3 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка быў прыняты Ўсяленскім Патрыярхам Варфаламеем

У нядзелю 3 кастрычніка, падчас свайго візіту ў Турцыю, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка сустрэўся з Прадстаяцелем Усяленскага Патрыярхату Ўсесвяцейшым Патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Стамбульскім раёне Фанар.

Паводле інфармацыі афіцыйнага сайту Прэзідэнта, сустрэча праходзіла ў цёплай і даверлівай атмасферы, Патрыярх прыязна вітаў А.Лукашэнку, які падрабязна інфармаваў Патрыярха пра тое, як у Беларусі складаюцца стасункі паміж уладай і Праваслаўнай Царквой, а таксама распавёў пра міжканфесійную сітуацыю ў краіне, унікальнасці і харастве беларускай прыроды. Больш за тое, Прэзідэнт Лукашэнка адзначыў, што заўжды вітае Канстанцінопальскага Патрыярха Варфаламея на беларускай зямлі.

Як адзначае афіцыйны сайт Прэзідэнта, Канстанцінопальскі Патрыярхат па значнасці і шаноўнасці знаходзіцца на першым месцы сярод усіх памесных цэркваў, якія існуюць у свеце, а Патрыярх Варфаламей - адзін з найбольш паважаных і аўтарытэтных іерархаў Праваслаўнай Царквы.

З аднога боку, такая характарыстыка, якая наўрад ці прыйшлася б даспадобы Маскоўскаму Патрыярхату, цалкам укладаецца ў сучасныя напружаныя адносіны беларускага рэжыму з Расеяй. З іншага боку, у афіцыйнай інфармацыі прысутнічае агаворка, што Патрыярх Маскоўскі Кірыл блаславіў сустрэчу Прэзідэнта Лукашэнкі з Усяленскім Патрыярхам. Калі такое блаславенне было, то яно адрасавалася ў першую чаргу А.Лукашэнку, аднак, як мы памятаем, у выпадку з візітам Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан, Маскоўскі Патрыярхат дэзавуяваў інфармацыю аб тым, што А.Лукашэнка быў упаўнаважаны Патрыярхам Маскоўскім на вядзенне перамоваў з Папам Рымскім Бенедыктам XVI, як ён сцвярджаў. Цалкам імаверна, што і ў дадзеным выпадку сітуацыя можа быць падобнай.

Як вынікае з афіцыйнага паведамлення, ініцыятыва сустрэчы належала Прэзідэнту Лукашэнку.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: