Асноўныя падзеі ў Каталіцкім Касцёле, запланаваныя на 2009 г.

Афіцыйны сайт Рыма-Каталіцкага Касцёлу на Беларусі прапанаваў сваім чытачам праграму асноўных падзей і мерапрыемстваў у Каталіцкім Касцёле, запланаваныя на 2009 г.

17-18 студзеня ў Мексіцы адбудзецца IV Сусветная сустрэча сем'яў. Ёй будзе папярэднічаць тэалагічна-душпастырскі кангрэс з удзелам 30 кардыналаў і 200 біскупаў свету. У Мексіку накіруюцца таксама прадстаўнікі з Беларусі.

25 студзеня адбудзецца Агульнаафрыканскі дзень малітвы і посту ў інтэнцыі справядлівасці ў Зімбабвэ. З дадзенай ініцыятывай выступіла Агульнаафрыканская канферэнцыя Цэркваў, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў 130 некаталіцкіх Цэркваў і супольнасцяў з 40 краінаў кантыненту.

На 17–23 сакавіка запланавана першае падарожжа Бэнэдыкта XVI ў Афрыку (Камерун і Анголу). Візіт звязаны з ІІ Спецыяльным пасяджэннем Сіноду Біскупаў Афрыкі, якое адбудзецца ў кастрычніку ў Рыме.

Чарговае падарожжа Бэнэдыкта XVI у Ерузалем, Назарэт і Бэтлеем запланавана на май 2009 г. Аднак напружаная сітуацыя ў дадзеным рэгіёне ставіць пад сумненне верагоднасць візіту Папы ў Святую Зямлю.

24 сакавіка адбудзецца візіт Папы Рымскага ў Монтэ-Касіно (Італія).

21 чэрвеня Пантыфік прыбудзе ў Сан-Джавані-Ратондо (Італія).

29 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае заканчэнне Года святога Апостала Паўла. Напрыканцы ўрачыстасці будзе адкрыты саркафаг з парэшткамі св. Паўла, які да гэтага апошні раз адкрывалі ў IV ст.

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды 100-гадовага юбілею Кангрэгацыі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудуцца 29–30 жніўня ў Марыянполі (Літва). Сёння кангрэгацыя айцоў марыянаў налічвае 600 членаў, якія працуюць у 18 краінах на 6 кантынентах.

8 верасня Пантыфік наведае Вітэрбо (Італія).

На верасень запланаваны візіт Бэнэдыкта XVI у Чэхію. Падарожжа будзе працягвацца прыкладна 2–3 тыдні.

З 4 па 25 кастрычніка ў Ватыкане адбудзецца ІІ Спецыяльнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў для Афрыкі, тэма якога — «Касцёл у Афрыцы на службе паяднання, справядлівасці і супакою». Упершыню Сінод Біскупаў, прысвечаны пытанням Афрыкі, быў скліканы папам Янам Паўлам ІІ у 1994 г.

1 лістапада ў мястэчку Арс каля Ліёна (Францыя) адбудзецца ўрачыстае заканчэнне юбілейнага года, звязанае з 150-годдзем смерці апекуна пробашчаў св. Яна Марыі Віянэя. Сваё благаслаўленне пілігрымам удзеліць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Галоўныя ўрачыстасці адбудуцца 4 жніўня o дзень успаміну св. Яна Марыі Віянэя.

На 3–9 снежня запланавана пасяджэнне Парламенту рэлігій свету, якое адбудзецца ў Мельбурне (Аўстралія).

Візіту на Беларусь Папы Рымскага Бенедыкта XVI не плануецца.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: