Экуменічная малітва: прыйдзі, Дух Святы і з’яднай усіх хрысціянаў
25.01.200924 студзеня 2009 г., напярэдадні завяршэння Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, у мінскім архікатэдральным касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша і экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў асноўных хрысціянскіх канфесій у Беларусі. Святую Эўхарыстыю цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, сакратар Апостальскага Нунцыя ў Беларусі кс. Крыспін Дубель і святары архідыяцэзіі.
На святой літургіі прысутнічалі кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Беларускага педагагічнага універсітэта і тэалагічнага факультэта святых Кірыла і Мятода святар Аляксандр Шымбалёў, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, старшыня Праўлення Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў, прадстаўнік самастойнай евангельска-лютэранскай царквы ў Беларусі Уладзімір Мейерсон."Прыйдзі Дух Святы, з'яднай усіх Хрысціянаў у Хрысце, Пану нашым", - заклікалі ўдзельнікі малітвы.
Напачатку малітоўнай сустрэчы ва ўрачыстай працэсіі быў унесены і змешчаны каля алтара крыж. На дрэве крыжа пасярэдзіне была намалявана лінія, якая сімвалізавала падзел паміж хрысціянамі.
Першым з прамоваю выступіў прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, святар Аляксандр Шымбалёў. Прамоўца прывёў словы прарока Эзехіэля, які заклікаў да паяднання. Як адзначыў святар, чалавек павінен заглянуць у глыбіню сваёй душы, пакаяцца і з любоўю паглядзець на бліжняга. На заканчэнне сваёй прамовы айцец Аляксандр заклікаў імкнуцца да адзінства: "Няхай Бог дапаможа нам стварыць гэта адзінства".
"Вечарам дасканаласці" назваў гэтую экуменічную сустрэчу старшыня Праўлення Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў, які адзначыў, што "хрысціянскае адзінства заключаецца ў дасканаласці і любові Збаўцы нашага Езуса Хрыста".
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек падкрэсліў, што Царква заўсёды малілася за адзінства. "Варта адкрыць каштоўнасць Слова Божага - жывога і дзейснага. Няхай Слова Божае ўмацуе нас на шляху да сапраўднай любові", — сказаў Архімандрыт Сяргей Гаек.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прысвяціў сваю прамову развіццю міжхрысціянскага дыялога. "У вядзенні экуменічнага дыялога мы павінны зыходзіць з таго, што Хрыстус заснаваў адну і адзіную супольнасць - Касцёл (Царкву), Ён маліўся за тое, каб усе былі адно (пар. Ян 17, 21). Імкненне хрысціянаў да адзінства не можа быць абмежаваным, падобна, як не могуць быць абмежаванымі святло і цеплыня сонца. Таму хрысціянскія веравызнанні, адлюстроўваючы Паўлаву самаахвярнасць у справе адзінства і гармоніі паміж хрысціянамі, прызнаюць свой вялікі абавязак у развіцці экуменічнага дыялога, у аснове якога - сам Езус Хрыстус. Калі мы ўсе будзем імкнуцца да Хрыста, то, відавочна, станем бліжэй адзін да аднаго", - падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
На заканчэнне экуменічнай малітвы прадстаўнікі асноўных хрысціянскіх канфесій, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, а таксама ўсе прысутныя прачыталі малітву "Ойча наш…" і Сімвал веры, змешчаны ў Святым Пісанні. Запаленыя свечкі былі пастаўлены каля падножжа крыжа.
Заключным пунктам праграмы экуменічнай сустрэчы стаў музычны канцэрт. У выкананні заслужанага калектыву акадэмічнага хору Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі прагучала кантата «Таямніца веры» — экуменічная містэрыя для хору, салістаў і аргана. Галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік хору — Вольга Янум. Аўтарам музычнага твора з’яўляецца парафіянін мінскай архікатэдры, малады беларускі кампазітар Ігар Янкоўскі.
Крыніца:
Апошнія навіны