Сустрэча Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі

13 сакавіка 2008 г. — за тыдзень да Пасхальнага Трыдуума, найсвяцейшага для хрысціянаў часу на працягу ўсяго года, — арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правёў чарговую сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх СМІ.

На гэтай сустрэчы Мітрапаліт расказаў пра бліжэйшыя падзеі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія запланаваны ў гэтым годзе.

«12 сакавіка адбылася Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Як найвышэйшая душпастырская рада, яна збіраецца чатыры разы на год для вырашэння праблемаў мясцовага касцёла і для вызначэння планаў на будучыню», —паведаміў Мітрапаліт.

Самай значнай з планаваных сустрэч з’яўляецца правядзенне ў другой палове ліпеня бягучага года ў Івянцы першай сустрэчы каталіцкай моладзі. Адбудзецца яна ў тыя самыя дні, калі ў Сіднэі (Аўстралія) будзе праходзіць Сусветны дзень моладзі. «Мы хочам, каб нашая моладзь перажывала гэты ўрачысты дзень разам са сваімі аднагодкамі, магла духоўна яднацца са Святым Айцом і моладдзю ў Сіднэі, — а таму паспрабуем правесці чарговы тэлемост. Мяркуем, што збярэцца прыкладна каля чатырох тысяч маладых людзей з усіх дыяцэзій Беларусі», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Наступнай па значнасці падзеяй, як адзначыў Мітрапаліт, стане канферэнцыя, прысвечаная мучанікам, якая пройдзе напярэдадні свята Божай Міласэрнасці 28-29 сакавіка ў магілёўскім катэдральным касцёле святога Станіслава. «Плануецца таксама восенню арганізаваць канферэнцыю, прысвечаную 30-годдзю абрання Караля Вайтылы Святым Айцом. Гэты год у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — год слова Божага, як крыніцы надзеі, таму ў Ватыкане адбудзецца чарговы сінод біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Пасля яго заканчэння ў Беларусі плануецца канферэнцыя, прысвечаная слову Божаму, на якую хочам запрасіць праваслаўных і пратэстантаў, бо слова Божае для ўсіх — крыніца веры і надзеі», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Завяршыцца духоўны год снежаньскай канферэнцыяй, тэма якой — барацьба са СНІДам.

Як адзначыў Мітрапаліт, сёлетняя Пальмовая (Вербная) нядзеля, якая распычанае Вялікі тыдзень і ўзгадвае ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, надоўга запомніцца вернікам, асабліва дзеткам. Каб як мага больш наблізіць атмасферу тае далёкае падзеі, своеасаблівым «удзельнікам» гэтага ўрачыстага ўваходу будзе ... вослік. З Дудутак будзе спецыяльна прывезены ў Мінск вослік, пры дапамозе якога і будзе наглядным чынам ўзгадана ўрачыстая цырымонія ўваходу Езуса ў Ерузалем.

Крыніца:

Catholic. By - Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі

Рубрыка: