Адна з перыферыйных вуліц Мінска можа быць названая ў гонар Асветніцы Беларусі св. Еўфрасіні Полацкай
16.11.2009Большасць праваслаўных храмаў Беларусі знаходзіцца на вуліцах з савцекімі назвамі. Хто не верыць - можна паглядзець у даведнік "Храмы і прыходы Беларусі". У сталіцы перайменаванне ідзе досыць цяжка - так з ініцыятывы настаяцеля С. Завальнюка і прыхажан Чырвонага Касцёла, частка вуліцы Берсана, што прылягае да касцёла свсв. Сымона і Алена, мелася быць перайменаваная ў гонар фундатара святыні - Эдварда Вайніловіча, але справа далёка не зайшла і перайменаванне зацверджанае не было. Так і стаіць Чырвоны касцёл леваруч ад помніка Леніну на плошчы, якая некалі насіла ягонае імя, пра што згадва адно толькі назва метро, знянацку вернутая ў савецкім варыянце - плошча Леніна замест плошчы Незалежнасці.
Затое беларусія дзеячы паступова з цэнтральных вуліц пераяжджаюць на перыферыю гораду, так адбылося з Францыскам Скарынам, беларускім першадрукаром і асветнікам, праспект, які насіў ягонае імя быў перайменаваны ў праспект Незалежнасці, а праспект Скарыны памяняў дыслакацыю на менш прэстыжную. І вось цяпер ягоная зямлячка, святая Еўфрасіня Полацкая, здаецца, бярэ рэванш. Як паведамляе агенцтва Минск-Новости, адна з вуліц нашай сталіцы можа атрымаць ейнае імя - вуліца, на дадзены момант безымянная, якая прылягае да прыходу ў гонар іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць", дзеючая царква якога носіць імя Прападобнай. Пра гэта ў адпаведны орган - Камісію па перайменаваннях - звярнулася адміністрацыя Фрунзенскага раёну г. Мінску. Прэцэдэнты такіх перайменаванняў - удалыя і няўдалыя - ужо ёсць. З няўдалых - гэта вул. Вайніловіча, якую так і не атрымалася запачаткаваць. З удалых - назва вуліцы, што прылягае да храму ў гонар Усіх святых, які будуе сябра Прэзідэнта Лукашэнкі прот. Фёдар Поўны, безымянная вуліца, што прылягае да храму, была названая Ўсіхсвяцкай, і да адрасу па гэтай вуліцы быў прыпісаны храм, які да таго лічыўся будынкам па вул. Каліноўскага. Вакол імя Каліноўскага апошнія некалькі гадоў інтэнсіфікаваліся спрэчкі ў асяродку праваслаўных, якія сцвярджаюць неабходнасць дэгераізацыі аднога з кіраўнікоў антырасейскага паўстання 1963 г. Гэтак і ў выпадку з вул. Усіхсвяцкай Беларуская Праваслаўная Царква выступіла з ініцыятывай "унармавання тапанімічнага ландшафту" побач з стратэгічным храмам БПЦ, будаваць дзяржава ў асобе самога Прэзідэнта. Кіраўніцтва прыходу не захацела, каб храм стаяў на вуліцы, названай у гонар чалавека, якога яны лічаць "ворагам праваслаўя". У той самы час у дачыненні да перайменаванняў вуліц Савецкіх, Леніна, Камуністычных, Камсамольскіх і г.д., на якіх размяшчаецца вялікая колькасць праваслаўных храмаў па ўсёй Беларусі, такой руплівасці з боку БПЦ не назіраецца.
Апроч таго, вул. Еўфрасіні Полацкай, калі назва ўсё ж быдзе дадзеная, укладаецца ў тую тэндэнцыю, якая назіраецца з найменнямі ў г. Мінску апошнія гады - вуліцы ў гонар беларускіх дзеячоў размяшчаюцца на перыферыі альбо з'яўляюцца невялікімі завулкамі з некалькімі будынкамі ці без іх - у мікрараёнах Сухарава, Лошыца, Дружба і г.д. Еўфрасіня Полацкая, чыю памяць у Полацку шануюць відавочна больш, чым у Менску, - адна з вялікіх культурных і рэлігійных дзяячак старажытнасці, князёўна і манахіня, якую беларусы называюць сваёй Маці, яна заслугоўвае, каб ейнае імя насілі калі не праспекты, то хаця б цэнтральныя альбо важныя вуліцы. Тым не менш, застаецца парадавацца, што хоць у такім маштабе паціху ідзе працэс надання вуліцам сталіцы імёнаў годных дзяцей Беларусі.
Крыніца:
Апошнія навіны