Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з арцыбіскупам Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам

24 сакавіка, у другі дзень святкавання Вялікадня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і сустрэўся з арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам.

У архікатэдры Мітрапаліт Кандрусевіч расказаў Аляксандру Лукашэнку аб працах па рэстаўрацыі старажытных фрэсак, якія вяліся на працягу апошніх гадоў пры падтрымцы дзяржавы. Затым у рэзідэнцыі мітраполіі адбылася сустрэча «сам на сам» Прэзідэнта краіны з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Яго Эксцэленцыя ўручыў Прэзідэнту дзяржавы памятны медаль Бэнэдыкта XVI, Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, падараваў архікатэдры карціну «Касцёл у

Жупранах» (мастак Э. Рымаровіч).

Пасля сустрэчы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падзяліўся сваімі ўражаннямі:

«Вельмі важна, што наша сустрэча адбылася ў свята Уваскрасення нашага Пана. Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх католікаў са святам Пасхі. Гэта знак увагі з яго боку да Каталіцкага Касцёла, знак таго, што Каталіцкі Касцёл адыгрывае немалую ролю ў жыцці Рэспублікі Беларусь.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваны некаторыя пытанні, напрыклад, становішча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Зазначу, што Прэзідэнт добра разумее нашыя

праблемы, і я спадзяюся на тое, што яны паступова будуць вырашацца. Мы таксама гаварылі пра супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой і дзяржавай у справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, пра правядзенне сумесных канферэнцый, прысвечаных існуючым праблемам, з якімі сутыкаецца грамадства. Гэта вельмі актуальныя пытанні, звязаныя з такою важнай састаўною нашага грамадства, якою з’яўляецца сям’я, балючыя праблемы дзяцей-сірот, праблемы наркаманіі і СНІДу...

Я спадзяюся, што нашая сустрэча дасць добры плён, магчыма, яна стане пачаткам новага этапу ў адносінах Каталіцкага Касцёла і дзяржавы. Гэтыя адносіны неблагія, але іх трэба развіваць далей...»

Крыніца:

Партал Catholic.by

Рубрыка: