Палітвязню Сяргею Каваленку адмовілі ў спатканні са святаром

Як паведамляе Радыё Свабода, да палітвязня Сяргея Каваленкі, актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, асуджанага на два гады і адзін месяц зняволення паводле абвінавачання ў парушэнні рэжыму адбыцця «хатняй хіміі» за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску, не пускаюць святара. У зняволенні, у СІЗА на «Валадарцы», Каваленка распачаў галадоўку больш за месяц таму, і яму была неабходная духоўная падтрымка.

Маці палітвязня, Лідзія Каваленка, 6 сакавіка наведала начальніка турмы і дамовілася, што да сына дапусцяць святара. Паплечнік Каваленкі, намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, дамовіўся з пастырам Эрнэстам Сабілам, каб той на наступны дзень прыехаў у Мінск дзеля сустрэчы з вязнем. Сам Сабіла - вязень сталінскага ГУЛАГу - меркаваў угаварыць палітвязня спыніць галадоўку.

Жонка Сяргея Каваленкі Алена і маці Лідзія аднеслі ў адміністрацыю турмы заяву пра сустрэчу Сабілы і Каваленкі. Нягледзячы на папярэднія дамоўленасці, у адміністрацыі ім адказалі, што не могуць дапусціць пастара-рэфармата да вязня, бо на гэта патрэбны дазвол Віцебскага суду.

Нягледзячы на тое, што рэжым утрымання, таксама як і права на свабоду рэлігіі, прадугледжваюць неабходнасць рэалізацыі права на сустрэчу са святаром у месцах зняволення, адпаведныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь абмяжоўваюць яго, асабліва, калі гэта тычыцца зняволеных па палітычных матывах. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ больш у тых выпадках, калі святары, што маюць наведаць вязня, належаць не да Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Рубрыка: