Дзясятая гадавіна па айцу Яну Матусевічу
02.09.20082 верасня споўнілася 10 год са дня смерці айца Яна Матусевіча, вядомага грэка-каталіцкага святара, які стаяў у вытоках адраджэння беларускага уніяцтва.
Сёння на Кальварыі прайшло жалобнае набажэнства над магілай айца Яна Матусевіча. Затым у Грэка-Каталіцкім цэнтры ў імя Святога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзе, 6) была адслужана святая літургія, якую разам з дэканам а. Андрэем Абламейкам служыла менскае грэка-каталіцкае духавенства.
* * *
Нарадзіўся 24.07.1948 г. у вёсцы Коменка Менскай вобласьці. Яго сям'я – беларуская, праваслаўная з уніяцкімі каранямі. Пасля заканчэньня сярэдней школы ён вучыўся на рэжысёрскім факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1972 годзе, на параду свайго духоўніка ксяндза Яна Такарскага вырашае паступіць у праваслаўную духоўную семінарыю ў Смаленску. У 1974-1979 гг. працаваў як праваслаўны сьвятар у Смаленску, а потым у мясцовасьці Маркава каля Маладзечна. У 1979 г. далучыўся да Каталіцкай Царквы. На працягу наступных адзінаццаці гадоў быў пробашчам у Барунах (1979-1990). З 1988 году пачынае адпраўляць па-беларуску, Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадаюць прыняць Хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 год, у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе. 12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на сьвяце Сьвятога Язафата ў Барунах. Хоць службу айцец Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэтую падзею першай акцыяй уніятаў Менску.
Ад 1990 г. а. Ян быў пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Пасьвяціў крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў грамадзянаў БССР у трыццатыя гады НКВД. У красавіку 1989 г. узяў удзел у першым зарганізаваным беларускай апазіцыяй маршу “Чарнобыльскі шлях”. Быў сябрам Рады Таварыства Беларускай Мовы ў Менску, ад моманту заснаваньня ТБМ. Сябра Рады і адзін з сузаснавальнікаў Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Протопрэзьбітар Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі.
Памёр пасля цяжкай хваробы 02.09.1998 г. ў Менску.
Крыніца:
Апошнія навіны