Камісія БПЦ па кананізацыя прыняла рашэнне аб стварэнні епархіяльных мартыралогаў
14.11.2009Як паведамляе афіцыйны сайт БПЦ, 12 лістапада на пасяджэнні Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы, было прынятае рашэнне выдаваць па епархіях мартыралогі - кнігі памяці, у якіх пазначаюцца імёны і звесткі пакутнікаў за веру, ахвяраў пераследу і ганенняў. Мартыралог, "сведкаслоў" - гэта адмысловы дакумент, назва якога паходзіць ад грэч. слова μάρτυρος, сведка, слова, якім і пазначалі пакутнікаў - сведкаў за веру, тых, хто сваёй крывёй завседчваў сваю веру.
У часе сходу старшыня Камісіі Архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гуры азнаёміў прысутных з працай камісіі за перыяд з часу апошняга пасяджэння ў кастрычніку 2007 г.,з вынікамі працы па зборы звестак і падрыхтоўцы матэрыялаў для кананізацыі новых святых выступілі і прадстаўнікі ад кожнай епархіі БПЦ. На пасяджэнні гаворка ішла таксама пра крытэры, паводле якіх той ці іншы чалавек можа быць праслаўлены ў чыне святых, напрыклад, датычна кананізацыі новых пакутнікаў - якія пацярпелі ў часы ганенняў пасля бальшавіцкай рэвалюцыі - было адзначана, што ў справе праслаўлення важныя "не толькі факты гвалтоўнай смерці, але і лад унутранага свету чалавека".
На дадзены момант у чыне новых пакутнікаў Беларускай Праваслаўнай Царквой праслаўленыя тыя святыя, што прынялі смерць за Хрыста ў часы бязбожных ганенняў, якія былі ў святарскім сане. Спачатку Сабор новых пакутнікаў складалі 23 пакутнікі святары Мінскай епархіі, звесткі пра якіх сабраў святар Фёдар Поўны, але паступова Сабор новых пакутнікаў пашырыўся і за кошт іншых епархіяў, і спіс імёнаў пастаянна папаўняецца. Безумоўна, мартыралогі вельмі дапамогуць сістэматызаваць гэтую працу. Памяць новых пакутнікаў прызначаная Сінода БПЦ на 28 кастрычніка, у Мінску дзейнічае храм у гонар беларускіх новых пакутнікаў - крыптавы храм Пакроўскага сабору, што ў Крупцах.
Вялікую архіўную працу па зборы звестах аб святарах і царкоўна-служыцелях, што перацярпелі рэпрэсіі ў савецкі час (1917-1967 гг.), правёў беларускі пісьменнік Леанід Маракоў.
Крыніца:
Апошнія навіны