Менскі мячэт нарэшце дабудуюць

Узьвядзеньне сьвятыні пачалося 18 лютага 2004 году, але было прыпыненае ў зьвязку з тым, што Ліга ісламскага сьвету спыніла фінансаваньне, коштам больш як 2 мільёны даляраў, з палітычных меркаваньняў. У той час адбылося колькі выпадкаў апаганьваньня мусульманскіх могілак і нават спробаў падпалаў мячэтаў. Пэўна, не ў апошнюю чаргу паўплываў і «карыкатурны сканадал».

Цяпер фундацыя аднавіла фінансаваньне зь перадумоваю, што будынак гэтага мячэту ніколі ня будзе здавацца ў арэнду ці выкарыстоўвацца з камэрцыйнымі мэтамі. Нядаўна было падпісанае пагадненьне з Ісламскім культурным цэнтрам Расеі пра пералічэньне найбліжэйшым часам 1 мільёна расейскіх рублёў. Як кажа духоўны лідар беларускіх музульманаў, муфтый Абу‑Бекір Шабановіч, гэткую ж суму пералічыць і Рада муфтыяў Расеі.

Архітэктурны комплекс мячэту будзе ўключаць школу, музэй, бібліятэку, выдавецкі й культурны цэнтар. Зьнешні выгляд самой бажніцы будзе адпавядаць колішняму. Ранейшы мураваны мячэт быў асьвечаны ў 1902 годзе і знаходзіўся на вуліцы Малая Татарская, у Ракаўскім прадмесьці. Гэта быў пекны будынак у духу маўрытанскага дойлідзтва, з прасторнай заляю, вялікім купалам і гожым мінараэтам, што сягаў 35 мэтраў у вышыню й доўгія гады панаваў над навакольлем. У 1949 годзе мячэт быў зачынены й перададзены пад клюб рачнікоў Добрахвотнага таварыства садзеяньня флёту. У 1962 годзе гэты найпрыгажэйшы будынак зьнесьлі бяз дай прычыны. Пазьней на падмурках ісламскае сьвятыні паставілі гатэль «Юбілейны»… У адначасьсе быў зьнішчаны й старжытны мусульманскі мізар (могілкі), на скрыжаваньні вуліцаў Тарханава і Грыбаедава , дзе плянавался будаўніцтва тэнісных кортаў. Менавіта таму гэтая тэрыторыя ў Менску й была перададзена вызнаўцам ісламу яшчэ ў савецкі час, на пачатку 1990‑х гадоў.

Новы мячэт, паводле старасьвецкага ўзору, стане яшчэ адной адметнасьцю беларускае сталіцы й галоўным духоўным асяродкам ісламу ў Беларусі.

Крыніца:

Наша Нiва

Рубрыка: