Беларуская Праваслаўная Царква рыхтуецца да візіту Патрыярха Кірыла
27.05.2015У аўторак, 26 траўня, некаторыя рабочыя пытанні маючага адбыцца візіту, прымеркаванага да 1000-годдзя спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, былі абмеркаваны на чарговым пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і арганізацыі гэтага мерапрыемства. Пра гэта паведамляе афіцыйны партал БПЦ.
У пасяджэнні пад старшынствам Патрыяршага Экзарха мітрапаліта Паўла ўдзельнічалі кіраўнікі структур Экзархіі, а таксама начальнік аддзела па справах рэлігій Апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Алена Радчанка.
Дакладная праграма візіту яшчэ не абвешчана, але пра некаторыя галоўныя пункты яго ужо можна сказаць. Так, плануецца прынясенне часціцы мошчаў князя Уладзіміра ў Мінск і Брэст, адкрыццё пабудаванага за кошт дзяржавы Духоўна-адміністрацыйнага і адукацыйнага цэнтра БПЦ, у якім размесцяцца структуры Экзархіі і Мінская Духоўная Акадэмія, а таксама наведванне Патрыярхам Брэсцкай крэпасці, з чаго можна выказаць здагадку, што адной з важных тэмаў візіту будзе 70-годдзе перамогі над Германіяй.
Візіт плануецца на 20-22 чэрвеня, гэта значыць завершыцца ён у дзень святкавання Сабора Беларускіх святых. Летась адзначалася 30-годдзе ўстанаўлення гэтага свята.
Візіт Патрыярха адбудзецца ў даволі складаны час для БПЦ, калі ў нялепшым стане як адносіны з дзяржаўным кіраўніцтвам, так і на ўзроўні царкоўнай іерархіі. Арганізацыя візіту запатрабуе нямала сродкаў.Напрыклад, толькі ў гомельскай епархіі, адной з 15 епархій БПЦ, па некаторых звестках, пастаўленая мэта сабраць 160 мільенаў беларускіх рублеў (каля 10 тысяч еўра), у той час як яе нават не плануецца наведваць.
Апошнія навіны