Памёр слынны беларускі рэгент Лявон Мурашка
12.03.2009Як паведамляе "Наша Ніва" с пасылкай на delfi.lt , у ноч на 9 сакавіка у 84-гадовым узросце памёр вядомы беларускі рэгент святочнага хору Свята-Духава манастыра ў Вільні Лявон Мурашка.
Лявон Адамавіч Мурашка - слынны беларускі рэгент, кіраўнік вялікага святочнага архіярэйскага хору Свята-Духава манастыра ў Вільнюсе.
Нарадзіўся 27 жніўня 1924 г. у вёсцы Сіняўка (Случчына, сёння - Клецкі раён Менскай вобласці) у сям'і рэгента царкоўнага хору. У маленстве разам з сям’ёй пераехаў у Вільню. Пачаў спяваць у бацькавым хоры.
Пазней стаў вучыцца ў спевака «Ля Скалы» Сяргея Усціновіча, што паходзіў з Ашмянаў, затым - у вядомага літоўскага тэнара Кіпраса Пятраўскаса. А яшчэ ў гімназіі яму даваў урокі Канстанцін Галкоўскі.
З 1944 па 1946 гг. — саліст Дзяржаўнага ансамбля песні і танцаў БССР пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, з 1946 г. — саліст Літоўскай філармоніі (бас).
З 1950 г., скончыўшы Літоўскую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці оперны спявак, педагог, па 1988 г. з'яўляецца салістам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Літоўскай ССР.
Належаў да беларускага грамадскага руху ў Літве, кіраваў Згуртаваннем беларускіх грамадскіх суполак Літвы — парасонавай арганізацыяй, у якую ўваходзяць беларускія суполкі. Актыўна супрацоўнічаў з беларускай амбасадай.
Браў удзел у з’ездах беларусаў свету (за выняткам апошняга), быў сябрам Вялікай Рады ЗБС «Бацькаўшчына».
У 2004 г. Савет міністраў Беларусі ўзнагародзіў Лявона Мурашку Ганаровай граматай «за значны ўклад у справу захавання беларускай гiсторыка-культурнай спадчыны ў Лiтве i развiцця добрасуседскiх беларуска-лiтоўскiх адносiн».
З 1989 па 2009 г. - кіраўнік вялікага архіярэйскага хору ў Свята-Духавым манастыры г. Вільнюса, праваслаўны дзяяч.
10-га сакавіка у Свята-Духавым саборы адбылося адпяванне, пасля чаго цела Лявона Мурашкі было пахавана на Еўфрасіннеўскіх могілках Вільні.
Крыніца:
Апошнія навіны