Праблема папаўнення каталіцкага кліру з ліку грамадзян Беларусі застаецца нявырашанай

Праблема папаўнення каталіцкага кліру з ліку грамадзян Беларусі застаецца нявырашанай. Аб гэтым паведаміў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Беларусі Леанід Гуляка на пасяджэнні калегіі апарата Упаўнаважанага.

Паводле яго слоў, у 2007 годзе з 398 свяшчэннаслужыцеляў налічвалася 180 замежных грамадзян, большасць з Польшчы. "Недастаткова эфектыўна вырашаецца гэта праблема за кошт выпускнікоў дзвюх духоўных семінарый, якія за час сваёй работы падрыхтавалі 165 свяшчэннаслужыцеляў. Епархіямі Рымска-каталіцкай царквы на 2008 год для работы ў прыходах запрошана на 14 свяшчэннаслужыцеляў і 11 манахаў менш, чым у 2007 годзе", - паведаміў ён.

"Мы не ставім перад сабой задачу рэзка скараціць колькасць замежных свяшчэннаслужыцеляў, якія прыязджаюць у Беларусь, але калі дзяржава сёння аказвае падтрымку канфесіям, у тым ліку духоўным установам, то мы павінны падумаць аб эфектыўнасці работы выпускнікоў з ліку грамадзян Беларусі", - сказаў ён.

РКЦ прадаўжае развіццё канструктыўных адносін з органамі ўлады, падкрэсліў Леанід Гуляка. Яна аб'ядноўвае 4 епархіі, якія налічваюць 457 абшчын. У 2007 годзе было зарэгістравана 17 новых абшчын вернікаў. За апошнія 12 гадоў колькасць каталіцкіх прыходаў у рэспубліцы павялічылася ў чатыры разы. Абшчыны маюць 450 касцёлаў, узводзіцца 37 храмаў. У 2007 годзе ўзровень забяспечанасці каталіцкіх абшчын культавымі будынкамі быў самы высокі ў параўнанні з іншымі дзеючымі канфесіямі і рэлігійнымі напрамкамі.

Упаўнаважаны таксама расказаў, што на завяршэнне рэстаўрацыйных работ у Архікафедральным касцёле Імя Прасвятой Дзевы Марыі ў Мінску з рэспубліканскага бюджэту было выдзелена Br420 млн. Абшчынам вернікаў перададзены будынак былога касцёла ў вёсцы Воўчын Камянецкага раёна і плябаніі ў Нясвіжы. Мінскі гарвыканкам вызваліў ад выплаты сродкаў на долевы ўдзел у развіцці інфраструктуры горада прыход РКЦ, які ўзводзіць культавыя будынкі, у аб'ёме Br550 млн.

Крыніца:

Белта

Рубрыка: