Сёння спаўняецца 430 гадоў са дня нараджэння архімандрыта Лявонція Карповіча, вядомага дзеяча беларускага праваслаўя
08.04.2010Будучы архімандрыт Лявонт (Лявонцій) - у свеце Лонгін Фёдаравіч Карповіч - нарадзіўся ў Пінску каля 1580 года і паходзіў са шляхецкага роду. Ягоны бацька быў святаром. Навучаўся будучы вызнаўца веры Хрыстовай, паводле меркавання даследнікаў, у Астрозе альбо ў Вільні.
Энэргічны дзяяч абароны Праваслаўя ад уніяцтва, ён спачатку ўзначальваў тыпаграфію Віленскага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніга Максіма (у манастве Мялета) Сматрыцкага "Фрынас, што значыць Плач адзінай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з вытлумачэннем догматаў веры", за што два гады Лонгін Карповіч правёў у кайданах.
Затым Лонгін Карповіч прымае манаскі пострыг з імем Лявонт (Лявонцій) і, дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту, хутка становіцца на чале Віленскага Свята-Духава манастыра ў сане архімандрыта, усталёўваючы ў манастыры супольніцкі статут паводле чыну свц. Васіля Вялікага. З'яўляючыся таксама рэктарам брацкай школы, ён выхоўвае моладзь у духу вернасці Праваслаўю.
У брацкай тыпаграфіі, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца новыя кнігі: "Евангелле навучальнае", Малітаўнік, Службоўнік, Трэбнік, "Ветраград душэўны" святагорца Фікарды. У апошнім выданні ёсць таксама прадмова архімандрыта Лявонція (Карповіча).
Усім праваслаўным віленчукам архімандрыт Лявонт быў вядомы как боганатхнёны прапаведнік. Праваслаўныя лічылі архімандрыта Лявонція падобным па красамоўстве да Златавуста. Віленскі прапаведнік не толькі сам "выкрываў і граміў" словам казання, але і іншых заклікаў ахоўваць Праваслаўе.
У 1620 годзе Вялікае княства Літоўскае наведвае Ерусалімскі патрыярх Феафан, які меўся рукаўскласці для Правослаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох епіскапаў. У ліку выбраных на епіскапскае служэнне быў і архімандрыт Лявонт (Карповіч), які быў названы епіскапам Берасцейскім і Ўладзімірскім.
Аднак цяжка хвароба не дазваляе Віленскаму архімандрыту накіравацца ў Кіеў для хіратоніі. Прадчуваючы блізкі скон, архімандрыт Лявонт па наляганні брацтва дасылае да патрыярха інака Мялеція Сматрыцкага. Прабыўшы некалькі месяцаў у Кіеве, Сматрыцкі вяртаецца ў Вільню ў сане архіепіскапа і ўжо не застае ў жывых свайго настаўніка: 24 верасня 1620 г. ён сканаў, а цела ягонае застаецца непахаваным ужо шэсць тыдняў.
Архіепіскап Мялет здейсніў адпяванне прападобнага Лявонція 2 лістапада 1620 г. У сваім пахавальным слове ён адзначыў нятленне ягоных пачэсных мошчаў: "Сведчаннем цяпплівасці гэтага святога вызнаўцы і пакутніка служаць самі раны, нацёртыя кайданамі на гэтым пачэсным целе, якое, хаця ўжо шэсць тыдняў захоўваецца мёртвым, але, ласкай жывучага ў ім Найсвятога і Жыватворчага Духу, застаецца непашкоджаным і не маючым паху".
Шанаванне прападобнага Лявонція як святога угодніка мела месца не толькі ў Вільні, але і па-за ейнымі межамі. Пра гэта маецца сведчанне і святога прападобнапакутніка Афанасія, ігуемна Берасцейскага, які ў сваім "Дыярушы" таксама называе архімандрыта Лявонція святым.
Пазней, аднак, склаліся неспрыяльныя акалічнасці для шанавання архімандрыта Лявонція. Калі нават мошчы святых пакутнікаў Антона, Яна і Яўстафія давялося схаваць ад уніятаў у пячэры, дзе яны знаходзіліся больш за сто пяцьдзесят гол, то не дзіўна, што імя архімадрыта Лявонція (Карповіча) было забытае.
Зараз згодна з рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы рыхтуецца кананізацыя архімандрыта Лявонція Карповіча ў чыне пападобных.
Крыніца:
Апошнія навіны