разумелі першыя хрысціяне, напрыклад эфесцы, якія перад тым, як пазнаць Езуса, мелі шмат багоў, але жылі «без надзеі і без Бога». Праблема сучасных хрысціянаў у тым, што мы прызвычаіліся да Евангелля: надзея, якая вынікае з сапраўднай сустрэчы з Богам, намі ўжо амаль не адчуваецца, — адзначае Бэнэдыкт XVI. Тут ён прыводзіць прыклад сведчання хрысціянскай надзеі, дадзены святой Джузэпінай Бакітай. Яна нарадзілася ў 1869 г. у Дарфуры (Судан), у 9 гадоў была выкрадзена і прададзена ў рабства. Пасля цяжкіх выпрабаванняў яна трапляе ў Італію, дзе сустракаецца з «вялікай надзеяй» і можа сказаць: «я ўжо канчаткова ўзлюбленая і, што б ні здарылася, мяне чакае гэтая Любоў» (3).

У апошнім раздзеле энцыклікі Spe salvi Святы Айцец кіруе сваю малітву да «Марыі, зоркі надзеі»: «Маці Божая, нашая Маці, навучы нас верыць, спадзявацца і любіць разам з Табою. Пакажы нам шлях да Яго Валадарства. Зорка мора, ззяй над намі і вядзі нас на нашым шляху!» (49–50).

Крыніца:

Прэс-служба catholic.by

Рубрыка: