Праходзіць 4-ты візіт Усяленскага Патрыярха Варфаламея ў Польшчу

Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей І з 16-га жніўня знаходзіцца з візітам у Польшчу, дзе цэнтральнай падзеяй яго праграмы з'яўляецца ўдзел у традыцыйных святкаваннях Пераяўлення на Св. Гары Грабарцы, якімі сёлета адзначаецца 300-годдзе надзвычайнага цуду ў гэтым святым месцы. Патрыярх разам з Прадстаяцелем Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мітрапалітам Варшаўскім Савам узначаліў усяночнае чуванне напярэдадні свята Пераяўлення Гасподняга, а 19 жніўня абодва іерархі у саслужэнні вялікай колькасці епіскапаў, святароў, міранаў - паломнікаў з усёй Польшчы і з-за мяжы - адсвяткуюць Боскую літургію.

У 1710 г. на гары Грабарцы навакольны люд знайшоў выратаванне ад пануючай эпідэміі халеры, пасля таго, як адному з жыхароў Семятыч ў сне была прыява, што ўсе, хто з верай і малітвай збяруцца на гары ў Мельніцкай пушчы ва ўрочышчы Суменшчына, будуць ацалёныя ад хваробы. У якасці падзякі вернікі прыносілі на той узгорак крыжы, а хутка пасля гэтага тут была збудаваная драўляная царква. Святая гара атрымала свой назоў Грабарка ад вёскі, што знаходзілася побач. Лічыцца, што Мельніцкая пушча заўжды была слаўным месцам пакланення - у ейных лясах, у часы пераследаў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, хаваліся праваслаўныя манахі-пустэльнікі; а таксама ў ёй была схаваная цудатворная ікона Збаўцы, вывезеная з Мельніка перад татарскім набегам.

Цяпер св. гара Грабарка з'яўляецца адным з самых істотных культавых праваслаўных месцаў у Польшчы. Два разы на год сюды адбываюцца шматлюдныя паломніцтвы з усёй Польшчы і з-за мяжы; паломнікі прыносяць сюды крыжы, дзякуючы чаму вялікая плошча ўзгоркаў пакрытая тысячымі і тысячамі крыжоў рознай формы, памеру, вырабленых з розных матэрыялаў. На грабарцы дзейнічае праваслаўны жаночы манастыр св. Марфы і Марыі, заснаваны ў 1947 г.

Акрамя ўдзелу ў святкаваннях на святой гары высокі госць - Патрыярх Варфаламей - асвяціў 18 жніўня Свята-Ўваскрасенскую царкву ў Семятычах, а 19 жніўня ён мае асвяціць паломніцкі дом на Грабарцы. У Люблінскім каталіцкім універсітэце адбудзецца ўручэнне ступені honoris causa.

Польская Праваслаўная Царква абвесціла сваю аўтакефалію ў 1922 г., калі пасля распаду Расійскай імперыі была створаная незалежная Польская дзяржава, у склад якой у выніку савецка-польскай вайны ўвайшла і Заходняя Беларусь. Аўтакефалія ПАПЦ была прызнаная Канстанцінопальскім Патрыярхатам у 1924 г., Маскоўскім - у 1948 г. На дадзены момант у ПАПЦ налічваецца 6 епархіяў у Польшчы, а таксама ў склад Царквы ўваходзіць і шэраг прыходаў і манастыроў у Бразіліі, адміністратыўна аб'яднаных у спецыяльную царкоўную вобласць.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: