"Чароўны трусік малюе крэйдай плюсік"

10 верасня адбудзецца фінал дзіцячага конкурса "Еўравізія", у якім удзельнічае прыхажанін пяцідзесятніцкай царквы "Благадаць", навучэнец гімназіі пры Беларускай Акадэміі Музыкі  Юры Дземідовіч з песняй уласнага сачынення "Чароўны трусік". За некалькі дзён пасля адборачнага туру псіхадэлічная песня, у рэфрэне якой гучала псеўда-лацінскае спалучэнне словаў "Эціс, аціс, анімаціс" абляцела ўвесь інтэрнэт, прычым пратэстанцкая частка публікі, дасылаючы лінк, суправажджала яго каментаром "гэта ж сатанізм!". Такую выснову рабілі і многія ў інтэрнэце, аргументуючы сваё ўражанне ці то незвычайнай манерай выканання песні, нейкімі асацыяцыямі, якія ўзнікалі пры праслухоўванні тэксту, неадпаведнасці простага тэксту пра маленькую жывёлку і псіхадэлічнай музыкай, лацінская мова ж рабіла ўражанне нейкай містэрыі, якая адбываецца на сцэне. Наогул, лацінская мова асацыюецца ў паспалітага люду не з юрыдычнымі ці медыцынскімі тэрмінамі, назвамі раслін, і нават не з лацінскай імшой, а з акультызмам і сярэднявечнымі замовамі, не апошнюю ролю тут адыграў кінематограф.

Юра Дземідовіч пацярпеў яшчэ і ад таго, што сярод сваіх улюбёных кнігаў назваў Біблію і "Майстар і Маргарыта", што ўзмацняла рэлігійны кантэкст "Чароўнага трусіка". У сваім інтэрвію расейскаму тэлебачанню, хлопчык прызнаўся, што паходзіць з сям'і вернікаў, і наведвае царкву хрысціян веры евангельскай "Благадаць", навучаны горкім досведам, відаць, падкрэсліўшы "зарэгістраваную". Той жа паспаліты люд, што лацінскую мову звязвае з акультызмам, часта і практыку гласалаліі, якая з'яўляецца характарыстыкаў евангельскіх хрысціян, схільны таксама звязваць з апантанасцю альбо псіхічным нездароўем. Тут і наогул, хлопчыку давялося нясладка - у чым толькі яго не падазравалі і чаго толькі не рабілі з ягонай песняй. Інтэрпрэтавалі, шукалі таемныя сэнсы, праганялі задам-наперад (атрымалася, як і ў папулярных праваслаўных фундаменталісцкіх брашурках, дзе сцвярджаецца, што пры пракрутцы кружэлкі "Бітлз" наадварот, можна пачуць сатанінскія спевы, чым падцвярджалася антыхрысціянскасць гурта "Бітлз" і рок-музыкі наогул). Большая частка падобных дзеянняў была самымі звычайнымі інтэрнэт-прыколамі ў стылі фота-жаба, аднак інтэрнэт-аўдыторыя, падкая на сенсацыі, успрыняла гэтыя прыколы ўсур'ёз.

17-гадовы блогер Мікалай Гарбачоў вырашыў даведацца афіцыйную рэакцыю дзяржаўных установаў, а таксама праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Невядома, ці была гэта інтэрнэт-правакацыя, ці хлопцу проста не спадабалася песня, альбо ён сапраўды быў заклапочаны яе рэлігійнымі канатацыямі, тым не менш, ім і ягонымі аднадумцамі былі разасланыя заявы ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь (хоць такой установы ўжо даўно не існуе), Беларускую Праваслаўную Царкву, Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі і Белтэлерадыёкампанію, дзе былі выкладзеныя сумневы наконт зместу песні і ўтрымлівалася просьба праверыць тэкст песні на адпаведнасць чуткам, якія вакол песні выраслі. Трэба адзначыць, што ў Апарат Ўпанаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей заява дайшла толькі праз Міністэрства культуры, прычым праведзеная эспертыза высветліла, что тэкст песні не з'яўляецца рэлігійным. Экспертызу праводзіла Е.К. Агеенкава, тая самая, што на круглым стале "Секты ў пратэстантызме", што ладзіўся ў прыходзе храма ў гонар іконы Божай Маці "Ўсіх тужлівых Радасць" 29 чэрвеня 2009 г., апісвала пяцідзесятніцкія практыкі як "псіхалагічныя эпідэміі гістэрычнага характару". 

Атрыманы быў адказ і ад Беларускай Праваслаўнай Царквы, ад імя якой выступіў сакратар Мінскага Епархіяльнага Ўпраўлення прот. Мікалай Коржыч. Прыводзім тэкст ягонага адказу:

"З блаславення Высокапраасвяшчэннага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі па сутнасці Вашага пытання паведамляем Вам наступнае.

У песні Юры Дземідовіча "Чароўны трусік" адсутнічае які-кольвек таемны ці акультны сэнс, гэтак і намёкі на акультныя рытуальныя дзеянні. Пераклад фразы на лацінскай мове з песні, а таксама магчымае гучанне песні пры ейным прайграванні ў зваротным парадку не граюць у дадзеным кантэксце ніякай ролі. Сэнс любых сектанцкіх і акультных пасланняў, трансляваных публічна, заключаецца ў тым, каб яны былі пачутыя і, галоўнае зразуметыя ў якасці такіх шырокай грамадскасцю. Працэс "пазнавання" сектанцкага зместу ў якасці такога мае прынцыпова важнае значэнне. У тым выпадку, калі у самім змесце песні ейнымі слухачамі не распазнаецца нейкі рэлігійны і акультны сэнс, ні пра які "схаваны" ці "таемны" ўплыў песні казаць нельга.

У песні Юры Дземідовіча які-кольвек акультны ці сектанці сэнс фактычна адсутнічае і не распазнаецца ейнымі слухачамі. Музычныя перавагі і недахопы дадзенай песні мусіць ацэньваць упаўнаважаная на гэта камісія".

Шматлікія журналісты, якія на падставе дадзенага адказу пачалі крэмзаць сенсацыяныя загалоўкі "БПЦ блаславіла "Чароўнага трусіка"" і падобныя, вядома, перагнулі палку. Безумоўна, ні пра якое блаславенне гаворкі ісці не магло. Але з адказу прот. Мікалая Коржыча вынікаюць іншыя цікавыя высновы. Па-першае, Мікалай Гарбачоў і кампанія прымусілі кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы праслухаць песню Юры Дземідовіча. Па-другое, аказваецца, ад Мінскага Епархіяльнага Ўпраўлення можна дабіцца адказу па любым пытанні, пэўна, трэба толькі ў шэраг адрасатаў запісаць дзяржаўныя органы. Па-трэцяе, адказ тычыцца не толькі песні "Чароўны трусік", але наогул спосабу ацэнкі той ці іншай інфармацыі як "сектанцкай" ці "акультнай".

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: