Рэлігійныя лідэры краіны павіншавалі Святлану Алексіевіч з Нобелеўскай прэміяй

З прысуджэннем Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч павіншавалі мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ад Каталіцкай царквы пісьменніцу павіншаваў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч даслаў віншаванне з Рыму, дзе знаходзіўся на Сінодзе біскупаў. У ім ёсць такія словы:

"Вашы прасякнутыя пачуццямi цярпення i гуманiзму лiтаратурныя творы атрымалi найвышэйшую ацэнку. Гэта прызнанне Вашай лiтаратурнай дзейнасцi на сусветным узроўнi, а таксама вялiкi гонар для нашай багатай на таленты Бацькаўшчыны Беларусi.

Упэўнены, што такая высокая мiжнародная ўзнагарода стане для Вас новым натхненнем у далейшай творчай дзейнасцi, дапаможа ў выхаваннi новых пакаленняў лiтаратараў-гуманiстаў i заахвоцiць нашых суайчыннiкаў iмкнуцца да новых вышыняў у галiнах навукi, тэхналогii, культуры, мастацтва, лiтаратуры i iншых сферах дзейнасцi чалавека. Ад усяго сэрца вiншую Вас, як першага беларускага лаўрэата Нобеля, i жадаю Божага благаслаўлення".

У віншаванні мітрапаліта Паўла гаворыцца:

"У Вашых кнігах гучыць саборны голас простых людзей, лёсы якіх былі абпалены вялікімі трагедыямі ХХ стагоддзя. Ваша творчасць запрашае ўсіх нас задумацца над біблейскім пытаннем: "Што ёсць чалавек?" (Пс 8:5).

Шчыра рады таму, што Вашы заслугі, відавочныя для многіх думаючых чытачоў з Беларусі і замежжа, былі адзначаны прэстыжнай міжнароднай узнагародай.

Жадаю Вам дапамогі Божай у нясенні высакароднай пісьменніцкай місіі. Многая і добрая Вам лета!"

Мітрапаліт Філарэт звярнуўся да пісьменніцы з такімі словамі:

"Для многіх чытачоў з розных краін Ваша абачлівае сумленне з'яўляецца маральным арыенцірам. Спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі (Ян 8: 32). - кажа Хрыстос. Прыемна сведчыць аб тым, што Ваша свабодная і некрывадушная творчасць прысвечана пошуку ісціны і абароне богадарованай чалавечай годнасці.

Малітоўна жадаю Вам добрага здароўя і новых творчых поспехаў. Гасподзь хай абновіць Вашы сілы для далейшага служэння людзям".

З прысуджэннем прэміі Святлану Алексіевіч павіншавала таксама праваслаўнае  Брацтва у гонар Віленскіх мучанікаў, у якім адзначана:

"Творчасць Святланы Алексіевіч мы ўспрымаем як высокае служэнне людзям у духу праўдзівасці і сумлення.

У адным са сваіх інтэрв’ю пісьменніца сфармулявала мэту сваёй творчасці як імкненне спрыяць умацаванню чалавечага духу. Сучасны свет пастаянна прапануе нам падманныя ідэалы, на кожным кроку — і ў паўсядзённасці, і на глабальным узроўні — выпрацоўваюцца матрыцы, якія вядуць да прыніжэння і патаптання чалавечай годнасці. У такой сітуацыі чалавек нярэдка апынаецца сам-насам перад абліччам здавалася б непераадольнай ілжы і страху. Гэта і ёсць тая пастка, якою імкнецца вораг роду людскога скарыць дух чалавечы.

Творчасць Святланы Алексіевіч заклікае чалавека ўзняцца духам, паўстаць унутры самога сябе супраць падману і зла, і праз гэта адчуць сваю глыбінную еднасць з усімі людзьмі добрай волі і ўбачыць тое святло, да якога мы ўсе пакліканы. І ў гэтым усе мы павінны быць суработнікамі — аднадумнымі і адзінадушнымі!"

Рубрыка: