Прэзідэнт Беларусі скіраваў словы падзякі і віншавання з Вялікаднем у адрас мінскай каталіцкай парафіі Святога Яна Хрысціцеля
02.04.2010Як паведамляе партал Catholic.by, "на пачатку 2009 года пробашч парафіі Cвятога Яна Хрысціцеля ў Мінску звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць удзельнікаў будаўніцтва «Комплекс касцёла святога Яна Хрысціцеля ў г. Мінску» ад падаткаў у фонд дзяржавы на будаўніча-мантажныя работы. У адказ на вышэйадзначаны зварот было прынята распаражэнне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ад 30 ліпеня 2009 г. за № 199рп «Аб вызваленні ўдзельнікаў будаўніцтва комплекса касцёла святога Яна Хрысціцеля па вул. Пляханава ў г. Мінску ад налічэння і ўплаты абавязковых плацяжоў у бюджэт». Згодна з распараджэннем парафія атрымала магчымасць за перыяд ад жніўня па снежань 2009 года зберагчы грашовыя сродкі ў суме 29 мільёнаў беларускіх рублей і выкарыстаць іх па мэтавым назначэнні на аплату будаўніча-мантажных работ.
Ад імя парафіі пробашч кс. Ігар Лашук накіраваў у адрас Прэзідэнта Беларусі ліст, у якім выказаў удзячнасць за ўвагу і разуменне патрэбаў вернікаў і высокую ацэнку культурных і маральных каштоўнасцяў, якія несла і нясе хрысціянская вера для беларускага грамадства. Таксама кс. Ігар Лашук запрасіў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку наведаць парафію, дзе будуецца першы за апошняе стагоддзе новы каталіцкі храм у беларускай сталіцы, і запэўніў кіраўніка краіны ў сваёй штодзённай малітве за яго.
У адказ на падзячнае пісьмо кс. Ігара Лашука ў адрас парафіі паступіў ліст з Адміністрацыі Прэзідэнта РБ. «Дзяржава высока ацэньвае Вашу працу па духоўна-маральным выхаванні грамадства, — адзначаецца ў пісьме. —Створаны пры парафіі моладзевы цэнтр з’яўляецца годным прыкладам клопату аб падрастаючым пакаленні. Несумненна, што пасля завяршэння будаўніцтва будынку касцёла гэты комплекс стане ўпрыгожаннем горада». Акрамя гэтага, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Наталля Пяткевіч ад імя Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі павіншавала парафію і кс. Ігара Лашука з надыходзячымі велікоднымі святамі.
Пробашч парафіі кс. Ігар Лашук, святары салезіяне, якія нясуць служэнне ў мікрараёне Серабранка, а таксама вернікі дзякуюць Богу за ласку будаўніцтва новага касцёла і маюць надзею з Божай дапамогай і фінансавай падтрымкай людзей добрай волі завяршыць будаўніцтва комплекса храма — месца, адкуль заўсёды будзе ўзносіцца хвала Пану і малітва за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў".
Крыніца:
Апошнія навіны