Урачыстасці ў Браславе з нагоды каранацыі іконы Божай Маці

21-22 жніўня ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) праходзяць урачыстасці перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў, звязаныя з ускладаннем на ікону папскіх каронаў - з гэтай місіяй у Беларусь прыехаў кардынал Ёахім Майснер, архіепіскап Кёльну.
19 жніўня ў Браславе адкрылася IV Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі, якая на гэты раз праходзіць пад дэвізам «Дзякую Богу радасцю вялікай», у межах гэтай сустрэчы 21 жніўня адбыўся Крыжовы шлях на Замкавай гары з драўляным крыжам, які маладыя людзі зрабілі на пачатку першай стацыі.
А 18-й гадзіне адбылася Святая Імша, якая распачала афіцыйныя ўрачыстасці ў нагоды каранацыі. Да Імшы з Браслаў прыбылі дзве пешыя пілігрымкі - з Паставаў (20 км) і Мёраў (40 км). Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў кардынал Яніс Пуяц з Латвіі, біскупы ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі маладым людзям з Браслава і навакольных парафій. Сакрамэнт духоўнай сталасці атрымалі больш за 100 вернікаў. У сваёй гаміліі кардынал Пуяц звярнуў увагу на праблемы сучаснага свету і заклікаў каталіцкую моладзь: «Ад нас усіх, асабліва ад моладзі, Бог чакае адвагі ў абароне веры, праўды і хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб у паўсядзённым жыцці заставацца сведкамі веры. Гэтага чакае ад вас Бог і Яго Маці. Будзьце моцнымі ў веры!».
Увечары 21 жніўня пачалася ноч праслаўлення Бога ў спевах і танцах пад дэвізам «Сустрэча культур каля Маці Божай», у якой узяла ўдзел вялікая колькасць маладых людзей.
Раніцай 22 жніўня у браслаўскм санктуарыі пачалася ранішняя імша з удзелам святароў, якія паходзяць з Браслаўшчыны. Імшу ўзначаліў біскуп Кірыл Клімовіч, ардынарый дыяцэзіі св. Юзафа ва Усходняй Сібіры з цэнтрам у Іркуцку, які сам родам з гэтых мясцінаў. Біскуп Кірыл заклікаў святароў быць вернымі свайму пакліканню, і «брамы пякельныя ніколі не перамогуць тое, што Божае, тое, што святое».
Пасля ранняй імшы архімандрытам Сяргеем Гаекам, апостальскім візітатарам для грэка-каталікоў Беларусі, у саслужэнні іерархаў з Украіны, пры ўдзеле міжпарафіяльнага грэка-каталіцкага хору «Прасфара» з Мінска перад іконай быў адслужаны Акафіст. Першапачаткова менавіта ў грэка-каталіцкім манастыры знаходзіўся абраз Божай Маці "Валадарка Азёраў", аднак пасля ўдару маланкі кляштар згарэў у 1832 г., а абраз, які ацалеў цудоўным чынам, быў змешчаны ў браслаўскі касцёл.
22 жніўня ў 11.00 на сцэне пад адкрытым небам, выкананай у выглядзе карабля, распачалася цэнтральная святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі.
Перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў.
Пасля ўдзялення благаслаўлення і завяршэння літургіі, абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены ў браслаўскую святыню і змешчаны ў галоўным алтары.
Што такое каранаванне іконаў і якое яно мае значэння, запрашаем прачытаць у зацемцы дыякана Пятра Рудкоўскага ОР "Сэнс каранавання марыйных іконаў".
Паводле інфармацыі catholic.by
Крыніца:
Апошнія навіны
