25 Сакавіка на nn.by онлайн з айцом Аляксандрам Надсанам

У аўторак, на Дзень Волі, з 12:00 да 13:00 онлайн-канфэрэнцыя з вядомым грэка-каталіцкім сьвятаром, духоўным лідэрам беларускай эміграцыі.

Пытаньні можна задаваць праз акенца камэнтароў да гэтай навіны на сайце nn.by.

* * *

Айцец Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. у Гарадзеі (сёньня Нясьвіскі р-н). Вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. З канца чэрвеня 1944 г. на эміграцыі. З восені 1944 г. – у польскай Арміі Андэрса, што ваявала ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. Браў удзел у баявых дзеяньнях на поўначы Італіі, быў паранены.

Ад 1946 г. — у Вялікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, яго старшыня ў 1951—1953 гг. Рэдагаваў часопісы "Беларус на чужыне" і "На шляху", браў удзел у працы Беларускага хрысьціянскага акадэмічнага аб’еднаньня "Рунь" і Беларускага народна-незалежніцкага хрысьціянскага Руху.

З восені 1953 г. навучаўся ў Рыме, у Грэцкай Калегіі (духоўнай сэмінарыі для каталікоў усходняга абраду). 23 лістапада 1958 г. высьвячаны на сьвятара.

У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лёндан. Наведваў беларускія асяродкі на Брытанскіх выспах, ад 1961 г. — кіраўнік беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лёндане.

Ад 1971 г. — кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музэю імя Ф. Скарыны, а ад 1981 г. — кіраўнік Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі. З канца 1980-х — апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўнік Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі.

Крыніца:

Наша Ніва

Рубрыка: